Перайсьці да зьместу

Гісторыя Бачэйкава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мястэчка і палац. А. Адам, 1812 г.

Бачэйкаў — даўняе мястэчка[1] гістарычнай Полаччыны. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барокавага клясыцызму сядзібна-паркавы комплекс Цеханавецкіх, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся Спаская царква і палац Цеханавецкіх, помнікі архітэктуры XVIII ст.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Палац, 1918 (1917?) г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Бачэйкаў як уладаньне князя Я. Ямантовіча датуецца 1460 годам. Пазьней маёнтак належаў яго нашчадку — князю С. Ямантовічу-Падбярэскаму (памёр у 1540 годзе бязьдзетным). У выніку працяглых судовых спрэчак Бачэйкаў і іншыя маёнткі ў 1542 годзе адсудзіла ягоная сястра, князёўна Ўльяна, на карысьць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. На той час уладаньне складалася з двара, якія ўлучаў мястэчка і воласьць (вёскі Плескунова, Стрыжава і інш.). Пры падзеле Бачэйкава дасталося Рыгору (пачынальніку шляхецкага роду Падбярэскіх), а Стрыжава з навакольнымі вёскамі — Івану. Частка маёнтку Бачэйкава належала і А. Цеханавецкаму — імаверна, сыну Ўльяны ад другога шлюбу. Па сьмерці Р. Падбярэскага ў 1585 годзе паселішча цалкам перайшло да роду Цеханавецкіх.

Рынак і царква, ліпень 1918 г.

У Інфлянцкую вайну (1563—1580) Бачэйкаў некалькі разоў спусташалі маскоўскія захопнікі. У 1626 годзе ён складаўся з умацаванага фэўдальнага маёнтку (двара), мястэчка і воласьці зь вёскамі Астраўлянамі, Высакагорай (цяпер Высокая Гара), Жарнасекамі (цяпер Жарнасекава), Забельлем, Клешчынам. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе маскоўскія акупанты ўшчэнт спалілі паселішча. На 1692 год у Бачэйкаве было 45 мяшчанскіх радзінаў і 13 прымакоў, да воласьці належалі вёскі Адамашкава, Дзятлы, Жарнасекі, Забельле-Баярскае, Клешчына, Сенькаўшчына, Старынкі, Філіпенкі. У канцы XVIII ст. у мястэчку дзейнічалі суконная фабрыка, збройная і карэтная майстэрні, дахоўчаты, ганчарны, вінакурны, піваварны заводы. У 1769 годзе адмыслова да прыёму караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага тут збудавалі новы мураваны палац. У гэты час у мястэчку было каля 50 радзінаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Царква, 1918 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бачэйкаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Лепельскага павету Полацкай, з 1802 году Віцебскай губэрні.

У 1852 годзе да маёнтку Бачэйкава, які знаходзіўся ў валоданьні Цеханавецкіх[2], належалі 14 вёсак: Багданава, Валькоўшчына, Грыцькаўка, Дзятлы, Дубровы, Жарнасекі, Забельле, Клешчына, Навасёлкі, Промыслы, Прыгожае, Сенькаўшчына, Тарантова, Шыпулі і 4 засьценкі: Займішча, Касмыры, Сушытна, Талвіншчына. На 1886 год у мястэчку было 29 двароў, лякарня, школа, вінакурня і бровар, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак; штогод праводзіліся 3 кірмашы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым — увосень 1918 году Бачэйкаў займалі нямецкія войскі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бачэйкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Бачэйкаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам сельсавету. Неўзабаве статус паселішча панізілі да вёскі.

На 1970 год у Бачэйкаве было 238 двароў, на 1995 год — 423, на 2005 год — 853. У 2000-я гады Бачэйкаў атрымаў афіцыйны статус аграгарадку.

  1. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 377.
  2. ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 271.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Бачэйкавасховішча мультымэдыйных матэрыялаў