Марыя Брускіна
Марыя Брускіна | |
Марыя Брускіна перад пакараньнем сьмерцю (на фота — у цэнтры, з фанэрным шчытом на грудзі. На шчыце надпіс на нямецкай і расейскай мовах: «Мы партызаны, якія стралялі па нямецкіх войсках»), 26 кастрычніка 1941 году. | |
Род дзейнасьці | удзельніца менскага падпольля |
---|---|
Дата нараджэньня | 1924 |
Месца нараджэньня | Менск, БССР |
Дата сьмерці | 26 кастрычніка 1941 |
Месца сьмерці | Менск |
Прычына сьмерці | павешаньне[d] |
Занятак | партызанка |
Бацька | Барыс Давыдавіч Брускін |
Маці | Лія Маісееўна Бугакава |
Узнагароды | |
Мары́я Бары́саўна Бру́скіна (1924 — 26 кастрычніка 1941) — удзельніца менскага падпольля падчас Другой сусьветнай вайны, стрыечная пляменьніца скульптара, Народнага мастака СССР Заіра Азгура[1][2]. 14 кастрычніка 1941 году арыштаваная салдатамі 707-й пяхотнай дывізіі вэрмахту й добраахвотнікамі 2-га батальёну паліцэйскай дапаможнай службы (Летува, маёр Антанас Імпулявічус)[3] і павешаная ў Менску разам з двума іншымі падпольшчыкамі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У чэрвені 1941 году М. Б. Брускіна скончыла менскую СШ № 28. Калі ў канцы чэрвеня ў горад увайшлі падразьдзяленьні вэрмахту, у будынку Менскага політэхнічнага інстытуту яны арганізавалі лязарэт для савецкіх ваеннапалонных, Брускіна па заданьні падпольля ўладкавалася ў гэты лязарэт, каб дапамагаць ваеннапалонным бегчы. Яна знайшла фотаапарат, за захоўваньне якога акупанты расстрэльвалі. З дапамогай фотаапарату вырабляліся дакумэнты для салдатаў і афіцэраў. Акрамя таго, Брускіна праз падпольшчыка Кірыла Труса распаўсюджвала зводкі Інфармбюро пра становішча на франтах.
У кастрычніку 1941 году былі арганізаваныя ўцёкі групы ваеннапалонных. Аднак ім не атрымалася бегчы; пры выхадзе зь Менску яны былі схопленыя паліцыянтамі. Частка групы была расстраляная, а адзін з уцекачоў выдаў на допыце М. Брускіну й яе таварышаў. Здрадніка звалі Барыс Рудзянко. Ён быў завэрбаваны супрацоўнікам «АНСТ-Менск» (орган абвэру) белаэмігрантам фон Якобі[4]. 16 траўня 1951 году Барыс Міхайлавіч Рудзянко (1913 году нараджэньня, нарадзіўся ў пас. Товен Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці, беларус) быў асуджаны за здраду Радзіме паводле артыкула 63-2 УК БССР да найвышэйшай меры пакараньня — расстрэлу[5].
26 кастрычніка 1941 году Марыя Брускіна й ейныя таварышы па падпольлі Кірыла Трус і Ўладлен Шчарбацэвіч былі павешаныя на арцы брамы дражджавога заводу ў Менску. Пакараньне сьмерцю зьдзейсьнілі добраахвотнікі 2-го батальёна паліцэйскай дапаможнай службы зь Летувы (маёр Антанас Імпулявічус). Усё пакараньне сьмерцю было зьнятае фатографам.
У гады акупацыі ў Менску існавала фотамайстэрня фольксдойчу Барыса Вэрнэра, у якой немцы выяўлялі й друкавалі свае здымкі. У гэтай майстэрні з чэрвеня 1941 году па 1944 год працаваў Аляксей Сяргеевіч Казлоўскі. Прыблізна ў лістападзе 1941 году ў ягоныя рукі трапіла для апрацоўкі плёнка, на якой было зьнятае пакараньне сьмерцю, зробленае 26 кастрычніка. Ён зрабіў здымкі для гаспадара й, акрамя таго, дублікаты здымкаў, якія схаваў у склепе ў бляшаным слоіку з-пад авіяцыйнай рулённай плёнкі. За гады акупацыі Менску яму атрымалася сабраць 287 фатаграфіяў. Усе гэтыя здымкі былі перададзеныя А. С. Казлоўскім органам савецкай улады пасьля вызваленьня Менску.
Пасьля вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фатаздымкі дзяўчыны і двух ейных таварышаў увайшлі ў шматлікія кнігі пра нямецка-савецкую вайну. Яны фігуравалі на Нюрнбэрскім працэсе ў якасьці дакумэнтаў абвінавачваньня нацысцкіх злачынцаў. Яны таксама экспануюцца ў Менскім музэі гісторыі нямецка-савецкай вайны.
Мужчыну з фатаздымку атрымалася апазнаць хутка: ім апынуўся Кірыла Іванавіч Трус (Трусаў) — працоўны аднаго зь Менскіх заводаў. Уладлена (Валодзю) Шчарбацэвіч — 16-гадовага сына культпрацаўніка 3-й гарадзкой лякарні Менску Вольгі Фёдараўны Шчарбацэвіч, апазналі ў сярэдзіне 1960-х гадоў дзякуючы высілкам дасьледчыкаў 30-й Менскай сярэдняй школы. Імя дзяўчыны ўпершыню было названае ў 1968 годзе.
Першымі публікацыямі пра Машу Брускіну стала сэрыя артыкулаў Уладзімера Фрэйдзіна ў газэце «Вечерний Минск» 19, 23 і 24 красавіка 1968 году пад назвай «Они не стали на колени» («Яны ня ўсталі на калені») і артыкул Леў Аркадзьеў «Бессмертие» («Бесьсьмяротнасьць») у газэце «Труд» 24 красавіка 1968 году[6]. Аднак рэакцыя афіцыйных інстанцыяў на ідэнтыфікацыю дзяўчыны была адмоўнай. Як піша гісторык Якаў Басін, пасьля разрыву дыпляматычных адносінаў паміж СССР і Ізраілем з-за Шасьцідзённай вайны ў краіне пачалося ўзмацненьне антысэміцкіх настрояў, і ідэнтыфікацыя гераіні падпольля як жыдоўкі апынулася супярэчнай ідэалягічнай пазыцыі ўлады. Журналісты Ўладзімер Фрэйдзін і Ада Дзіхцяр, якія займаліся зборам матэрыялаў для выяўленьня асобы М. Брускінай, былі змушаныя зьмяніць працу[7].
Афіцыйнага прызнаньня не было, але дыскусія працягвалася. У яе былі зацягнутыя навукоўцы, крыміналісты, журналісты й грамадзкія дзеячы. Публічнае абмеркаваньне пытаньня аднавілася ў 1985 годзе з выхадам дакумэнтальнае аповесьці Ільва Аркадзьева і Ады Дзіхцяр «Невядомая»[6][8].
Шэраг гісторыкаў (напрыклад, загадчык аддзелу ваеннай гісторыі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук доктар гістарычных навук Аляксей Літвін) настойвалі, што дакумэнты й сьведчаньні не дазваляюць зрабіць адназначную выснову, што дзяўчына на фатаздымках менавіта Марыя Брускіна[9]. Іншыя (напрыклад, доктар гістарычных навук, прафэсар Эмануіл Ёфэ) настойвалі на тым, што ідэнтыфікацыя зробленая карэктна[10].
У 1997 годзе Мэмарыяльны музэй Галакосту ЗША прысудзіў выпускніцы 28-й Менскай школы Марыі Барысаўне Брускінай Мэдаль Супраціву з наступнай фармулёўкай:
Машы Брускінай. Прысуджаны пасьмяротна ў памяць пра яе мужную барацьбу са злом нацызму й устойлівасьць у момант апошняга выпрабаваньня. Мы заўсёды будзем памятаць і паважаць яе. | ||
21 кастрычніка 1997 году на ўрачыстай цырымоніі ў Мэмарыяльным музэі Галакосту два такія мэдалі былі ўручаныя Льву Аркадзьеву й Адзе Дзіхцяр[11].
