Перайсьці да зьместу

Крывэ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Крывіс»)

Крывэ (лац. Criwe[1]) — мітычны найвышэйшы жрэц у старажытнабалтыйскай рэлігіі. Сымбалем крывэ лічылася скрыўленае жазло — крывуля, з каторай магла быць павязаная пасада Крывэ-Крывэйтэ. Найстарэйшай крыніцай, у якой сустракаецца крывэ, ёсьць «Пруская хроніка» Пятра з Дуйсбургу. Паводле яе, крывэ меў рэзыдэнцыю ў Рамуве, а пазьней — у Вільні. Прусы ўшаноўвалі яго як Папу Рымскага, а ўплыў рэлігійнай улады крывэ нібы даходзіў да земляў ліцьвінаў і ліваў. Асноўным заняткам крывэ як сьвятара было захоўваньне вечнага агню (Зьнічу). Разам з тым крывэ выконваў і функцыі судзьдзі.

Паводле зьвестак Сымона Грунаў, крывэ атачаўся колам падначаленых яму жрацоў-вайдэлотаў. Калі крывэ меў цяжкую хваробу і ня быў здольны выконваць свае абавязкі, ён спальваў сябе, па чым вайдэлоты абіралі новага крывэ. Таксама ў «Прускай хроніцы» прыводзіцца сьпіс з 48 легендарных крывэ, які ахоплівае прамежак часу за 503—1265 гады[2].

Па заваёве прускіх земляў Тэўтонскім ордэнам крывэ сышлі ў лясы, пазьней некаторы час яны нібы мелі рэзыдэнцыю ў Вільні (Лізьдзейка). Апошні легендарны крывэ Гінтаўт нібы памёр у 1414 годзе[3].

У 2002 годзе пасаду крывэ сымбалічна аднавіў рух «Рамува». У 2002—2014 гадох яе займаў Ёнас Трынкунас, ад 2014 году — Інія Трынкунене.

  1. ^ Chronicon Terrae Prussiae, 1326. Mit kritischen Kommentaren von Max Toeppen nachgedruckt. // Scriptores Rerum Prussicarum: Die Geschichtsquellen der Preussischen Vorzeit bis zum Untergang der Ordensherrschaft. / Нhrsg. von Theodor Hirsch, Max Toeppen und Ernst Strehlke. Bd. 1. — Leipzig: Verlag von S. Hirzel, 1861 (Neudruck, 1965). S. 53.
  2. ^ Simon Grunau’s Preussische Chronik. / Hrsg. von M. Perlbach, R. Philippi und P. Wagner. Bd. 1-3. — Leipzig: Duncker & Humblot, 1876—1896. — §.11. — S. 26-28.
  3. ^ Narbutt T., Dzeje starozytne narodu Litewskiego. T. 1. Mitologia litewska. — Wilno: Nakładem i drukiem A. Marcinowskiego, 1835. — S. 438.