Мал
Мал, часам Ніскіня (?-каля 946) — князь племя драўлянаў з цэнтрам у горадзе Іскарасьцень.
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў з драўлянскага княскага роду, названага пасьля гісторыкамі як Любячаніны. Якімаўскі летапіс паведамляе, што Мал — «князь драўлянскі, сын Ніскінін». Імя Мал ці Ніскіня магло значыць «маленькі, невысокі». Імя было нададзенае ў дзяцінстве, таму неабавязкова, што, вырасшы, ён быў невысокага росту. Існуе думка, што імя Мал роднаснае валійскаму mael («князь, правадыр»), брытонскаму Magli (уласнае імя) ці Ma(e)l-, -mael (частка ўласнага імя), старажытнаірляндзкаму mбl («прынц, князь, пэр, шляхціч»). У такім выпадку «Мал Ніскіня» значыць «князь Ніскіня».
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мал кіраваў племем драўлянаў, якое ад 914 было ў залежнасьці ад Кіева. Магчыма, што сярод мясцовае старэйшыны існавала ідэя здабыцьця незалежнасьці. У 945 кіеўскі князь Ігар, ужо сабраўшы даніну з драўлянаў, вырашыў спагнаць яе шчэ раз, але неразважліва пакінуў асноўную частку свайго войска ў Кіеве. Гэта паслужыла непасрэднай прычынай да паўстаньня, якое й узначаліў Мал. Войска Ігара было разьбітае, а самога яго прывязалі да дзьвюх бярозаў, якія выпраміўшыся разарвалі яго на дзьве часткі. Ігара, паводле звычаю, пахавалі з усімі пашанамі, а над ягонай магілай насыпалі курган. Суседняе ж сяло назвалі ў гонар гэтага Магільна (цяпер Палескае).
Паводле «Аповесьці мінулых гадоў» драўляне паспрабавалі ажаніць Мала з удавой Ігара Вольгай, але ўсе паслы былі забітыя, а сама Вольга жорстка расправілася з забойцамі мужа. Іскарасьцень быў спалены, а драўлянскія старэйшыны былі забраныя ў палон. Магчыма, сярод іх быў і Мал. Магчыма ў гонар яго быў названы горад Малін у сучаснай Жытомірскай вобласьці Ўкраіны.
Дзеці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыкі лічаць, што дзецьмі Мала маглі быць Малуша, ключніца княгіні Вольгі й маці князя Ўладзімера, і Дабрыня. Яны займалі становішча прыдворнай чэлядзі пры Вользе і Сьвятаславе, але затым змаглі дасягнуць значных вышынь у дзяржаўным кіраваньні. Дабрыня стаў намесьнікам у Ноўгарадзе, куды неўзабаве быў адпраўлены і Ўладзімер з Малушай. Летапіс называе бацькам Малушы Малка Любчаніна. У былінах Дабрыня носіць імя па бацьку Мікіціч і славіцца «вяскоўцам».