Марыя Голуб-Бучынская
Марыя Голуб-Бучынская | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Марыя Голуб |
Псэўданімы | Сястрыца, Прыхільніца, Hałubka, Niawieryskaja |
Нарадзіўся | 1893 Вёска Няверышкі, Віленскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 1939 Прага, Чэхаславаччына |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | Літаратарка, перакладніца, лекарка |
Гады творчасьці | 1926-1939 |
Мова | Беларуская |
Марыя Голуб-Бучынская (6 лістапада 1893, вёска Няверышкі (Невярышкі), Віленскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя - 1 чэрвеня 1939, Прага, Чэхаславаччына) - беларуская літаратарка, паэтка і асьветніца.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Год нараджэньня Марыі Голуб прыблізны - лічыцца, што яна нарадзілася каля 1893 году[1].
У 1913 годзе жыла і настаўнічала ў Варшаве, дзе пазнаёмілася з Зоськай Верас[2].
У 1914 годзе разам з маці, сястрой і братам пераехала ў Петраград. Працавала ў польскай школе.
З 1920-ых гадоў жыла ў Празе, дзе навучалася на доктарку. У 1925 годзе выйшла замуж, зьмяніўшы прозьвішча на падвойнае: Голуб-Бучынская.
Як лекарка займалася пытаньнямі санітарыі і гігіены, лячэньнем і прафіляктыкай сухотаў. Працавала ў санаторы Альбэртынум (Жамбэрк, Чэхаславаччына).
У верасьні 1939 году ў Празе, перажываючы пачатак Другой сусьветнай вайны, скончыла жыцьцё самагубствам[3], (так пісала Ларыса Геніюш у сваёй «Споведзі»). На самой справе, згодна мэтрычным запісам, знойдзеным у 2022 годзе, памерла 1 чэрвеня 1939 году, нечакана ў ночы ў сваёй кватэры (спазма дыхальных шляхоў)[4].
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас працы ў Пецярбургу была актыўнай удзельніцай Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту.
Мастацкія творы Марыі Голуб-Бучынскай адрасаваныя пераважна дзецям. У 1926-1927 гг. яна была самай актыўнай аўтаркай дзіцячага дадатку «Зорка» ў віленскай газэце «Biełaruskaja Krynica». Друкавала пад псэўданімамі Niawieryskaja i Hałubka, а таксама крыптанімамі N-ja i H-ka вершы і апавяданьні - як свае ўласныя, так і перакладзеныя з чэскай, украінскай і сэрбскай моваў.
У суаўтарстве з З. Верас выдала ў 1927 кнігу «Садок для нашых дзетак», куды ўвайшлі вершы, апавяданьні і круцігалоўкі[5].
Для дарослых пісала артыкулы і брашуры на тэму здароўя, гігіены, таксама фізычнага выхаваньня.
Таксама перакладала мастацкія творы, якія друкавала ў выданьнях «Жаноцкая справа», «Шлях моладзі» і «Biełaruskaja Krynica»[6].
Працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]● Алькаголь і барацьба з ім, Вільня, 1926.
● Садок для нашых дзетак, Вільня, 1927.
● Што такое сухоты (тубэркулёза) і як з імі змагацца?, Вільня, 1932.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / уклад., камент. А. Данільчык, В. Жыбуля. - Мінск: Кнігазбор, 2017, С. 285.
- ^ Зоська Верас, Выбраныя творы. Мінск, Беларуская навука, 2015, С. 89.
- ^ Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / уклад., камент. А. Данільчык, В. Жыбуля. - Мінск: Кнігазбор, 2017, С. 285.
- ^ Сяргей Кнырэвіч пра Марыю Галубянку
- ^ Садок для нашых дзетак, Вільня, Выдавецтва «Беларускай Крыніцы», 1927.
- ^ В. Ждановіч, «Як блудзячая зорка, пройдзе вобраз чыйсь...»: Лісты Марыі Голуб // Шляхам гадоў, Мінск, Мастацкая літаратура, 1993.