Перайсьці да зьместу

Гірэі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гірэі
Эмблема Гірэяў "Тамга"
Тытул хан
Краіна паходжаньня Крымскае ханства
Першы з роду Хаджы I Гірэй

Гірэі, Гэраі — татарская дынастыя, якая панавала ў Крымскім ханстве з сярэдзіны XV ст. да 1783 году.

Першы хан Хаджы I Гірэй захапіў уладу пры падтрымцы вялікага князя літоўскага Казімера IV і татарскіх крымскіх князёў з роду Шырын у 1443 годзе. Паводле польскіх крыніц, Хаджы-Гірэй нарадзіўся ў ВКЛ, у г. Трокі. Яго дзейнасьць была накіравана на ўмацаваньне ўлады дынастыі ў Крыме і на абарону сваіх уладаньняў ад іншых прэтэндэнтаў на трон. Ён меў сяброўскія адносіны з Казімерам IV, даволі мірныя адносіны з Маскоўскай княствам, імкнуўся забясьпечыць сваю незалежнасьць ад Асманскай імпэрыі.

Пасьля сьмерці Хаджы-Гірэя ў выніку працяглай барацьбы ханам стаў яго малодшы сын Мэнглі I Гірэй. 3 1475 году Крымскае ханства трапіла ў васальную залежнасьць ад Асманскай імпэрыі, асманскія султаны прызначалі ханаў выключна з нашчадкаў Гірэяў.

Спачатку адносіны Гірэяў з паўночнымі суседзямі былі прыязныя, але пасьля таго, як Казімер IV склаў саюз з ханам Залатой (Вялікай) Арды Ахмэтам (саюз фактычна не быў накіраваны супраць Крыма), адносіны сапсаваліся і Мэнглі І Гірэй склаў вайскова-палітычны саюз з Маскоўскім княствам. Асобныя татарскія орды не падпарадкоўваліся Гірэям.

3 цягам часу Гірэі зразумелі памылку арыентацыі на Маскоўскае княства, асабліва пасьля таго, калі яна заваявала Казанскае, Астраханскае і Сыбірскае ханствы.

У 1657 годзе крымскія татары разьбілі вугорскія войскі прэтэндэнта на польскі трон сяміградзкага князя Дзьёрдзь II Ракацы.

У час казацка-сялянскай вайны 1648—1651 гг. крымскі хан Іслям III Гірэй спачатку падтрымліваў Б. Хмяльніцкага (1648—1649 гг.) і быў пасрэднікам пры падпісаньніі Збораўскага міру 1649 году, пасьля адышоў ад яго і ў 1653 годзе уступіў у саюз з Рэччу Паспалітай.

Апошні крымскі хан з дынастыі Гірэяў Шахін Гірэй пад прымусам расейскага ўраду ў лютым 1783 году адмовіўся ад трону, а Крымскае ханства было далучана да Расейскай імпэрыі.

  • Podhorodecki, L. Chanat Krymski i jego stosunki z Polską w XV—XVIII w. / Leszek Podhorodecki. — Warszawa: «Książka i Wiedza», 1987. — 316, [4] s., [40] s. tabl.: faks., fot., 1 mapa, portr.
  • Греков, И. Б. Восточная Европа и упадок Золотой Орды (на рубеже XIV—XV вв.) / И. Б. Греков; АН СССР, Ин-т славяноведения и балканистики. — М.: Наука, 1975. — 519 с.
  • Канапацкі, І. Гірэі / Ібрагім Канапцкі Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — С. 6—7.
  • Сафаргалиев, М. Г. Распад Золотой орды / М. Г. Сафаргалиев; / Министерство высшего и среднего специального образования, Мордовский государственный университет. — Саранск: [б. и.], 1960. — (Ученые записки; Вып. 11).
  • Смирнов, В. Д. Крымское ханство под верховенством Отоманской порты до начала XVIII века / В. Д. Смирнов. — СПб.: Университетская тип., 1887. — XXXV, 772 с.