Перайсьці да зьместу

Гісторыя Карэліі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мапа Інгрыі і Карэліі

Гісто́рыя Карэ́ліі — мінулае разьвіцьцё Карэліі ў ходзе разгортваньня ўзаемадзеяньня чалавечых супольнасьцяў з часоў старажытнасьці.

У IX—X стагодзьдзях на тэрыторыі сучаснай Карэліі зьявіліся першыя дзяржаўныя ўтварэньні. Галоўны гаспадарча-культурны цэнтар знаходзіўся на Ладазе, дзе паўстала сталіца Кякісалмі. У гэты час Карэлія трапіла ў сфэру ўплыву Кіеўскай Русі. Гандлявалі карэлы ня толькі з славянамі, а таксама з нарманамі ды надвалжанскімі баўгарамі.

У XII стагодзьдзі Карэлія стала часткаю Наўгародзкай рэспублікі. У 1227 року Карэлія прыняла праваслаўе.

Неўзабаве між Швэцыяй ды Ноўгарадам за тэрыторыю Карэліі пачаліся войны. У канцы XIII стагодзьдзя швэды авалодалі землямі ў раёне Карэльскага пярэсмыку, дзе ў 1293 року заснавалі цьвердзь Вііпурі. Частка карэлаў была навернутая ў каталіцтва. Пасьля Арэхаўскай мірнай дамовы 1323 року сталіцай швэдзкай часткі Карэліі стаў Вібарг.

У 1478 року Ноўгарадзкая зямля ўлучаная ў склад Маскоўскага княства. Швэды ўзнавілі барацьбу за гэтыя землі ў канцы XVI стагодзьдзя. У 1581 року яны занялі ўвесь Карэльскі пярэсмык, адваяваны Расеяй у 1595 року. Пасьля шэрагу канфліктаў у 1617 року паводле Сталбоўскага міру большая частка расейскай Карэліі адышла да Швэцыі, што пацягнула за сабой перасяленьне тысячаў карэлаў у Масковію.

У 1649 року расейцы заснавалі ля швэдзкай мяжы новы адміністрацыйна-гандлёвы цэнтар — цьвердзь Алонец. У пачатку XVIII стагодзьдзя Пётар I пачаў адваёву швэдзкай Карэліі. У 1721 року большасьць ейнай тэрыторыі адышла да Расеі паводле Ніштадзкага міру, а ў 1743 пасьля Абаскага міру пад уладу Расеі трапіла і паўднёвая Карэлія. Пасьля Фінскай вайны тэрыторыя Фінляндыі разам з Карэліяй былі ўключаныя ў склад Вялікага княства Фінляндзкага. У 1917 року Фінляндыя абвясьціла незалежнасьць.

У 1918—1920 роках фінскія партызаны намагаліся скінуць бальшавіцкую ўладу ва Ўсходняй Карэліі, каб далучыць яе да Фінляндыі. Гэтыя пераважна беспасьпяховыя наезды спыніліся пасьля заключэньня Тартускай мірнай дамовы, якая вызначыла граніцу РСФСР зь Фінляндыяй. Па ўтварэньні СССР (1922) расейская частка Карэліі стала аўтаномнай рэспублікай РСФСР (1923).

У 1939 СССР напаў на Фінляндыю. У 1940 у Маскве была падпісаная мірная дамова, паводле якой да Савецкага Саюзу адышла большая частка Фінскай Карэліі. Амаль усё насельніцтва, 400 000 чалавек, вымушанае было зьехаць у Фінляндыю. У 1941 року вайна ўзнавілася, і да 1944 року Карэлія належала Фінляндыі. Пасьля мірнай дамовы 1944 року Фінляндыя пазбавілася свайго другога паводле велічыні места — Вііпуры; прамысловага рэгіёну ўздоўж ракі Вуоксы; Сайменскага каналу, які злучаў цэнтральную Фінляндыю зь Фінскім залівам; доступу да рыбалоўнага возера Лаатака; восьмая частка насельніцтва сталі ўцекачамі.

Пасьля Другой сусьветнай вайны Карэльская АССР была ўключаная ў склад Карэла-Фінскай ССР, у 1956 ізноў пераўтворанай у АССР. Пасьля распаду СССР Карэлія стала рэспублікай у складзе Расейскай Фэдэрацыі.