Малагасійская мова
Малагасійская мова | |
Malagasy | |
Ужываецца ў | Мадагаскары, Маёце, на Каморскіх астравох |
---|---|
Рэгіён | паўднёва-ўсходняя акваторыя Індыйскага акіяну |
Колькасьць карыстальнікаў | |
Клясыфікацыя | Аўстранэзійская сям'я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Мадагаскары |
Пісьмо | лацінскае пісьмо і Sorabe alphabet[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | mg |
ISO 639-2(Б) | mlg |
ISO 639-2(Т) | mlg |
ISO 639-3 | mlg |
Малагасі́йская мова (таксама мальга́ская; саманазва: Malagasy, вымаўл. [ˌmalaˈɡasʲ]) — адна з моваў малайска-палінэзійскае падсям'і аўстранэзійскае сям'і моваў, распаўсюджаная на востраве Мадагаскар, а таксама на Каморскіх астравох і востраве Маёта. Адна зь дзяржаўных моваў Мадагаскару (побач з францускай) і родная мова большасьці насельніцтва краіны, распаўсюджаная таксама ў малагасійскай дыяспары. Колькасьць носьбітаў паводле зьвестак на 2007 год — прыблізна 18 млн чал.[2]
Клясыфікацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Малагасійская мова зь лінгвістычнага пункту гледжаньня ня мае дачыненнья да моваў геаграфічна блізкай Афрыкі. Мова належыць да малайска-палінэзійскай падсям'і аўстранэзійскай моўнай сям'і, мовы якой распаўсюджаныя галоўным чынам у Паўднёва-Ўсходняй Азіі ды Акіяніі. Тым ня менш, у выніку гістарычнай міграцыі носьбітаў малагасійскай мовы гэтая мова распаўсюджаная значна на захад ад астатніх аўстранэзійскіх моваў, праз што такім чынам зьяўляецца найбольш заходняй мовай гэтае сям'і.
Лінгвістычная адасобленасьць малагасійскае мовы ад моваў Афрыкі была заўважаная яшчэ ў 1708 годзе нідэрляндзкім дасьледчыкам Адрыянам Рэляндам. Мова зьвязаная зь іншымі аўстранэзійскімі мовамі, маючы найшчыльнейшыя сувязі з малайска-палінэзійскімі мовамі (Інданэзія, Малайзія, Філіпіны) і, асабліва, паўднёваўсходнімі барыта мовамі, распаўсюджанымі на востраве Калімантан (аднак мае некаторыя марфафанэмічныя выключэньні)[3]. На думку брытанскага лінгвіста Робэрта Блэнча найранейшая форма малагасійскай мовы магла мець некаторую дзелю не-аўстранэзійскага субстрату[4].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку шэрагу дасьледчыкаў Мадагаскар быў упершыню заселены аўстранэзійскім насельніцтвам, якое прыбыло на востраў з Паўднёваўсходняй Азіі праз востраў Калімантан[5], гэтая міграцыя працягвалася цягам усяго першага тысячагодзьдзя. Паходжаньне малагасійцаў з Паўднёваўсходняй Азіі і прыналежнасьць іх мовы да аўстранэзійскай сям'і была пацьверджаная шэрагам лінгвістычных дасьледаваньняў, якія паказалі наяўнасьць сувязі між малагасійскай і старажытнамалайскай ды старажытнаяванскай мовамі[6][7]. Існуюць меркаваньні, што першыя носьбіты малагасійскіх дыялектаў прыбылі на паўднёва-ўсходні ўчастак узьбярэжжа Мадагаскару[8].
Малагасійская мова здаўна мела параўнальна глыбокія традыцыі вуснай народнай творчасьці, серад якой вылучаецца народны эпас пад назваю Ібонія, у якім апавядаецца пра ўчынкі народнага героя Мадагаскару[9].
