Перайсьці да зьместу

Пруская Рамува

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рамува. Малюнак XVII стагодзьдзя паводле апісаньняў Сымона Грунаў.

Рамува — легендарная агульная сьвятыня ўсіх балцкіх народаў, што знаходзілася ў землях прускага племяні надрува (сучасная Калінінградзкая вобласьць Расеі). Згодна з паданьнямі, тут жыў крывэ-крывэйтэ і гарэў нязгасны агонь (як найменей ад IV—VI стагодзьдзяў).

У розныя часы пра сьвяцілішча паведамлялі Пётар з Дуйсбургу і Ян Длугаш. Нямецкі храніст Сымон Грунаў у «Прускай хроніцы» пазначаў Рамуву словам Rikojotu (Rickoyott). Паводле яго зьвестак, побач са сьвяцілішчам знаходзіўся вялізны дуб таўшчынёй 3,3 мэтры, магутны ды высокі, зялёны як узімку, гэтак і ўлетку. Галіны дубу былі пераплеценыя нагэтулькі шчыльна, што празь іх нават не прасочваўся дождж. Вакол дубу былі расьцягнутыя палотнішчы, за якія мелі права заходзіць толькі крывіс і найвышэйшыя вайдэлёйты. Дуб лічыўся нагэтулькі сьвятым, што людзі, якія прыходзілі да яго, зьбіралі дубовыя лісты й прыкладалі да шыі сабе ды сваім жывёлам, бо лічылі, што гэта дапаможа ад любых захворваньняў. Побач з дрэвам стаяла тры стоды — бога сьмерці Патоласа (ён жа Пікуліс; каля ягонага стоду ляжалі чарапы чалавека, каня і каровы), Пяркунаса і Патрымпаса, бога вайны і ўраджаю (побач зь яго стодам жыў сьвятарны вуж, якога жрацы частавалі малаком). Пры дубу няспынна гарэў вечны агонь. За падтрыманьне агню вайдэлёйт, які нёс варту, адказваў галавой. На вогнішчы рэгулярна прыносіліся ахвяры.

Дуб стаяў на гэтым месцы яшчэ ў ордэнскія часы. Усе навакольныя жыхары працягвалі ўшаноўваць яго, нават тыя, хто прыняў хрысьціянства. Калі ж ён усё ж быў зьнішчаны, гэтае месца стала жудасным. Зь цягам часу тут быў пабудаваны хрысьціянскі храм Сьвятой Тройцы з манастыром. Аднак духі яшчэ некаторы час не пакідалі яго ў спакоі.

Каля XIV у сувязі з моцнай германізацыяй Прусіі сьвяцілішча было перанесена на захад Жамойці паблізу Нёману, пазьней — непадалёк ад Вільні.

У наш час у гонар сьвяцілішча названая аднайменная летувіская нэапаганская арганізацыя.

  • Гимбутас, М. Балты. Люди янтарного моря / пер. с англ. С. Федорова. М., 2004.
  • Beresnevičius, G. Lietuvių religija ir mitologija: sistėminė studija / Gintaras Beresnevičius. Vilnius, 2004.
  • Dr. Jonas Rimeika. «Kai dar amžina ugnis ruseno. Mažosios Lietuvos padavimai». Kaunas, 1940.