Перайсьці да зьместу

Краёвая партыя Літвы і Русі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «КПЛіБ»)

Краёвая партыя Літвы і Русі (КПЛіБ) — палітычная партыя «краёвага» кірунку ў Літве (Беларусі) на пачатку ХХ стагодзьдзя, асноўнымі прыхільнікамі якога было каталіцкае й польскамоўнае сярэднезаможнае й заможнае дваранства шасьці губэрняў Паўночна-Заходняга краю Расейскай імпэрыі. Партыя сумяшчала ў сваёй праграме лібэральныя й нацыянальныя лёзунгі.

З прапановай стварэньня партыі ўпершыню выступіў адзін з ідэолягаў «краёвасьці» Раман Скірмунт (1868—1939). У лістападзе 1905 году ён надрукаваў у газэце «Kurier Litewski» («Літоўскі кур’ер», №65, 1905 г.) зварот «Краёвай партыі Літвы і Русі» — фактычна праграму партыі, якая патрабавала ўвядзеньня ўсіх дэмакратычных свабодаў (свабода сумленьня, свабода слова, сходаў, друку, недатыкальнасьць жыльля й асобы, роўнасьць усіх перад законам) і найперш свабоды нацыянальнага жыцьця й палітычнае роўнасьці нацыянальнасьцяў, краёвага самакіраваньня для Літвы. Пры гэтым асабліва падкрэсьлівалася недатыкальнасьць прынцыпу прыватнай уласнасьці. Скірмунт таксама выступаў за пашырэньне выбарчых правоў, дзяржаўную дапамогу безьзямельным і малазямельным сялянам у набыцьці зямлі.

У звароце Скірмунта таксама адзначалася, што «Краёвая партыя Літвы і Русі» будзе стаяць на падмурку расейскай дзяржаўнасьці, спадзеючыся на яе паступовае рэфармаваньне ў кірунку пашырэньня палітычных свабодаў; будзе выступаць за ператварэньне Дзяржаўнага Савету Расейскае імпэрыі ў выбарны орган кіраваньня. Лёзунгам партыі абвяшчаліся словы «Справядлівасьць для ўсіх». Заяўлялася, што партыйны клопат пра разьвіцьцё «краю» ня будзе супярэчыць культурна-нацыянальнае працы асобных народаў. Раман Скірмунт выступіў таксама за ўтварэньне ў Дзяржаўнай Думе Расейскай імпэрыі асобнай фракцыі дэпутатаў ад «Літвы і Русі». У заключэньне выказвалася надзея на захаваньне добрых адносінаў паміж дваранствам і сялянствам.

Публікацыя ў прэсе праекту праграмы «Краёвай партыі» сьведчыла пра пашырэньне сярод краёўцаў разуменьня неабходнасьці ўласнае палітычнае арганізацыі. Рух краёўцаў даволі хутка арганізацыйна аформіўся, чаму спрыяў арганізацыйны вопыт сярэднезаможных і заможных дваранаў у рамках мясцовых таварыстваў сельскае гаспадаркі, найбуйнейшым і наймацнейшым зь якіх у «краі» было й заставалася Менскае таварыства сельскай гаспадаркі (1876—1921) на чале зь неафіцыйным лідэрам — віцэ-старшынём (1888—1907) Эдвардам Вайніловічам (1847—1928). Палажэньні палітычнага й сацыяльна-эканамічнага разьдзелаў, прапанаванай Раманам Скірмунтам праграмы, вельмі нагадвалі задачы дзейнасьці таварыства.

У пачатку 1906 году Скірмунт паўтарыў зварот у газэце «Kurier Litewski» («Літоўскі кур’ер», №78), зьмяніўшы толькі назву партыі — «Краёвая партыя Белай Русі і Літвы». Назва «Русь», якая выкарыстоўвалася шляхтай ВКЛ у абазначэньні ваяводзтваў Падзьвіньня й Падняпроўя й працягвала выкарыстоўвацца мясцовым дваранствам у дачыненьні да Віцебскае й Магілёўскае губэрняў у XIX ст., станавілася ўжо архаізмам, асабліва пасьля публікацыі тамоў «Уводзіны да вывучэньня мовы й народнай славеснасьці» (1903) і «Уводзіны да вывучэньня мовы й народнай славеснасьці» (1908) дасьледаваньня «Беларусы» Яўхіма Карскага, які канчаткова распаўсюджваў тэрмін «Беларусь» на ўвесь абшар ужываньня насельніцтвам беларускае мовы. З таго часу тэрмін «Русь» паступова зьнікнуў у публіцыстыцы «краёўцаў». Прыкладна ў гэты самы час ідэю стварэньня Краёвае партыі выказаў Эдвард Вайніловіч («Kurier Litewski», №78, 1906 г.).

17 чэрвеня 1907 году па ініцыятыве Скірмунта ў Вільні адбыўся зьезд землеўладальнікаў шасьці «паўночна-заходніх» губэрняў, які прыняў рашэньне пра стварэньне «Краёвай партыі Літвы і Беларусі», зацьвердзіў яе праграму (падпісала 23 дэлегаты з 30). Праграма заклікала да самакіраваньня краю, роўнасьці ўсіх нацыяў, увядзеньня адукацыі на роднае мове, лічыла недапушчальным адчужэньне памешчыцкае зямлі. Старшынём рады партыі абраны Эдвард Вайніловіч, намесьнікам — Ю. Талочка. Друкаваным органам партыі стала газэта «Glos Polski» («Польскі голас», 1907). Прадстаўнікі Ковенскай губэрні й Скірмунт не ўвайшлі ў КПЛіБ, іх не задавальняла тое, што партыя ўзьнікала як выключна «польская», а Скірмунт імкнуўся стварыць партыю, якая мела б тры фракцыі — польскую, беларускую й жамойцкую.

У 1908 партыя зьнікла з палітычнае арэны. У публіцыстычных выступленьнях лідэраў партыі сацыяльныя вярхі (маёмаснае дваранства) успрымаліся ў якасьці галоўнага суб’екту грамадзка-палітычнага жыцьця. Сьцьвярджэньне, што аблічча краю вызначае просты люд, а не дваранства (Раман Скірмунт), мела досыць дэкляратыўны характар і было разьлічанае на ўсьведамленьне маёмаснымі дваранамі неабходнасьці ўлічваць інтарэсы сацыяльных нізоў грамадзкасьці Літвы (Беларусі).

Партыя ізноў актывізавалася падчас Першае сусьветнае вайны. Па меры стварэньня пасьля канца вайны некалькіх дзяржаваў (Польшчы, Летувы й савецкае Беларусі ў складзе СССР) на тэрыторыі былых паўночна-заходніх губэрняў Расейскае імпэрыі краёвасьць перастала быць кірункам грамадзка-палітычнага жыцьця.