Другі падзел Рэчы Паспалітай
II падзе́л Рэ́чы Паспалі́тай (1793) — другі з трох падзелаў, пасьля якіх Рэч Паспалітая зьнікла з мапы Эўропы.
Скарыстаўшыся капітуляцыяй Станіслава Аўгуста Панятоўскага у вайне з Расеяй і пераходам улады ў дзяржаве да таргавічанаў, 25 кастрычніка 1792 кароль прускі Фрыдрых Вільгельм II запатрабаваў уключэньня Вялікае Польшчы ў склад свайго каралеўства пад пагрозаю выхаду з антыфранцускай кааліцыі.
23 студзеня 1793 Кацярына II і Фрыдрых Вільгельм II падпісалі трактат пра падзел, паводле якога да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выняткам Мазавецкага ваяводзтва. Расея атрымала літоўскія землі да лініі Дзьвінск — Пінск — Збруч, усходнюю частку Палесься, украінскія вобласьці Падольле і Валынь.
Уночы з 23 на 24 верасьня 1793 року гэтае рашэньне было праведзенае праз сабраны канфэдэратамі сойм у гарадзенскім замку.
У другім падзеле, у адрозьненьне ад двух астатніх, ня брала ўдзелу Аўстрыйская імпэрыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.