Перайсьці да зьместу

Караль Герман Стэмпень

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Караль Герман Стэмпень
Адукацыя
Дзейнасьцькаталіцкі сьвятар
Нарадзіўся21 кастрычніка 1910(1910-10-21)[1]
Памёр19 ліпеня 1943(1943-07-19)[1] (32 гады)
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ка́раль Ге́рман Стэ́мпень (па-польску: Karol Herman Stępień; 21 кастрычніка 1910, Лодзь — 19 ліпеня 1943, Баравікоўшчына) — каталіцкі сьвятар, канвэнтуальны францішканін з кляштару айцоў францішканаў ў Івянцы. Бласлаўлёны Каталіцкага касьцёлу.

Караль Стэмпень уступіў у ордэн 2 верасьня 1929 году, узяўшы імя Герман. З-за сваіх здольнасьцяў быў накіраваны на вучобу ў Рым, на папскі багаслоўскі факультэт сьв. Банавэнтуры. Пасьвечаны ў законьнікі 3 верасьня 1930 году. 25 сьнежня 1937 году атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне. Працягнуў навучаньне на багаслоўскім факультэце Ўнівэрсытэту Яна Казімера ў Львове, дзе атрымаў ступень магістра тэалёгіі. Пасьля заканчэньня пачаў працаваць вікарыем у францішканскіх касьцёлах. Яго дзейнасьць у парафіях ацэньвалася як поўная энтузіязму і гатоўнасьці служыць вернікам.

У час Другой сусьветнай вайны, падчас карнай апэрацыі «Герман» пасьля паўстаньня ў Івянцы (19 ліпеня 1943) у вёсцы Баравікоўшчына нацысты зьняволілі каля 300 жыхароў мястэчка Пяршаі. Іх усіх зьбіраліся забіць. Ён далучыўся да людзей разам з ксяндзом Ахілесам Пухалам, сказаўшы:

«Пастухі ня могуць пакінуць вернікаў!»

У выніку з усіх арыштаваных былі забітыя толькі два сьвятары, потым гэстапа спаліла іхнія целы ў хляве. Затрыманых людзей адпусьцілі.

Сьвятарам гестапаўцы выкалалі вочы, вырвалі языкі, зьбілі дротам і прывезьлі ў гумно, наклалі дрэва і спалілі. Пазьней мясцовыя людзі знайшлі попел і косткі забітых і пазналі іх па мэдальёнах і крыжыках[2].

Месца расстрэлу забітых у Баравікоўшчыне было адзначана капліцай-сьвятыняй. Парэшткі пакутнікаў цяпер знаходзяцца ў рэліквіярыі ў касьцёле сьв. Юрыя ў Пяршаях.

Сьвятары-пакутнікі праявілі гераічную любоў да людзей, якіх выратавалі сваёй сьмерцю, таму а. Стэмпеня і а. Пухалу Папа Ян Павал II бэатыфікаваў разам зь іншымі 108 пакутнікамі Другой сусьветнай вайны.

  1. ^ а б Herman Stępień // GCatholic.org — 1997.
  2. ^ Галгофа пяршайскіх ксяндзоў, Працоўная слава, 18.07.2013
  • Oprac. Ewa Tarnasiewicz-Klimowska, ZE WZGÓRZA…, Nr 129, czerwiec 2005, Błogosławieni męczennicy franciszkańscy ISSN 1505-974X.