Лявон Карась
Лявон Карась | |
Дата нараджэньня | 20 лістапада 1923 |
---|---|
Месца нараджэньня |
|
Дата сьмерці | 7 верасьня 1954 (30 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | журналіст |
Месца працы | |
Сябра ў | Саюз беларускай моладзі, Згуртаваньне беларусаў у Вялікай Брытаніі, Згуртаваньне беларускіх камбатантаў[d] і БХАА «Жыцьцё»[d] |
Лявон (Леанід) Карась (20 лістапада 1923, в. Дзямідзенкі, Дзісенскі павет, Віленскае ваяводзтва, цяпер Докшыцкі раён — 7 верасьня 1954, Мюнхэн, Нямеччына) — беларускі журналіст, грамадзкі дзеяч.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Працаваў настаўнікам. У гады 2-й сусьветнай вайны быў адным з кіраўнікоў СБМ. У 1944 годзе выехаў зь Беларусі, жыў у Нямеччыне. У беларускім лягеры ў Міхэльсдорфе працаваў у лягернай ахове і навучаўся ў Беларускай гімназіі імя Я. Купалы. З 1948 году сябра моладзевай арганізацыі «Дванаццатка», разам зь іншымі сябрамі ў тым жа годзе як перамешчаная асоба прыбыў у Вялікабрытанію. Працаваў у вугальных капальнях. Сябра ЗБВБ, Згуртаваньня беларускіх камбатантаў і БХАА «Жыцьцё».
У 1950 годзе выехаў у Бэльгію, атрымаўшы стыпэндыю для навучаньня ў Лёвэнскім унівэрсытэце. Навучаўся на агранамічным факультэце.
Навучаючыся ў бэльгійскім Лювэне на інжынэра, ён даведаўся пра стварэньне беларускай сэкцыі Радыё Вызваленьне (цяпер Радыё Свабода) і выехаў у Мюнхэн, адкуль павінна было распачацца вяшчаньне. Апрача журналісцкіх задаткаў, ён ужо валодаў ангельскай моваю і меў, што для супрацоўніка радыё надзвычай важна, прыемны зычны голас. 20 траўня 1954 беларускія перадачы пайшлі ў этэр. Галоўным «сьпікерам» быў Леанід Карась.
Забіты пры нявысьветленых абставінах, паводле адной з вэрсій, савецкімі агентамі. Цела са сьлядамі катаваньняў знайшлі ў рацэ Ізар. Быў першым журналістам Радыё Свабода, які памёр не сваёй сьмерцю.
«Першага верасьня 1954 году не зьявіўся на працу наш Лявон Карась. Гэта быў вельмі акуратны, пунктуальны супрацоўнік. Тэлефона ў яго не было. Вечарам таго ж дня калегі пайшлі да гаспадыні, дзе Лявон здымаў мэбляваны пакой. Гаспадыня сказала, што яна яго ўжо некалькі дзён ня бачыла. Не прыйшоў ён і на наступны дзень. На трэці дзень наш шэф папрасіў мяне патэлефанаваць у нямецкую паліцыю. У мяне было ўражаньне, што чыноўнік нават не запісаў тое, што мы яму казалі. Ён толькі спытаўся, колькі гадоў нашаму супрацоўніку. Карасю тады было 30. Чыноўнік засьмяяўся і сказаў, што ён, напэўна, загуляў у якой-небудзь дзяўчыны. Але калі ён адчуў, што нам не да жартаў, то папрасіў патэлефанаваць ізноў на пачатку наступнага тыдня, калі Карась да гэтага часу ня зьявіцца.
А 7-га верасьня з паліцыі пазванілі нам. Сказалі, што ў рэчцы Ізар знайшлі труп, і папрасілі зараз жа прыехаць і паглядзець, ці гэта часам ня наш супрацоўнік. Гэта быў наш Лявон Карась. Сьлядоў гвалту відаць не было. Мне паказалі пусты кашалёк, у якім быў толькі маленькі здымак Зоры Савёнак (пазьней Зоры Кіпель) — ягонага вялікага каханьня яшчэ з часоў гімназіі. |
||
—Галіна Руднік, «Птушкі пералётныя» |
Праз тры месяцы ў мюнхэнскай газэце «Зюддойчэ цайтунг» зьявілася маленькая зацемка такога зьместу: «У той час уважалася, што Карась стаўся ахвярай нейкага нешчасьлівага выпадку. Аднак новыя зьвесткі дазваляюць дапускаць, што Карась загінуў у выніку злачынства».
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]16 лістапада 2021 году ў будынку Радыё Свабода адкрылі мэмарыял, прысьвечаны памяці 16 журналістаў радыё, якія былі забітыя або загінулі пры выкананьні сваіх прафэсійных абавязкаў. Сярод іх і імя Лявона Карася[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ На Радыё Свабода адкрылі мэмарыял загінулым журналістам, першая ахвяра была беларуская, Радыё Свабода, 16-11-2021
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 1 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2004.
- Рагуля Б. Беларускае студэнцтва на чужыне. — Лёндан — Нью-Ёрк, 1996.
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
- Нарадзіліся 20 лістапада
- Нарадзіліся ў 1923 годзе
- Нарадзіліся ў Дзісенскім павеце Польскай рэспублікі (1921—1940)
- Памерлі 7 верасьня
- Памерлі ў 1954 годзе
- Памерлі ў Мюнхэне
- Пахаваныя ў Баварыі
- Нарадзіліся ў Докшыцкім раёне
- Сябры Саюзу беларускай моладзі
- Беларусы ў Нямеччыне
- Беларусы ў Бэльгіі
- Беларусы ў Вялікабрытаніі
- Беларускія грамадзкія дзеячы і дзяячкі
- Забітыя ў выніку апэрацыяў савецкіх спэцслужбаў