Геаграфія і статус
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Малагасійская мова зьяўляецца моваю большасьці насельніцтва на востраве Мадагаскар. Носьбіты мовы таксама пражываюць на суседніх астравох і выспах Індыйскага акіяну, такіх як Каморскія астравы, Маёта і Рэюньён.
Мова таксама распаўсюджаная ў асяродзьдзі малагасійскай дыяспары, якая найбольш прадстаўленая ў франкамоўных краінах і рэгіёнах з прычыны колішняга ўваходжаньня Мадагаскару ў склад каляніяльных уладаньняў Францыі і, адпаведна, вызначанага ўспрыманьня малагасійцамі францускай мовы. Так, носьбіты мовы пражываюць уласна ў Францыі, Канадзе (правінцыя Квэбэк) і Бэльгіі. Існуюць малагасійскія супольнасьці ў іншых краінах (напрыклад, ЗША).
Малагасійская мова мае дзяржаўны статус у Мадагаскары нароўні з францускай мовай, да 2010 году яна была афіцыйнай разам з францускай і ангельскай мовамі. Малагасійская зьяўляецца моваю навучаньня па ўсіх прадметах ў малодшай школе і застаецца мовай выкладаньня гісторыі ды малагасійскай мовы ў сярэдняй.
Дыялекталёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуе дзьве галоўныя дыялектныя групы малагасійскай мовы, усходняя й заходняя. Усходнія дыялекты распаўсюджаныя на цэнтральным плято востраву і на поўначы (апроч самай канцавіны), заходнія — на поўдні краіны. Ізаглёса, якая падзяляе абедзьве дыялектныя групы, праходзіць горным хрыбтом, які месьціцца ў цэнтральнай частцы Мадагаскару. Да ўсходніх дыялектаў належыць дыялект мэрына, на якім засноўваецца літаратурны стандарт мовы. Усе астатнія дыялекты маюць прыкладна 70% лексычных супадзеньняў з дыялектам мэрына.
Два асноўныя дыялекты малагасійскай мовы адрозьніваюцца адна ад адной галоўным чынам паводле некалькіх трывалых фаналягічных крытэраў (далей — на прыкладзе дыялекту мэрына і дыялекту сакалава, які належыць да заходніх). Гэтыя супрацьпастаўленьні ўзьніклі яшчэ ў мове продкаў малагасійцаў падчас іх пражываньня на Калімантане.
1. Страта ў дыялекце сакалава насавых зычных у фінальнай пазыцыі, у дыялекце мэрына — даданьне ў гэтай пазыцыі глухога [ə̥]:
- *taŋan («рука») → сак. [ˈtaŋa], мэр. [ˈtananə̥]
2. Фінальнае *t перайшло ў -[tse] ў сакалава і ў -[ʈʂə̥] у мэрына:
- *kulit («скура») → сак. [ˈhulitse], мэр. [ˈhudiʈʂə̥]
3. Захаваньне ў сакалава першапачатковага *li ды *ti, у той час як у мэрына яны перайшлі ў [di] або [tsi]:
Пісьмовасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як мяркуецца, пісьмовая традыцыя мовы ўзыходзіць да XV ст. З заснаваньнем французамі на поўдні востраву паселішча Форт-Дофін, што адбылося ў XVII ст., імі былі знойдзеныя ўзоры выкарыстаньня арабскай пісьмовасьці для мовы, якое было вядомае як сурабэ (літ. «вялікае пісьмо»). Гэтая пісьмовасьць засноўвалася на асаблівым падвідзе арабскай графікі — аджамі, якая раней выкарыстоўвалася для запісу некаторых моваў Афрыкі; яна прымянялася ў астралягічных і магічных мэтах. Найстарэйшым рукапісам гэтым пісьмом зьяўляецца малагасійска-галяндзкі слоўнік XVII ст., які быў апублікаваны толькі ў 1908 годзе[10]. Тым ня менш, як мяркуюць дасьледчыкі, гэтая пісьмовасьць была ўведзеная ва ўжытак на паўднёва-ўсходняй частцы востраву яшчэ ў XV ст.[11] Першым апублікаваным слоўнікам стаў малагасійска-францускі слоўнік, які быў выдадзены францускім губэрнатарам Мадагаскару Эт'енам дэ Флякурам, ім жа былі апублікаваныя першыя дзьвюхмоўныя рэлігійныя тэксты.
У 1823 мадагаскарскі манарх Радама І аддаў перавагу лацінскаму альфабэту і запрасіў прадстаўнікоў Лёнданскага пратэстанцкага місіянэрскага таварыства з просьбай аб заснаваньні школаў і цэркваў. У 1835 годзе брытанскімі місіянэрамі была выдадзеная Біблія па-малагасійску лацінскім альфабэтам, гэтая кніга стала першай малагасійскай кнігай на лацініцы.
Сучасны склад альфабэту параўнальна кароткі і зьмяшчае 21 літару:
- a, b, d, e, f, g, h, i, j, k, l, m, n, o, p, r, s, t, v, y, z
Артаграфія мовы збольшага грунтуецца на фанэтычным крытэры. Існуе некалькі асаблівасьцяў: напрыклад, гук /i/ пазначаецца дзьвюма літарамі — i ды y, апошняя выкарыстоўваецца для пазначэньня гэтага гуку толькі ў канцы словаў; гук /u/ пазначаецца літараю о; спалучэньні tr, dr служаць для пазначэньня афрыкатаў /ʈʂ/ ды /ɖʐ/ адпаведна; афрыкаты /ts/ ды /dz/ пазначаюцца спалучэньнем ts і літарай j. Спалучэньні mp, nt у выпадку іх знаходжаньня ў пачатку слова ўказваюць гукі /p, t/ адпаведна. Астатнія літары ў цэлым адпавядаюць падобным сымбалям у міжнародным фанэтычным альфабэце.
Дыякрытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Малагасійскі лацінскі альфабэт мае дыякрытычныя знакі. Яны, аднак, не зьяўляюцца абавязковымі і могуць выкарыстоўваюцца ў наступных выпадках:
- ` (гравіс) — адлюстроўвае націскны склад у слове. Ён часта ўжываецца для прыбраньня неадназначнасьці ў словах, якія маюць аднолькавы гукавы склад, але розны націск і сэнс: напрыклад, tanàna («мястэчка») і tanana («рука»). Як бачна, гравіс мае толькі адно слова — гэта значыць, гравіс дадаецца толькі ў словы, дзе націск не адпавядае звычайным правілам вымаўленьня. Выкарыстаньне гравіса ў словах са звыклым націскам сустракаецца ў асноўным толькі ў слоўніках;
- ´ (акут) — выкарыстоўваецца досыць рэдка: як састарэлы аналяг гравіса, у дыялектах або пры напісаньні францускіх уласных назваў;
- ^ (цыркумфлекс) — выкарыстоўваецца пры напісаньні над літарай о (то бок ô), паказваючы яе вымаўленьне як /o/, а не /u/ (гл. вышэй); таксама ў дыялектах. Літаратурная форма мовы прымяняе спалучэньні ao або oa;
- ¨ (трэма) — ужываецца ў дыялектным напісаньні назваў з гукам /ŋ/, таксама — нацыянальным інстытутам геадэзіі й картаграфіі краіны;
- ~ (тыльда) — выкарыстоўваецца пры немажлівасьці напісаньня літары n̈ (гл. вышэй; хоць можа выкарыстоўвацца й спалучэньне ng). У слоўніку дыялекту бара паводле Эліса гэтая літара прымяняецца для адлюстраваньня гукаў /ŋ/ ды /ɲ/.
Параўнаньне арабскага й лацінскага альфабэтаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адпавяданьне арабскіх сымбаляў малагасійскай пісьмовасьці сучасным літарам і спалучэньням у лацінскім малагасійскім альфабэце.
