Перайсьці да зьместу

Канстанцін Вераніцын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Канстантын Васілёў Вераніцын»)
Канстанцін Вераніцын
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 13 чэрвеня 1834
Астраўляны, Віцебскі павет, Віцебская губэрня
Памёр 26 жніўня 1903
Пецярбург
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, чыноўнік
Жанр паэзія
Мова беларуская мова і расейская мова
Значныя творы «Тарас на Парнасе»
«Два д'яўлы»
Творы на сайце Knihi.com

Канстанцін Васілёў Вераніцын (13 чэрвеня 1834, Астраўляны, Віцебскі павет, Віцебская губэрня26 жніўня 1903, Пецярбург) — беларускі пісьменьнік, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».

Паходзіў з прыгонных сялянаў памешчыкаў Бондыравых. Спачатку яго прозьвішча было Васільеў. У 1851 годзе, пасьля атрыманьня «вольнай» ад свайго пана Васіля Бондырава, ён прыпісаўся ў мяшчане і выбраў сабе прозьвішча «Вераніцын».

Вучыўся ў Гарадоцкай парафіяльнай школе, Віцебскай гімназіі (1845—1852) і два гады ў Пецярбурскай мэдыка-хірургічнай акадэміі, адкуль яго адлічылі ў 1854 годзе. У 1857 паступіў у Горы-Горацкі інстытут адразу на трэці курс, і ў 1859 г. у ліку найлепшых студэнтаў скончыў яго са званьнем агранома, напісаўшы дысэртацыю «О белорусском хозяйстве». Пэўны час працаваў выкладчыкам у Маладзечанскай настаўніцкай сэмінарыі, потым служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносінаў. У 1900 выйшаў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка. Яго найвядомейшая паэма «Тарас на Парнасе» складалася за часам пецярбурскага ды горацкага побыту.

Вераніцын памёр 13 (26) жніўня 1903 г. у Лясным пад Пецярбургам ад паралічу з прычыны кровазьліцьця ў мозг, пахаваны на Мітрафаніеўскіх могілках (не захаваліся). Зьвесткі пра сьмерць Вераніцына ўстанавіў у 2019 годзе Антон Францішак Брыль.[1]

У рукапісных сшытках фальклёрных і літаратурных твораў Аляксандра Рыпінскага яму прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з паметай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д’яўлы» (з паметай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасьці й рэаліі несумненна сьведчаць пра сувязь апошняга твора зь Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства абедзьвюх паэмаў належыць адной асобе. На карысьць аўтарства К. Вераніцына сьведчыць таксама яго біяграфія.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Валун з мэмарыяльнай дошкай, прысьвечаны паэме «Тарас на Парнасе» (Гарадок)

У 2001 годзе на радзіме К. Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку пастаўленыя мэмарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» й яе верагоднага аўтара.

  • Самы славуты ананім // Наша Ніва, 13 чэрвеня 2009
  • Вераніцын Канстанцін Васільевіч
  • Гаравы, Л. Лес Канстанціна Вераніцына / Л. Гаравы // Народнае слова. – 1999.
  • Кісялёў, Г. Канстанцін Вераніцын / Г. Кісялёў // Памяць : Гарадоцкі р-н : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С.І. Садоўская ; рэдкал. Н.А. Бурунова [і інш.]. – Мн., 2004. – С. 154-155.
  • Подлипский, А. Витебские корни «Тараса» / А. Подлипский // Народнае слова. – 1996.
  • Цвірка, К. Канстанцін Вераніцын (1834—1904) / К. Цвірка // Камяні тых сядзібаў : шляхі паэтаў XIX ст. – Мн., 2004. – С. 285

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канстанцін Вераніцынсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ А. Брыль. Некралог Канстанціна Вераніцына ў газеце «Новое время» // Роднае слова № 12, 2019, с. 23.