Кенатаф М. Б. Брускінай быў усталяваны ў Маскве на Данскіх могілках побач зь нішай, дзе месьціцца урна з прахам ейнага бацькі Б. Д. Брускіна.
Афіцыйнае прызнаньне ў Беларусі адбылося ў лютым 2008 году, калі мэмарыяльная дошка на месцы пакараньня сьмерцю была замененая, і на ёй зьявілася імя Марыі Брускінай.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У СССР і ў Беларусі памяць Марыі Брускінай не была ўшанаваная да лютага 2008 году. На ўсе звароты з прыкладаньнем дакумэнтальных сьведчаньняў ішлі стандартныя адпіскі з усіх ведамстваў, што асоба дзяўчыны не пацьверджаная[10].
- 7 траўня 2006 усталяваны помнік у Ізраілі ў Кфар ха-Ярок.
- 29 кастрычніка 2007 у Ерусаліме адбылася афіцыйная цырымонія прысваеньня адной з вуліцаў імя Машы Брускінай.
- Новы памятны знак быў адкрыты 1 ліпеня 2009 на прахадной Менскага дражджавога заводу на месцы пакараньня сьмерцю Брускінай і ейных таварышаў.
- Рэжысэр-дакумэнталіст Анатоль Алай зьняў на кінастудыі «Беларусьфільм» першы фільм «Бумэранг» з задуманай дылёгіі пра пакараньне сьмерцю 26 кастрычніка 1941 году менскіх барацьбітоў з нацызмам. Такую назву фільм атрымаў таму, што ў 1977 годзе на выстаўцы «Злачынства вэрмахту. 1941—1944 гг.» у Мюнхэне адна з наведвальніцаў Анэгрыт Айгёрн на фота, дзе нямецкі афіцэр накідвае пятлю на шыю Машы Брускінай, пазнала сярод забойцаў свайго бацьку Карла Шайдэмана, не змагла жыць з гэтым грузам і скончыла жыцьцё самагубствам[12][13].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Она не могла согласиться на рабство
- ^ Азгур Заир Исаакович / Популярная художественная энциклопедия. Под ред. Полевого В. М.; М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1986.
- ^ Nechama Tec, Daniel Weiss. «A Historical Injustice: The Case of Masha Bruskina». Holocaust and Genocide Studies 11:3 (1997), p. 366—377. Online abstract
- ^ Минск: арена тайной войны
- ^ Справка КГБ по материалам архивного уголовного дела на Б. М. Рудзянко
- ^ а б Краткая библиография по проблеме идентификации личности «Неизвестной», казненной в Минске 26 октября 1941 г.
- ^ Сборник «Известная Неизвестная». От составителя
- ^ Л. Аркадьев, А. Дихтярь. Неизвестная. Документальная повесть
- ^ На мемориальной доске на проходной Минского дрожжевого завода увековечено имя подпольщицы Маши Брускиной
- ^ а б Подвиг с петлей на шее
- ^ Лев Аркадьев. Верните имя «Неизвестной». «Труд», 20 июня 1998
- ^ Н. Кривец. Мой отец — военный преступник
- ^ Алексей Зимин Казнь Маши Брускиной 09.04.2012
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Известная «Неизвестная». Сборник материалов. Сост. и ред. Басин, Яков Зиновьевич. Мн., 2007. — 138 с.
- Уроки Холокоста: история и современность. «Дело Маши Брускиной» / Сост. и ред. — Я. З. Басин. — Мн.: Ковчег, 2009. — Т. 2. — 216 с — ISBN 978-985-6756-99-6
- Nechama Tec, Daniel Weiss. «A Historical Injustice: The Case of Masha Bruskina». Holocaust and Genocide Studies 11:3 (1997), p. 366—377. Online abstract (анг.)
- Cholawski, Shalom. «Minsk», in Encyclopaedia of the Holocaust vol. 3, p. 975. Captioned photograph of Masza Bruskina’s hanging. (анг.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Марыя Брускіна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў