Артафэрн (сатрап)
Артафэрн (па-элямску: Irdapirna, па-грэцку: Ἀρταφρένης; ? — пасьля 493 да н. э.) — пэрсыдзкі сатрап, прадстаўнік дынастыі Ахемэнідаў, сын Гістаспа, брат Дарыя І.
Каля 513 да н.э. прызначаны сатрапам Лідыі замест Атана. У 507 да н.э. прымаў атэнскіх паслоў, якія прапанавалі яму «зямлю й ваду» — старажытны знак падпарадкаваньня. У 499 да н.э. грэцкі тыран Мілету Арыстагор папрасіў у Артафэрна дапамогі ў захопе Наксасу. У адказ Артафэрн вылучыў войска на чале з Мэгабатам. Аднак не зусім удалы паход паказаў янійскім грэкам, што пэрсы не непераможныя.
У выніку янійскія грэцкія гарады з дапамогай Атэнаў паўсталі супраць пэрсаў. Разам яны здолелі нават захапіць сталіцу Лідыі Сарды. Аднак Артафэрн, абараніўшы замак, дагнаў адступіўшых грэкаў і разьбіў іх. Адбудаваўшы Сарды, ён далучыўся да іншых вайскаводаў, якія ваявалі з паўстанцамі, што пацьвярджаецца як Герадотам, так і пэрсэпольскімі таблічкамі.
У 493 да н.э., калі паўстаньне ўжо было задушанае, Артафэрн рэарганізаваў кіраваньне сваёй сатрапіяй. Грэцкі астраном Гекатэй Мілецкі папрасіў яго быць міласьцівым да пераможаных, і, на дзіва, Артафэрн стрымаў дадзенае слова. Гэта апошні вядомы ўчынак Артафэрна напасадзе сатрапа Лідыі. Яго наступнікам на гэтай пасадзе быў ягоны сын, таксама Артафэрн.
Папярэднік Атан |
Сатрап Лідыі 513 да н.э. — 493 да н.э. |
Наступнік Артафэрн |