ـَ | ب | د | ـِ | ف | غ | ه | ـِ | ج | ك | ل | م | ن | ـُ | ڡ | ر | س | ط | و | ‹ي› na ‹ز› | ع | ‹ڊ› na ‹رّ› | ‹̣ط› na ‹رّ› | ت | ڡّ | طّ | ـَيْ | ـَوْ | ـُوً | ـُيْ | ‹ـِيَا› na ‹ـِيْا› | ـِوْ | ـِيْ |
a | b | d | e | f | g, ng | h | i, y | j | k | l | m | n | o | p | r | s | t | v | z | n̈ | dr | tr | ts | mp | nt | ai | ao | oa | oi | ia, ea | io, eo | ie |
Лінгвістычныя рысы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фаналёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для гукавага ладу характэрнае строгае чаргаваньне зычных і галосных. Большасьць (каля 90%) каранёвых словаў пачынаюцца на зычны гук, але ім жа слова сканчвацца ня можа[12].
- Галосныя:
Інвэнтар галосных гукаў параўнальна невялікі. Тым ня менш, адзначаюцца й дыфтонгі. Тлустым шрыфтам — рэалізацыя фанэмы на пісьме.
Пярэдняга шэрагу |
Сярэдняга шэрагу |
Задняга шэрагу | |
---|---|---|---|
Верхняга ўздыму |
i, y /i/ |
o /u/ | |
Сярэдняга ўздыму |
e /e/ |
(ô /o/) | |
Ніжняга ўздыму |
a /a/ |
Пасьля націскнога складу, як і ў канцы большасьці словаў і ў двух фінальных складох, фанэмы /a, u, i/ зьведваюць рэдукцыю ў [ə, ʷ, ʲ]. У такіх выпадках /i/ запісваецца як 〈y〉, хоць у аднаскладовых словах тыпу ny і vy літара 〈y〉 пазначае поўную фанэму [i]. Фінальнае /a/ і, часам, фінальныя склады аглушаюцца ў канцы выказваньня. Фанэмы /e/, /o/ ніколі не зазнаюць рэдукцыю або аглушэньне.
Фанэма /o/ зьяўляецца вельмі рэдкай для дыялекту мэрына і адшукваецца толькі ў воклічах, запазычаньнях і назвах з тэрыторыяў, дзе распаўсюджаныя іншыя дыялекты.
Аасаблівы характар маюць /ai, au/. У пільным маўленьні яны рэалізоўваюцца як дыфтонгі [ai̯, au̯], у больш беглым — як [e, o]. /ai/ у залежнасьці ад свайго вымаўленьня ўплывае на наступныя гукі /k, ɡ/.
- Зычныя:
Побач з азначэньнем паводле IPA прыведзенае артаграфічнае пазначэньне. Інвэнтар зычных гукаў у малагасійскай мове даволі багаты ў параўнаньні з шматлікімі мовамі іншых моўных сем'яў.
Білябіяльныя | Лябіядэнтальныя | Зубныя | Альвэалярныя | Рэтрафлексныя | Вэлярныя | Глётальныя | ||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Насавыя | m m | n n | ŋ n̈ | |||||
Выбухныя або афрыкаты |
глухія | p p | t t | ts ts | ʈʳ tr | k k | ||
глухія прэназалізаваныя | mp mp | nt nt | nts nts | ɳʈʳ ntr | ŋk nk | |||
звонкія | b b | d d | dz j | ɖʳ dr | ɡ g | |||
звонкія прэназалізаваныя | mb mb | nd nd | ndz nj | ɳɖʳ ndr | ŋɡ ng | |||
Фрыкатывы | глухія | f f | s s | h h | ||||
звонкія | v v | z z | ||||||
Лятэральныя | l l | |||||||
Дрыжачыя | r r |
Альвэалярныя /s ts z dz l/ рэалізоўваюцца як крыху паляталізаваныя. /ts, dz, s, z/ адзначаюцца варыятыўнасьцю і могуць рэалізоўвацца як [tʃ, dʒ, ʃ, ʒ] (то бок, як шыпячыя замест сьвісьцячых), асабліва ў пазыцыі пасьля ненаціскнога /i/. Вэлярныя /k ɡ ŋk ŋɡ h/ зазнаюць паляталізацыю пасьля /i/ (пры гэтым на пісьме гэта толькі падразумяваецца: зычны пазначаецца быццам бы як непаляталізаваны, але наяўнасьць папярэдняга i указвае на яго паляталізаваны характар — напрыклад, alika («сабака») вымаўляецца як /alikʲa/). /h/ часта апускаецца ў беглым маўленьні.
Постальвэалярныя зычныя, якія маюць сьляды дрыжачага вымаўленьня (/ʈʳ ɳʈʳ ɖʳ ɳɖʳ/) часам рэалізоўваюцца як простыя выбухныя ([ʈ ɳʈ ɖ ɳɖ]), аднак часта набываюць ратычны характар у вымаўленьні ([ʈɽ̝̊ ɳʈɽ̝̊ ɖɽ̝ ɳɖɽ̝]). Іх характар як дрыжачых або проста не-сыбілянтных афрыкатаў пакуль няясны. Тым ня менш, у іншай аўстранэзійскай мове, фіджыйскай, дрыжачы зычны зьяўляецца рэдка і часьцей рэалізоўваецца як постальвэалярны[13].
У рэдуплікацыі (падваеньне слова), а таксама ў злучаных, прыналежных і дзеяслоўных канструкцыях, пасьля насавых, фрыкатываў і сьпірантаў зычныя становяцца выбухнымі (такім чынам, гэтая зьява паказвае наяўнасьць у малагасійскай фаналёгіі сандгі):
звонкія | глухія | ||
---|---|---|---|
сьпіранты | выбухныя | сьпіранты | выбухныя |
v | b | f | p |
l | d | ||
z | dz | s | ts |
r | ɖʳ (ɖʐ) | ||
h | k |
- Прасодыя:
Націск у мове ў асноўным дынамічны, з элемэнтамі колькаснага націску. У складаных словах націск прыпадае на перадапошні склад. Тым ня менш, калі слова сканчваецца на склады ka, tra, (часьцей) na, націск фіксуецца на трэцім ад канца складзе. У вытворных і запазычаных словах націск гэтым правілам не падпарадкоўваецца (напр., ôperà). У шматлікіх дыялектах ненаціскныя галосныя (акрамя /e/) зьяўляюцца аглушанымі, а ў некаторых выпадках нават амаль цалкам рэдукаванымі (напрыклад, слова fanorona вымаўляецца як [fə̥ˈnurnə̥]).
Граматыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Парадак словаў:
Малагасійскі сказ будуецца паводле схемы VOS (выказьнік-дапаўненьне-дзейнік). Напрыклад:
- Mamaky boky ny mpianatra
- «Вучань чытае кнігу», літаральна — чытае кнігу вучань;
- Nividy ronono ho an'ny zaza ny vehivavy
- «Жанчына купіла малако для дзіцяці», літаральна — купіла малако для дзіцяці жанчына.
Азначэньне звычайна стаіць перад словам, што азначаецца. Азначэньне можа паўтарацца й пасьля слова, якое яно азначае (напр., ity boky ity — «гэтая кніга», літаральна гэтая кніга гэтая).
- Дзеяслоў:
Дзеяслоў адзначаецца ўласьцівасьцю выконваць ролю агенсу, пацыенсу і мэтавага выкананьня. Дзеяслоў зьмяняецца паводле часу (мінулы, цяперашні, будучы), пры гэтым часавыя паказчыкі маркіруюцца прыстаўкамі (напр., mividy «купляю», nividy «купляў», hividy «купляцьмем»).
- Назоўнік, займеньнік:
Назоўнікі не зьмяняюцца ні паводле роду, ні паводле колькасьці. Займеньнікі, аднак, маюць формы адзіночнага й множнага ліку (напр., io boky io — «гэтая кніга», ireto boky ireto — «гэтыя кнігі»). Займеньнікі таксама падзяляюцца на асабовыя й указальныя ў залежнасьці ад веданьня характару апавядальніка і яго блізкасьці да суразмоўцы.
Лексыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікая частка лексыкі малагасійскае мовы мае паралелі з адной з аўстранэзійскіх моваў — моваю мааньян, распаўсюджанай на паўднёвым усходзе востраву Калімантан[5]. Маюцца запазычаньні з арабскай мовы (як вынік шчыльных культурных і гандлёвых кантактаў) і моваў банту (асабліва з моваў галіны сабакі), распаўсюджаных у Афрыцы. Серад іншых запазычаньняў — лексыка францускага (як з мовы былой улады) і ангельскага (з маўленьня піратаў, якія мелі базы на востраве) паходжаньня.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Nationalencyklopedin (шв.) — 1999.
- ^ Nationalencyklopedin. Världens 100 största språk 2007. — Nationalencyklopedin.
- ^ Wittmann, Henri. 807-10 // Le caractère génétiquement composite des changements phonétiques du malgache. — Proceedings of the International Congress of Phonetic Sciences. — Mouton: La Haye, 1972. — Т. 7.
- ^ Blench, Roger; Walsh, Martin. The vocabularies of Vazimba and Beosi: Do they represent the languages of the pre-Austronesian populations of Madagascar?. — 2010.
- ^ а б François-X Ricaut. A new deep branch of eurasian mtDNA macrohaplogroup M reveals additional complexity regarding the settlement of Madagascar // BMC Genomics.
- ^ Adelaar K.A. & Himmelmann N. The Austronesian Language of Asia and Madagascar. — Routledge, 2004.
- ^ Pierre R. Simon. La langue des ancêtres: une périodisation du malgache de l'origine au XVème siècle. — L'Harmattan, 2006. — 506 с.
- ^ Serva, Maurizio; Petroni, Filippo; Volchenkov, Dima; Wichmann, Søren. Malagasy Dialects and the Peopling of Madagascar. — 2011.
- ^ Lee Haring. Ibonia: epic of Madagascar. — Bucknell University Press, 1994. — 169 с.
- ^ Ferrand, Gabriel. 61 // Un vocabulaire malgache-hollandais. — Bijdragen tot de taal-, land- en volkenkunde van Nederlandsch Indië. — 1908. — С. 673-677.
- ^ Ferrand, Gabriel. Les migrations musulmanes et juives à Madagascar. — Paris: Revue de l'histoire des religions, 1905.
- ^ Карташова Л. А. Малагасийский язык: Учебное пособие. — М.: Изд-во МГУ, 1992. — ISBN 5-211-02841-4
- ^ Ladefoged, Peter; Maddieson, Ian. The Sounds of the World's Languages. — Oxford: Blackwell, 1996. — С. 131. — ISBN 0-631-19814-8
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аракин В. Д. Мальгашский язык. — Языки зарубежного Востока и Африки. — М.: Издательство восточной литературы, 1963. — 64 с.
- Biddulph, Joseph. An Introduction to Malagasy. — Cymru: Pontypridd, 1997. — ISBN 978-1-897999-15-8
- Hurles, Matthew E., et al. 76 // The Dual Origin of the Malagasy in Island Southeast Asia and East Africa: Evidence from Maternal and Paternal Lineages. — American Journal of Human Genetics. — 2005. — С. 894-901.
- Ricaut et al. A new deep branch of eurasian mtDNA macrohaplogroup M reveals additional complexity regarding the settlement of Madagascar. — BMC Genomics. — 2009.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу] Вікіпэдыя мае вэрсію малагасійскай мовай |