Лясун
Гэты артыкул можа зьмяшчаць матэрыял неэнцыкляпэдычнага характару. Калі ласка, палепшыце яго згодна з правіламі афармленьня артыкулаў. |
Лясун, лесавік, лешы, лясны дзед — мітычная істота, дух, які жыве ў лясных гушчарах.
Абсяг дзейнасьці лесуна — уся лясная плошча ад узьлеску да ўзьлеску, за выключэньнем вадаёмаў, дзе гаспадарыць вадзянік. У глыбіні гэтай тэрыторыі знаходзіцца дом лесавіка, дзе жывуць яго жонкі й дзеці. Сам жа ён дома не сядзіць — больш вандруе, адпачывае й начуе ў выпадковых мясьцінах: на вершалінах высокіх дрэваў, у дуплах, густых зарасьніках, у ламаччы, бураломах, у лагчынах і прадоньнях. Хаця Лясун здольны прымаць розныя абліччы, ператварацца ў любыя прадметы свайго абсягу, але часьцей за ўсё паўстае ў вобразе старога зь белым, як бяроста ці як воск, ніколі не загарэлым тварам, зь вялізнымі цьмянымі вачыма сьвінцова-сіняга колеру, якія нерухомыя й ніколі не закрываюцца. Лясун здольны перадаваць галасы жыхароў свайго краю — ад мядзьведжага рыку да піску камара.
Лясуна можна падмануць, калі назавеш пры ўваходзе ў лес няправільны кірунак меркаванага шляху ці апрануць на ўзьлеску адзеньне навыварат. Калі гэта ня зроблена — лясун адразу падступаецца да ахвяры й зласьліва цешыцца зь яе пакутаў, зьбіўшы з належнага кірунку. Ён прымушае чалавека кружыць па лесе некалькі гадзінаў, праходзіць па адным і тым жа месцы некалькі разоў, заводзіць у глыбіню лесу, у самы гушчар; калі ж ахвяра даходзіць да адчаю, Лясун злосна рагоча, і яго рогат разносіцца па акрузе. Часам па пяпярэдняй дамоўленасьці з вадзяніком ці балотнікам ён прыводзіць сваю ахвяру да іх, нягледзячы на тое, што іншым разам лешыя й вадзянікі — непрымірымыя ворагі.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лясун — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў