Золатавалютны запас
Золатавалю́тны запа́с — афіцыйны запас золата і замежнай валюты ў галоўным банку і ведамстве скарбу краіны, а таксама ў міжнародных валютна-крэдытных арганізацыях.
Улучае: 1) замежныя валюты, што служаць сродкам міжнародных плацяжоў, 2) супольныя міжнародныя валютныя адзінкі (эўра), 3) спэцыяльныя правы запазычаньня ў Міжнародным валютным фондзе (МВФ; Вашынгтон, ЗША), 4) правы на аўтаматычнае атрыманьне сродкаў у МВФ, 5) афіцыйны залаты запас. Сусьветныя золатавалютныя запасы складалі: у 1980 годзе — $409,8 млрд (42%) у валюце і $563,3 млрд у золаце па рынкавай цане, у 1990 годзе — $907,3 млрд (72%) у валюце і $361,5 млрд у золаце, у 1994 годзе — $1186,4 млрд і $348,7 млрд адпаведна. На канец 1994 году асноўнымі ўладальнікамі золатавалютных запасаў былі прамысловаразьвітыя дзяржавы — $927,6 млрд (60%), у тым ліку ЗША мелі $163,6 млрд (11%), Японія — $135,2 млрд і Нямеччына — $113,9 млрд. Разьвіцьцёвыя краіны валодалі запасамі на астатнія $607,5 млрд. На той час асноўную частку валютных запасаў складалі рэзэрвовыя валюты: амэрыканскі даляр — $585,2 млрд (49% валютных запасаў), нямецкая марка — $151,1 млрд і японская ена — $83,4 млрд. У міжнародных разьліках выкарыстоўваюць у асноўным валютныя запасы[1].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 1 студзеня 1999 году Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь валодаў залатым запасам у памеры 1,3 тоны банкаўскіх зьліткаў, што захоўваліся ў Цэнтральным сховішчы Нацбанку. Наступныя 2 гады залаты запас больш як падвойваўся штогод: за 2000 год — з 2 тонаў да 4,4 тоны, за 2001 год — да 10,1 тоны. Толькі аднойчы залаты запас зьмяншаўся — цягам 2003 году з 11,9 да 11,5 тоны (-3%). У 2004 годзе ён вырас амаль удвая да 20,2 тоны. Надалей залаты запас пастаянна рос і 1 студзеня 2019 году дасягнуў 41,2 тоны[2].
На 1 студзеня 2003 году Нацбанк Беларусі меў $477,8 млн золатавалютанага запасу ў вызначэньні Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Зь іх $416,4 млн (87%) складалі замежныя валюты, $60,4 млн — золата, $0,3 млн — спэцыяльныя правы запазычаньня (СПЗ) ў МВФ і $0,7 млн — іншыя сродкі (дамовы перакуплі). На пачатак 2013 году золатавалютны запас Беларусі дасягнуў найбольшай вартасьці ў $8,095 млрд. Адначасна найбольшай рынкавай вартасьці дасягнулі залаты запас — $2,286 млрд (33,3 тоны) і іншыя сродкі ў выглядзе дамоваў перакуплі — $ 2 001,2 млн. На пачатку 2012 году валютны запас дасягнуў найбольшага памеру ў $4 488,7 млн. Пагатоў яго доля была найбольшай — 92% — на пачатку 2004 і 2008 гадоў. Найменшая яго доля складала 38% на пачатку фінансавага крызісу ў Беларусі 2011 году. Найменшая вартасьць залатога запасу складала $37,4 млн на пачатку 2004 году. Таксама цягам 2004—2008 гадоў у складзе золатавалютнага запасу Беларусі адсутнічалі СПЗ[3].
На 1 студзеня 2019 году золатавалютны запас Беларусі складаў $7 157,6 млн. Зь іх $4 203,5 млн (59%) прыпадала на валютны запас, у тым ліку $3 949,5 млн у выглядзе ўкладаў, зь якіх $3 520,9 млн у банках з галаўным аддзяленьнем за межамі краіны, што падае справаздачнасьць. Яшчэ $254 млн знаходзілася ў каштоўных паперах. Залаты запас складаў 1,5 млн чыстых тройскіх унцыяў або $1 934,7 млн. СПЗ складалі $517,1 млн. Сярод іншых сродкаў на $502,2 млн дамовы перакуплі складалі $499,2 млн. Пагатоў цягам 2019 году (кароткатэрміновыя) чыстыя выдаткі сродкаў у замежнай валюце мелі скласьці $5 924,6 млн (83% запасу). Зь іх загадзя ўсталяваныя выдаткі мелі скласьці $4 246,2 млн (72% выдаткаў). Абумоўленыя выдаткі мусілі скласьці $1 678,4 млн, зь іх налічвалася $1 009,5 млн закладных парукаў за даўгавыя абавязкі[4].
Пачатак году | Замежныя валюты, млн $ (%) | Золата, млн $ (тонаў) | Спэц. правы запазы-чаньня, млн $ | Іншыя сродкі, млн $ | Разам, млн $ | Каротка-тэрміновыя выдаткі, млн $ (% ад запасу) |
---|---|---|---|---|---|---|
2003 | 416,4 (87%) | 60,4 (11,9) | 0,3 | 0,7 | 477,8 | |
2004 | 460,7 (92%) | 37,4 (11,5) | 0 | 0,8 | ▲498,9 | |
2005 | 690,4 (90%) | 79,4 (20,2) | 0 | 0,4 | ▲770,2 | |
2006 | 1 105,6 (85%) | 190 (25) | 0 | 0,9 | ▲1 296,5 | -313,5 (24%) |
2007 | 1 067,2 (77%) | 314,4 (26,2) | 0 | 1,3 | ▲1 382,9 | -704,1 (51%) |
2008 | 3 866,2 (92%) | 230 (26,3) | 0 | 86 | ▲4 182,2 | -1 514 (36%) |
2009 | 2 605,5 (85%) | 374,1 (26,6) | 1 | 80,5 | ▼3 061,1 | -1 521,3 (50%) |
2010 | 2 519,9 (45%) | 821,1 (28,7) | 578,4 | 1 733,1 | ▲5 652,5 | -1 906,3 (34%) |
2011 | 1 907,7 (38%) | 1 599,8 (30,2) | 567,7 | 955,5 | ▼5 030,7 | -3 830 (76%) |
2012 | 4 488,7 (57%) | 1 904,7 (31,7) | 572,4 | 950,1 | ▲7 915,9 | -4 204,5 (53%) |
2013 | 3 240,2 (40%) | 2 286 (33,3) | 567,5 | 2 001,2 | ▲8 095 | -5 209,2 (64%) |
2014 | 3 738,2 (56%) | 1 713,9 (35) | 571,7 | 627,1 | ▼6 650,9 | -5 810,8 (87%) |
2015 | 2 882,8 (57%) | 1 637,1 (36,5) | 538,7 | 0,5 | ▼5 059,1 | -7 869,4 (156%) |
2016 | 1 953,7 (47%) | 1 432,2 (38,1) | 515,2 | 274,7 | ▼4 175,8 | -7 916,2 (190%) |
2017 | 2 420,1 (49%) | 1 720,3 (39,1) | 499,8 | 286,9 | ▲4 927,2 | -5 774,3 (117%) |
2018 | 4 282,2 (59%) | 1 939,9 (40,2) | 529,5 | 563,7 | ▲7 315,3 | -6 558,8 (90%) |
2019 | 4 203,5 (59%) | 1 934,7 (41,2) | 517,1 | 502,2 | ▼7 157,6 | -5 924,6 (83%) |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Вадзім Драздоў. Золатавалютныя рэзервы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 105. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
- ^ а б Залаты запас // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2019 г. Праверана 2 сакавіка 2019 г.
- ^ а б Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Рэспублікі Беларусь па мэтадалёгіі МВФ (архіў з 2003 году) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 лютага 2019 г. Праверана 2 сакавіка 2019 г.
- ^ а б Міжнародныя рэзэрвовыя актывы і ліквіднасьць Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце на 01.01.2019 // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2019 г. Праверана 2 сакавіка 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Рэспублікі Беларусь // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 лютага 2019 г. Праверана 2 сакавіка 2019 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |