Гістасп
Гістасп (па-старапэрсыдзку: Vištâspa, па-бабілёнску: Uštaspi, па-элямску: Mišdašba, па-грэцку: Ἀρσάμης; да 565 да н. э. - каля 495 да н. э..) - пэрсыдзкі сатрап, прадстаўнік дынастыі Ахемэнідаў, сын Арсама, бацька Дарыя І.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паколькі Дарый І нарадзіўся прыблізна ў 550 да н. э.. датай нараджэньня Гістаспа мусіць быць, прынамсі, 565 да н. э.. Паводле Герадота, быў жанаты з Радаґунай і меў яшчэ трох сыноў - Артабана, Артафэрна й Артана - і, прынамсі, трох дачок, якія выйшлі замуж за Отана, Ґобрыя й Тэаспа.
Паводле Герадота, Гістасп удзельнічаў напрыканцы 530 да н. э.. у апошняй бітве Кіра ІІ з масагетамі. Камбіз II, які замяніў загінулага ўва ўзгаданай бітве Кіра ІІ, прызначыў Гістаспа сатрапам Партыі.
У 522 да н. э.. маг Гаўмата захапіў уладу, скарыстаўшыся знаходжаньнем Камбіза ІІ у Эгіпце, захапіў уладу ў Пэрсіі. Ён абвясьціў сябе братам Камбіза Смэрдысам, які быў таемна забіты сваім братам. Даведаўшыся пра гэта Камбіз вырушыў у Пэрсію, але памёр па дарозе. Тады 29 верасьня 522 да н. э. група змоўшчыкаў у складзе Атана, Гобрыя, Гідарна, Інтафрэна, Мэгабіза І й сына Гістаспа Дарыя забілі Гаўмату, а Дарыя абвясьцілі каралём Дарыем І.
Скарыстаўшыся ўнутранымі супярэчнасьцямі ў Пэрсіі, паўсталі заваяваныя ёй народы: Бабілёнія на чале з Набухаданосарам ІІІ, Армэнія, Асырыя, Партыя, Сагартыя. Найбольшых памераў дасягнула паўстаньне мідыйцаў на чале з Фраортам, які нават захапіў сталіцу - горад Экбатаны. Намагаючыся спыніць паўстаньне, Гістасп са сваім гарнізонам заставаўся ў Партыі. 8 сакавіка 521 да н. э.. ён у бітве ля мястэчка Вішпаўзатыш разьбіў аб'яднанае партанскае й гірканскае войска. Страты паўстанцаў склалі 6.346 забітых, пэрсаў - 4.346. Гэтая бітва не дазволіла пашырыцца паўстаньню й не дала Фраорту аб'ядананымі сіламі напасьці на Дарыя І. 8 траўня Фраорт быў разьбіты Дарыем каля Кундурушу, пасьля чаго уцёк у Партыю, дзе быў схоплены. Пасьля ўжо зьнявечанага Фраорта ўкрыжавалі ў Экбатанах.
Затым, згодна з Бэгістунскім надпісам, войска Дарыя аб'яднаўлася з гарнізонам Гістаспа ды 11 ліпеня 521 да н. э.. разьбіла рэшткі паўстанцаў ля гораду Патыграбана ("месца поўнае дабротаў" - магчыма, сычасны Масгад). Агулам войска Гістаспа забіла 6570 і ўзяло ў палон 4192 паўстанцы.
Пра далейшы лёс Гістаспа амаль нічога невядома. Магчыма, ён кіраваў імпэрыяй падчас паходаў дарыя на Эгіпет і скітаў. Гістасп разам са сваім бацькам Арсамам узгадваюцца як жывыя ў створаным не раней за 520 да н. э.. Бэгістунскім надпісе. Ктэсій Кнідзкі прыводзіць расповед пра сьмерць Гістаспа. Згодна зь ёй, Гістасп разам са сваёй першай жонкай быў пасланы праверыць працэс будаўніцтва магілы, якую Дарый І загадаў высекчы ў склах Накш-і Рустам. Калі Гістасп падумаўся па скале, яму стала дрэнна й ён упаў у бездань. Гэтая падзея датуецца 495 да н. э..