Жаночая зборная Францыі па валейболе
Жаночая зборная Францыі па валейболе | |||
Фэдэрацыя | Француская фэдэрацыя валейболу | ||
---|---|---|---|
Канфэдэрацыя | Эўрапейская канфэдэрацыя валейболу | ||
Рэйтынг МФВ | 19 | ||
Колеры | сіні, чырвоны | ||
Форма | |||
| |||
Апошняе абнаўленьне | 30 жніўня 2024 году |
Жаночая зборная Францыі па валейболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Францыю на міжнародных валейбольных турнірах. Кіруецца Францускай фэдэрацыяй валейболу.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Валейбол у Францыі зьявіўся ў пачатку 1910-х гадоў. Першымі папулярызатарамі новай гульні была арганізацыя Асацыяцыі маладых хрысьціянаў, а таксама жаўнеры і афіцэры амэрыканскага войска. У 1936 годзе была ўтвораная Француская фэдэрацыя валейболу, а ў 1947 годзе яна стала адной з сузаснавальніцаў Міжнароднай фэдэрацыі валейболу.
Дэбют жаночай зборнай Францыі на міжнароднай арэне адбыўся на першым чэмпіянаце Эўропе, які ладзіўся ў 1949 годзе ў Празе. У стартавым туры 10 верасьня францускія валейбалісткі саступілі зь лікам 0:3 гаспадыням першынства зборнай Чэхаславаччыны. Далей зборная перамагла зборныя Вугоршчыны і Нідэрляндаў, але саступіла зборным СССР, Польшчы і Румыніі, заняўшы на турніры 5-е выніковае месца. Праз два гады на хатнім чэмпіянаце Эўропы францускія валейбалісткі дасягнулі свойга найлепшага выніку на афіцыйных валейбольных спаборніцтвах, фінішаваўшы на 4-м радку. На гэтым кантынэнтальным першынстве з наймацнейшых эўрапейскіх камандаў бралі ўдзел толькі зборныя СССР і Польшчы. У 1952 годзе зборная Францыі была сярод удзельніцаў першага чэмпіянату сьвету, які ладзіўся ў Маскве. Зазнаўшы 6 паразаў і перадолеўшы супраціў толькі зборнай Індыі, францускія спартоўкі занялі 7-е месца пры 8 камандаў-удзельніцаў.
Пачынаючы з 2007 году зборная раз-пораз трапляе да ліку ўдзельніцаў фінальнай стадыі чэмпіянатаў Эўропы. Гэтак на кантынэнтальным першынстве 2013 году француская каманда здолела дакрочыць да чвэрцьфіналу, дзе ў саступіла зборнай Бэльгіі зь лікам 2:3. На чэмпіянаце Эўропы 2021 году зборная Францыі дасягнула да чвэрцьфіналу, дзе суперніцамі францужанак сталі гаспадыні і дзейныя чэмпіёнкі сьвету і Эўропы валейбалісткі зборнай Сэрбіі. Нечакана француская дружына навязала барацьбу фаварыткам першынства, здабыўшы перамогу ў першым сэце, але на далейшы сур’ёзны супраціў маладой францускай каманды не хапіла, у выніку чаго сэрбкі перамаглі зь лікам 3:1. У 2024 годзе зборная ўпершыню ў сваёй гісторыі брала ўдзел на турніры летніх Алімпійскіх гульняў як каманда-гаспадыня, але ва ўсіх трох матчах францужанкі трывалі паразы з аднолькавым лікам 0:3.