Перайсьці да зьместу

Капітал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нью-ёрская фондавая біржа, якая зьяўляецца найвялікшай біржай паводле паказчыку рынкавай капіталізацыі, ёсьць адным з прыкладаў рынку капіталу.

Капіта́л (па-лацінску: capitalis — галоўны) — у эканамічнай тэорыі фактар вытворчасьці, выражаны ў наяўных грашовых, тэхнічных і іншых матэрыяльных і нематэрыяльных сродках (чалавечы капітал, грашовы капітал і іншыя). Капітал ёсьць каштоўнасьцю, якая прыносіць дадатковы кошт. Капітальныя ўкладаньні матэрыяльных і грашовых сродкаў у эканоміку, вытворчасьць называюць капіталаўкладаньнямі ці інвэстыцыямі. У фундамэнтальным сэнсе капіталам ёсьць любая вырабленая рэч, якая можа палепшыць намаганьні чалавека да выкананьня эканамічна карыснай працы, як прыклад камень або страла зьяўлялася капіталам для пячорнага чалавека, які выкарыстоўваў іх у якасьці прыладаў паляваньня.

Вытворчы або фізычны капітал адрозьніваецца ад зямельнага або прыроднага капіталу, бо ў гэтым выпадку трэба прыкласьці чалавеку высілкі, перш чым зямельны капітал можа стаць фактарам вытворчасьці. Увесь фізычны капітал можа быць аднесены да асноўнага капіталу. Капітал зьяўляецца першасным паняткам у вытворчых функцыях. Дамы і асабістыя аўтамабілі звычайна не вызначаюцца як капітал, бо яны не выкарыстоўваюцца ў вытворчасьці тавараў і паслуг, у той час як аўтамабіль прадпрыемства, якое займаецца перавозкамі, будзе ўваходзіць у панятак капіталу.

У эканамічнай тэорыі Карла Маркса (гл. марксізм) капітал выкарыстоўваецца для таго, каб яго прадаць зноў, каб атрымаць фінансавы прыбытак, і для Маркса капітал існуе толькі ў працэсе эканамічнага абмену, то бок гэта ёсьць багацьце, якое вырастоўвае само сябе ў працэсе звароту, што й ёсьць асноўнай формай эканамічнае сыстэмы капіталізму[1]. У сучасных эканамічных школах, гэткая форма капіталу, як правіла, вызначаецца як «фінансавы капітал» і адрозьніваецца ад сродкаў вытворчасьці.

У наш час зацьвердзіліся такія тэрміны, як то чалавечы капітал, інтэлектуальны капітал, сацыяльны капітал і іншыя.

Асноўны і зваротны капіталы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўныя артыкулы: Асноўны капітал і Зваротны капітал

Адам Сьміт прадставіў панятак асноўных і зваротных сродкаў[2]. Абедзьве формы капіталу важныя для вытворчасьці тавараў і паслуг. Асноўны капітал пераносіць сваю каштоўнасьць на прадукт вытворчасьці за адносна працяглы час, то бок прыкладам такога капіталу ёсьць машына ці станок. Зваротныя сродкі пераносяць сваю каштоўнасьць на прадукт вытворчасці адразу цалкам, напрыклад, мука для выпяканьня хлебу[3].

Сродкі і прадметы працы складаюць матэрыяльнае забесьпячэньне вытворчага капіталу. Працоўныя сродкі выражаюцца ў асноўным капітале прадпрыемства, а прадметы працы ў зваротным капітале. У гэтым выпадку сродкі вытворчасьці як сукупнасьць сродкаў працы і прадметаў працы набываюць вытворчы капітал толькі з моманту іхнага непасрэднага выкарыстаньня ў працэсе вытворчасьці. Вытворчы капітал, у адрозьненьне ад сродкаў вытворчасьці, зьяўляецца вартаснай эканамічнай катэгорыяй. Гэта азначае, што яна ўключае ня ўсе элемэнты сродкаў вытворчасьці ў цэлым, а толькі тыя, якія маюць каштоўнасьць. Сродкі вытворчасьці складаюцца з сродкаў і прадметаў працы.

У бухгальтарскім уліку выкарыстоўваецца тэрмін асноўны капітал, які па зьмесьце некалькі адрозьніваецца ад тэрміну асноўны капітал. Тэрмін асноўныя сродкі адлюстроўвае велічыню сродкаў працы, то бок матэрыяльныя актывы, якія кампанія захоўвае дзеля выкарыстаньня ў вытворчасьці або ў прадастаўленьні паслуг, чаканы тэрмін карыснага выкарыстаньня ці эксплюатацыі якіх перавышае адзін год[4].

Асноўны капітал дадаткова падзяляецца на актыўную і пасіўную часткі[5]. У актыўную частку ўваходзяць машыны і абсталяваньне, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у вытворчасьці прадукцыі, а пасіўная частка — неабходная дзеля вытворчасьці аб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у ёй ускосна, напрыклад, памяшканьняў і збудаваньняў. Зваротныя сродкі спажываюцца на вытворчасьць, таму для паўтарэньня вытворчасьці іх трэба аднавіць, прадаючы прадукт. Таму для зваротных сродкаў існуе цыкль звароту[6]. У бухгальтарскім уліку зваротныя сродкі адпавядаюць тэрміну зваротных сродкаў. Матэрыяльнае забесьпячэньне зваротных сродкаў складаюць прадметы працы, як то вытворчыя запасы, то бок сыравіна, матэрыялы, паліва і гэтак далей, а таксама няскончаныя вытворчасьці[7].

Фінансавы капітал

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Фінансавы капітал

Фінансавым капіталам ёсьць грошы, якія можна выкарыстаць для набыцьця або стварэньня фізычнага капіталу. Канцэнтрацыя фінансавага капіталу адбываецца на фінансавым рынку[8]. Важнымі паняткамі, зьвязанымі зь фінансавым капіталам, зьяўляюцца інвэстыцыі і назапашваньне капіталу[9]. Фінансавы капітал бывае розных формаў. Важным тыпам прадпрыемстваў, якія ажыцьцяўляюць апэрацыі з грашыма, зьяўляюцца банкі, якія ажыцьцяўляюць крэдытныя і фінансавыя апэрацыі, то ёсьць належаць да сфэры паслугаў. Іншым тыпам прадпрыемстваў, якія займаюцца назапашваньнем сродкаў, зьяўляюцца акцыянэрныя таварыствы, дзяржаўныя кампаніі, прадпрыемствы іншага тыпу гаспадарчага ўладкаваньня. Інвэстыцыйныя фонды дзейнічаюць як пасярэднік паміж акцыянэрамі і фінансавым рынкам[10]. Акцыянэрныя таварыствы кіруюць акцыянэрным капіталам, у той час як інвэстыцыі ў стартапы называюць вэнчурным капіталам[11]. Такія інвэстыцыі, як правіла, ёсьць рызыкоўнымі, таму часьцяком называюцца рызыкоўным капіталам, які звычайна накіроўваецца ў новыя галіну эканоміцы ці новыя тэхналёгіі[12].

На думку Уладзімера Леніна фінансавым капіталам ёсьць капітал, які ўтвараецца ў выніку зьліцьця прамысловых і банкаўскіх манаполіяў. Ягонае ўзьнікненьне зьяўляецца адной з асноўных прыкметаў імпэрыялізму[13]. Крытыкуючы канцэпцыю Рудольфа Гільфэрдынга, які зьвёў панятак фінансавага капіталу да падпарадкаваньня прамысловага капіталу банкаўскаму, Ленін вызначыў сутнасьць фінансавага капіталу як канцэнтрацыя вытворчасьці, манаполіяў, якія вырастаюць зь яе, зьліцьцё альбо аб’яднаньне банкаў з прамысловасьцю ёсьць гісторыяй фінансавага капіталу і сэнсам гэтай канцэпцыі.

Чалавечы і сацыяльны капіталы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўныя артыкулы: Чалавечы капітал і Сацыяльны капітал

Чалавечы капітал ёсьць пэўным запасам здароўя, ведаў, уменьняў, здольнасьцяў, матывацыяў, якія фармуюцца і разьвіваюцца ў выніку інвэстыцыяў і назапашваюцца чалавекам ці людзьмі, якія мэтанакіравана выкарыстоўваюцца ў той ці іншай сфэры эканамічнай дзейнасьці, спрыяюць росту прадукцыйнасьці працы і, такім чынам, уплываюць на рост прыбытку ягонаму ўладальніка, прыбытку прадпрыемства і нацыянальнага прыбытку[14].

Тэрмін сацыяльны капітал азначае фактар ​​вытворчасьці, які ўзьнікае з прычыны ўсталяваньня даверу і ўзаемнай дапамогі паміж чальцамі вытворчага калектыву, то бок разьвіцьця групавой салідарнасьці[15]. Гэты тып капіталу вылучыў П’ер Бурд’ё ў артыкуле «Формы капіталу», які пабачыў сьвет у 1983 годзе. У той жа рабоце ён увёў панятак культурны капітал, які зьяўляецца капіталам асобнага чальца грамадзтва і ўзьнікае ў сувязі зь ягонымі ўласнымі характарыстыкамі, навыкамі, ведамі, а таксама празь ягоную маёмасьць, напрыклад, кнігі, інструмэнты, а таксама празь ягоны статус у грамадзтве, праз узнагароды і званьні[16].

  1. ^ Апісаньне капіталу. Marxists Internet Archive.
  2. ^ Smith, Adam (1776). «An Inquiry into the Nature and Causes of the Wealth of Nations». London: W. Strahan.
  3. ^ «Оборотные средства». MyFin.by.
  4. ^ «Учет поступления основных средств по-новому». Главный Бухгалтер.
  5. ^ Капитал активный. Справочник по экономике.
  6. ^ «Оборотний капітал». Навчальні матеріали онлайн.
  7. ^ Оборотный капитал. MyFin.by.
  8. ^ «Фінансовий ринок: Навч. посіб.» / М. К. Колісник, О. О. Маслак, Є. М. Романів; Нац. ун-т «Львів. політехніка». — Л. : Вид-во нац. ун-ту Львів. політехніка, 2004. — С. 191. — Бібліогр.: 40 назв.
  9. ^ «Reading Marx’s Capital — Class 11, Chapter 25, The General Law of Capitalist Accumulation». Reading Marx’s Capital with David Harvey.
  10. ^ «Инвестиционные фонды — новая возможность для инвестирования». iLex.
  11. ^ «Venture Capital — welche Voraussetzungen sind nötig?». Förderland.
  12. ^ «Рисковый капитал». Словари и энциклопедии на Академике.
  13. ^ Ленин В. (1916). «Империализм, как высшая стадия капитализма».
  14. ^ Shultz T. (1968). «Human Capital in the International Encyclopedia of the Social Sciences». vol. 6. New York.
  15. ^ Pierre Bourdieu. «Ökonomisches Kapital, kulturelles Kapital, soziales Kapital». in Soziale Ungleichheiten (Soziale Welt, Sonderheft 2), edited by Reinhard Kreckel. Goettingen.
  16. ^ «The Forms of Capital». Marxists Internet Archive.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]