Дэвайціс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дэвайціс
Dewajtis. Powieść współczesna
Жанр: Раман звычаяў
Аўтар: Марыя Радзевіч
Мова арыгіналу: польская
Год напісаньня: 1889
Публікацыя: 1889
Выдавецтва: Kurier Warszawski

«Дэвайціс. Сучасны раман» (па-польску: Dewajtis. Powieść współczesna) — пазытывіскі раман звычаяў Марыі Радзевіч, выданы ў 1889 годзе.

Узнагароджаны ў літаратурным конкурсе «Kuriera Warszawskiego», дзе і надрукаваны ўпершыню (№ 121—256). Кніга выйшла ў 1889 годзе ў выдавецтве «Kuriera», да 1939 года часта выдаваўся з падзагалоўкам «Сучасны раман узнагароджаны на конкурсе „Kuriera Warszawskiego“». Да канца XIX ст. перавыданы яшчэ двойчы, пры жыцьці аўтаркі выданы 13 разоў толькі па-польску. Таксама былі шматлікія пераклады на іншыя мовы — на літоўскую (1890), нямецкую (1894), сэрбскую (1896), ангельскую (1901), францускую (1904), вугорскую (1912), чэскую (1921), славацкую (1933). У Польшчы таксама адаптаваны для сцэны (1910) і як радыёп’еса (1969). У гады 2-й сусьветнай вайны і акупацыі публікаваўся й за мяжой (Лёндан 1943; Чыкага, Палестына 1944; Рым 1945). У пасляваенны час найбольшая колькасьць выданьняў выходзіла ў рэдакцыі Wydawnictwa Literackiego; цяпер шырока чытаецца і перавыдаецца таксама прыватнымі выдаўцамі, у тым ліку ў 2023 годзе ў Wydawnictwie Replika. У 2023 годзе Telewizja Polska зьняла серыял паводле рамана пад аднайменнай назвай[1]. Прэм’ера на польскім тэлебачаньні адбылася ў верасьні 2023 году.

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дуб «Дэвайціс» у маёнтку Радзевічаў у Грушаве (фота 1937 году)

Сьмерць дэспатычнага бацькі не вызваляе маладога Марка Чэртвана ад празьмерных абавязкаў, але дадае новыя цяжкасьці ў жыцьці. Дагэтуль эксплюатаваны сям’ёй мачахі, як старэйшае дзіцё й давераная асоба бацькі, ён таксама павінен клапаціцца пра маёнтак Пасьвіце, што застаўся па загінулым сябры Казіміры Орвідзе. Прыроджаная паслухмянасьць маўклівага жамойта не дазваляла супрацьстаяць гэтаму рашэньню, якое для яго было прысудам, нішчыла яго намеры ўладкаваць самастойнае жыцьцё, а прыроджаная працавітасьць прымушала прыкладаць незвычайныя намаганьні й ахвяры дзеля дабра іншым. Як «пазбаўлены пачуцьцяў» чалавек абавязку, цяжкай штодзённай працай ён набывае веды й досьвед, загартоўвае трываласьць да нягод, чужы акружэньню й незразуметы, застаецца адзінокім. Яго сымбалічная апора — старажытны дуб Дэвайціс[2], які захаваўся каля літоўскага гарадзішча: сымбаль трываласьці, стойкасьці й вернасьці традыцыям продкаў. Пакінутага нявестай, эксплюатаванага мачыхай і яе блудным сынам, абсьмяянага й пазбаўленага чалавечай спагады, Марка верна суправаджаюць толькі стары Рымка Рагіс і яго цётка Анэта. Сытуацыю ўскладняюць непрыемныя адносіны са зводнымі братамі, зусім не падобнымі да яго. Таму Марк актыўна шукае спадчыньнікаў Орвіда, каб як хутчэй перадаць цяпер прыбытковы й квітнеючы маёнтак. Лёс Марка зьмяняе вестка ад зводнай сястры, што ў Амэрыцы знайшлася Ірэна Орвід — адзіная дачка загінулага там Казіміра. Малады Чэртван хацеў бы перадаць ёй фатальную для сябе спадчыну й урэшце жыць сваё жыцьцё. Аднак лёс зноў перашкаджае яму, робячы немагчымым цалкам адмовіцца ад апекі над Пасьвіцьцем, Марк паволі трапляе пад чары маладой спадчыньніцы, для якой робіцца міжвольным апекуном. Яго гонар і ганарыстасьць не дазваляюць прыняць шчырыя пачуцьці Орвідаўны. Марк доўга бароніцца ад іх, уяўна разважаючы, што праз зайздрасьць акружэньне абвінавацяць яго ў карысьці, калі ён ажэніцца зь дзяўчынай быццам дзеля яе багацьця, а напраўдзе ён усё адно застанецца яе слугой. У настойлівым змаганьні з сабою, ён урэшце сутыкнецца з драматычнай падзеяй, якая робіць у ім канчатковы пералом.

Асаблівасьці раману[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэвайціс пяшчотна прамармытаў… Марэк… сеў побач і ўпотай углядаўся ў чароўны твар апавядальніка.

«Дэвайціс» — самы вядомы твор сваёй аўтаркі. Гэта маянткова-засьцянковая сямейная гісторыя з Жамойці XIX ст. з уплеценым рамантычным сюжэтам. Па задуме і агульным стылі ён блізкі да іншага пазытывіскага раману, выдадзенага тым самым часам, значна большага памеру й з больш разгорнутым сюжэтам — «Над Нёманам» Элізы Ажэшка .

Засяродзіўшыся на постаці Марка Чэртвана, аўтарка стварыла павучальную гісторыю незвычайных намаганьняў чалавека, які змагаецца з уласным лёсам. Яго натхненьнем быў дуб як сымбаль вечнасьці, незьнішчальнасьці, але й традыцый, якія зьвязваюць людзей з радзімай. Жыцьцё героя трымаецца вакол адной ідэі — захаваньня зямлі, сямейнай спадчыны, а мерай каштоўнасьці чалавека ёсьць яго стаўленьне да працы. У гэтым пазытывісцкім рамане Чэртван мае відавочныя рысы рамантычнага героя: адзінокага й замкнёнага ў сабе, сваёй упартай барацьбе не зразуметага большасьцю. Аднак тым самым часам ён ўяўляе й пазытывісцкі ідэал — разумова моцны, працавіты, настойлівы й непахісны ў імкненьні да мэты й у значнай ступені альтруістычна кіруецца агульным дабром, дабром іншых. Эгаістычна ён толькі бароніцца ад каханьня, але ня можа канчаткова адмовіцца ад дабра, якога быў найбольш пазбаўлены ў папярэднім жыцьці.

Як і ў крыху пазьнейшым рамане «Пажары і жглішчы» (1893), у сюжэце ёсьць амэрыканская тэма, чым выяўляецца захапленьне пісьменьніцы далёкім кантынэнтам як краінай вялікіх магчымасьцей і ня меншай небясьпекі для суайчыньнікаў, якія эмігравалі тым часам. У рэалістычным творы аўтарка ўжывае й некалькі казачных матываў, напрыклад, казку пра Вайдэвута й паданьне пра Эгле. Як заўважыла Ганна Мартушэўская, казачны прыём ужыты найперш у асноўным сюжэтным пласьце й датычыць галоўнага героя: гэта сюжэт казкі пра Папялушку, увасабленьнем якой зьяўляецца малады Чартван — занядбаны й зьняважаны, у параўнаньні зь іншымі ён паказвае сваю вартасьць і атрымлівае ўзнагароду, каханую жанчыну й вялікае багацьце, што ёсьць выключна яго заслугай[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Dewajtis (Serial TV 2023)
  2. ^ па-летувіску: Dіevaіtіs — аб’ект пакланеньня, ідал; боства ў паганскіх вераваньнях балтаў (паводле Žodynas).
  3. ^ Martuszewska A. Jak szumi «Dewajtis»? Studia o powieściach Marii Rodziewiczówny. — Kraków: Wydawnictwo Literackie, 1989.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Maria Rodziewiczówna. Dewajtis / Anna Martuszewska. — Archiwum Czesława Miłosza. — 1989. — ISBN 8308012833.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]