Гельмут Обэрляндэр
Гельмут Обэрляндэр | |
Дата нараджэньня | 15 лютага 1924 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 20 верасьня 2021[1] (97 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Занятак | перакладнік, вайсковец |
Сябра ў | Ахоўныя атрады |
Узнагароды |
Гельмут Обэрляндэр (па-нямецку: Helmut Oberlander; 15 лютага 1924, Малачанск, Запароская вобласьць, Украіна — 20 верасьня 2021, Антарыё, Канада) — нямецкі вайсковы злачынца.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле паходжаньня немец. Нарадзіўся ў навакольлі Запарожжа. Ад 1941 служыў перакладчыкам у нямецкім войску (SS Einsatz Kommandos). У ягоныя абавязкі ўваходзілі слуханьне й пераклад савецкіх радыётрансьляцыяў, праца перакладчыкам у зносінах вайскоўцаў і мясцовых жыхароў, ахова вайсковых складоў. У 1954 з жонкай Маргарэт іміграваў у Канаду, жыў у правінцыі Квэбэк, дзе працаваў у будаўнічай сфэры. Пры іміграцыі не паведаміў пра сваю дзейнасьць у вайну.
У 1995 распачалося сьледзтва па справе Обэрляндэра па абвінаваньні ў вайсковых злачынствах[2]. Аднак 28 лютага 2000 судзьдзя Эндру МакКэй зьняў зь яго ўсе абвінавачваньні. Тым ня менш у 2001 Обэрляндэр быў пазбаўлены канадзкага грамадзянства, аднак у 2004 яно было адноўленае. У траўні 2007 ён зноў быў пазбаўлены канадзкага грамадзянства[3]. 27 кастрычніка 2008 суд пацьвердзіў абгрунтаванасьць гэтага рашэньня[4].
Падтрымка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ягоныя абаронцы сьцьвярджаюць, што Обэрляндэр ня ўдзельнічаў у аніводным з вайсковых злачынстваў, не належыў да нацыскае партыі, ня быў палітычным актывістым, ніколі ня меў аніякага рангу, які б даваў яму магчымасьць неяк узьдзейнічаць на падначаленых. Яны заўважаюць, што на момант прызыву яму было толькі 17 гадоў. Яны ж цьвердзяць, што прычынай непаведамленьня ім пры іміграцыі ў Канаду дадзеных пра сваю дзейнасьць у вайну было нежаданьне сутыкацца з шматлікімі праблемамі, зьвязанымі з гэтым.
Абаронцы заўважаюць, што ад моманту прыбыцьця ў Канаду Обэрляндэр быў абразчыкавым грамадзянінам і, што суд над ім выражае толькі інтарэсы аднае з палітычных груповак. Паводле абаронцаў, Гельмут Обэрляндэр — сам бязьвінная ахвяра нацыстаў.
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праціўнікі Обэрляндэра сьцьвярджаюць, што ягоны ўдзел у злачынствах быў значным і, таму, заслугоўвае пакараньня. Паводле дакумэнтаў вайсковага часу, Гельмут Обэрляндэр, будучы этнічным немцам, служыў у гестапа й СД у пэрыяд ад 1941 да прынамсі 1944. Ён служыў ў Адмысловым аддзяленьні 10а Айнзацгрупы D[5], якое ўключала 100—120 чалавек, адказных за зьнішчэньне ў сваім раёне ўсіх «непажаданых» асобаў, перш за ўсё жыдоў і цыганаў. Згодна з дакумэнтамі, прадстаўленымі на Нюрнбэрскім працэсе, Айнзацгрупа D рапартавала ў красавіку 1942, што ад моманту нападу на СССР у чэрвені 1941 ёю былі «выкананыя» 91,678 чалавек, сярод якіх, паводле іншых дакумэнтаў, былі дзясяткі тысячаў жыдоў. Напрацягу лета 1942 Адмысловае аддзяленьне 10а распачало ўжываць газэнвагены для зьдзяйсьненьня масавых забойстваў, замест расстрэлаў, як гэта было дагэтуль. У адным са сваіх рапартаў у Бэрлін, Айнзацгрупа D сьцьвярджала, што ў раёне адказнасьці Адмысловага аддзяленьня 10а «жыдоўскае пытаньне вырашанае». У студзені 1943 Обэрляндэр быў узнагароджаны Вайсковым крыжом 2-е клясы за адметную службу ў Адмысловым аддзяленьні 10а, што паказвае на ягоны добраахвотны ўдзел у вайсковых злачынствах, зьдзейсьненых ягоным аддзяленьнем.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Helmut Oberlander, Canada’s last Nazi-era suspect, dies at 97 (анг.) — The Globe and Mail, 2021. — ISSN 0319-0714; 1196-2607
- ^ Andrew Hunt. Passage of time has altered perspectives on war crimes
- ^ John Ward. Ottawa revokes citizenships over hidden wartime activities — The Globe and Mail
- ^ Канада лишит гражданства эмигранта из Украины за сотрудничество с нацистами
- ^ Accused nazi murderer is expelled from the United States (анг.) Архіўная копія
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |