Перайсьці да зьместу

Макітра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Малая макітра
Вялікая макітра

Макі́тра, макацёр, мако́тра (па-расейску: макитра, макотерть, па-ўкраінску: макітра) — усходнеславянскі шырокі гліняны конусападобны гаршчок з шурпатай унутранай паверхняй, прызначаны для пераціраньня насеньня маку, канопляў ці льну макагонам. Беларусы і ўкраінцы часта карысталіся макітрай для замешваньня хлебнага цеста, гатаваньня ежы ў печы.

Слова «макітра» паходзіць, відавочна, ад спалучэньня словаў «мак» і «церці».

Ад іншых відаў глінянага посуду макітра адрозьніваецца сваёй прыстасаванасьцю да розных задачаў. Гэта адзін з найбольш ужываных відаў глінянага посуду. У гаспадарцы яны былі практычна незаменныя, паколькі мелі шырокую сфэру прымяненьня, моцна зьвязаныя з традыцыйнай кулінарыяй.

Макітры прымянялі для трыманьня вады, квасу, збожжа, квашаньня і саленьня на зіму буракоў, капусты, агуркоў, заленьня бялізны, прыгатаваньня апары, замешваньня цеста, складаньня варэнікаў, грачанікаў, пірагоў ды інш. Малыя (да 6 літраў) макітры, пераважна паліваныя, выкарыстоўвалі для тушаньня і запяканьня мяса, гародніны, гатовых страваў. Большыя за 5 літраў, як паліваныя, так і непаліваныя, галоўным чынам прызначаліся для прыгатаваньня апары і вымешваньня цеста. У другой палове XX стагодзьдзя паліваныя маляваныя макітры, часам з накрыўкамі, выкарыстоўвалі для зьбераганьня і падаваньня на стол варэнікаў, грачанікаў, блінцоў, галубцоў ды інш.

Макітра — гліняны посуд зь вельмі пахіленымі бакавымі сьценкамі, патоўшчанымі і выгнутымі вонку вянцамі. Дзеля зручнасьці пераносу вялікія макітры мелі з процілеглых бакоў два вушкі.

Выраблялі з шэрай або чырвонай гліны з дамешкам пяску і жарствы.

Адною з адменаў макітры ёсьць рынка(d).

Вядомыя па раскопках Віцебску, Менску, Амсьціслава, Ракава, паселішча Сямёнавічы Ўзьдзенскага раёну Менскай вобласьці й інш. Цэлыя макітры пачатку XVII стагодзьдзя выяўленыя на Віцебскім Верхнім замку (вышыня 16 см, дыямэтар донца 17 см, вусьця 21 см, таўшчыня сьценак 1 см, аб’ём 4 л) і ў Крычаве (вышыня 8,5 см, дыямэтар донца 11,5 см, вусьця 13,5 см, аб’ём 1,5 л). Вядомыя паліваныя макітры XVII стагодзьдзя, якія выкарыстоўваліся для заквашваньня цеста й інш.

Упамінаюцца ў беларускіх крыніцах пачатку XVII стагодзьдзя. У традыцыйным побыце беларусаў захоўваліся да пачатку XX стагодзьдзя.

Ва Ўкраіне мак для раствянай куцьці звычайна пераціраў мужчына, галава сям’і, чытаючы пры гэтым малітву. У гэтым звычаі макітра азначала жаночы, а макагон — мужчынскі пачатак. Часта перад Раством куплялі новую макітру і макагон.

Існаваў таксама вясельны звычай, зьвязаны з макітраю. Пасьля вясельнага абеду госьці маладога пераапраналіся: старыя ў маладых і наадварот. Макітру напаўнялі пірагамі, упрыгожвалі кветкамі і рознакаляровымі стужкамі ды ўручалі куме. Яна танцавала з макітрай, і ўсе госьці йшлі да бацькоў маладой. Гэта называлася «ідуць зь пірагамі». Танец з макітраю працягваўся на ўсім шляху. Бацькі маладой запрошвалі гасьцей да стала, дзе на бачным месцы сядзела кума з макітраю. Госьці маладой падыходзілі да яе, а яна частавала іх пірагамі. Пасьля абеду госьці вярталіся назад з макітраю, поўнаю пірагоў, якія напякла маці маладой для маладых і сватоў.

«Драную» макітру ці гаршчок разьбівалі на другі дзень вясельля, калі сваты прыходзілі да бацькоў маладой з прэтэнзіяй, што маладая аказалася «нячэснаю».

  • Археалогія Беларусі: Энцыкл. У 2 т. Т. 2: К — Я. — Мн.: БелЭн,  

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Макітра // Українська мала енциклопедія