Ляхавіцкія ручнікі
Ляхавіцкія ручнікі — тып традыцыйных тканых ручнікоў, якія вырабляюцца народнымі майстрамі пераважна ў Ляхавіцкім, а таксама Баранавіцкім, Ганцавіцкім раёнах. Вядомы зь сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя.
Даўжыня ручнікоў 310—400 см, шырыня 26 — 30 см. Ткуць з адбеленага кужалю або белай бавоўны («белька»). Кампазыцыя аздобы ствараецца чаргаваньнем папярочных суцэльных і пункцірных палосак рознай шырыні, якія групуюцца ў шлякі — па канцах шырокія, шчыльныя, да сярэдзіны вузкія, рэдка разьмешчаныя. Узор ствараецца чырвонымі ніткамі зь невялікімі ўкрапінамі чорных, цёмна-сініх, жоўтых. Тэхніка тканьня — шматнітавая, часам закладная. Аздабляюць на канцах мохрыкамі, утворанымі зь нітак асновы, кутасамі, карункамі.
Уласьцівая ляхавіцкім ручнікам калярыстычная гама, кампазыцыі з палос, аздабленьне махрамі і кутасамі назіраюцца ў афармленьні народнага адзеньня, розных відаў мастацкіх тканін гэтай этнаграфічнай зоны. Лепшыя ўзоры ляхавіцкіх ручнікоў зьберагаюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь, Музэі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі, Баранавіцкім краязнаўчым музэі і інш.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. — С. Ляхавіцкія ручнікі. С. 436.
- Фадзеева В. Я. Ручнік // Этнаграфія беларусаў: Энцыклапедыя. — Мінск : БелСЭ, 1989. — С. 435—437.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 4. Ручнік / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ им. Петруся Бровки, 1987. — Т. 4. — 740 с. — 9500 ас.