Гарыла (скандал)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вазававая вуліца ў Браціславе. Дом, у якім адбывалася праслухоўваньне, знаходзіцца па правым баку

Сканда́л «Гары́ла» (па-славацку: Kauza Gorila) — карупцыйны скандал у Славаччыне. Атрымаў назву паводле найменьня дакумэнту славацкай сакрэтнай службы па праслухоўваньні тэлефонных размоваў (па-славацку: Gorila) у 2005—2006 роках, які трапіў у інтэрнэт у сьнежні 2011. У дакумэнце зьмяшчаецца інфармацыя пра палітыкаў, чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, якія абмяркоўваюць адкаты наўзамен за кантракты па закупцы і прыватызацыі. Тым ня меней, сапраўднасьць прыведзеных фактаў афіцыйна не пацьверджаная, а адсутнасьць арыгінальных запісаў размоваў не дае падставы лічыць файл «Гарыла» доказам наяўнасьці гэткіх размоваў[1].

Апублікаваньне дакумэнту, які паказвае на меркаваную распаўсюджаную карупцыю на вышэйшых узроўні, выклікала ў Славаччыне эфэкт выбуху бомбы[2]. Па ўсёй краіне прайшла хваля самаарганізаваных пратэстаў, якія скаардынаваліся пад назовам «Пратэст „Гарыла“». Скандал таксама аказаў уплыў на вынікі парлямэнцкіх выбараў 2012 року[3]. Хоць зьмест усяго дакумэнту ня быў спраўджаны, міністар унутраных справаў Даніель Ліпшыц сапраўды пацьвердзіў факт апэрацыі праслухоўваньня пад кодавай назвай «Гарыла»[1]. 12 студзеня 2012 року раённы суд Браціславы пацьвердзіў, што выдаваў дазвол на апэрацыю «Гарыла»[4].

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2005 кіраўнік аналітычнага аддзелу славацкай інфармацыйнай службы (СІС) Пэтэр Мравец заўважыў, што побач зь ягонай хатай на Вазававай вуліцы ў Браціславе часта паркуюцца ўрадавыя лімузіны і аўтамабілі групы «Penta», аднае зь дзьвюх найбуйнейшых інвэстыцыйных кампаніяў у краіне. У лістападзе 2005 СІС запытала дазвол на праслухоўваньне суседняй з Мравэцавай кватэры, якая належала бізнэсоўцу і былому афіцэру паліцыі Золтану Варгу. З-за росту і выгляду Варгі апэрацыя атрымала кодавую назву «Гарыла» (па-славацку: Gorila).

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзін з плякатаў, якія несьлі пратэстоўцы

Выкладзены ў інтэрнэт тэкст зьмяшчае апэратыўныя расшыфроўкі ў выглядзе справаздачы, зробленай аналітыкам Пэтрам Мраўцам зь дзьвюх стужак: Гарыла і Гарыла1. Стужкі запісвалі тэлефонныя размовы ў 2005—2006 у кватэры па вуліцы Вазававай, д № 9/А ў Браціславе. Запісаныя размовы ўласьніка кватэры Золтана Варгі з старшынём Аддзелу па асаблівых пытаньнях Службы па барацьбе з карупцыяй Прэзыдыюму паліцэскіх сілаў Славаччыны (славац. vedúci Oddelenia zvláštnych činnosti Úradu boja proti korupcii PPZ SR) Янам Рэйдам і бізнэсоўцам Пэтрам Дэмавічам; размовы суўладальніка кватэры Яраслава Гашчака, партнэра Penta Group, зь віцэ-прэм’ерам Ірка Малхарэкам, сяброўкай Выканаўчага камітэту Нацыянальнага фонду маёмасьці (славац. členka Výkonného výboru FNM SR) і дырэктаркай Сэкцыі Нацыянальнага фонду маёмасьці па заснаваньні кампаніяў і выкананьні правоў акцыянэраў (славац. riaditeľka sekcie zakladateľských činností a výkonu práv akcionára FNM SR) Ганнай Бубенікавай (СДКУ), лідэрам палітычнае партыі Курс — сацыяльная дэмакратыя Робэртам Фіцам і ягоным памочнікам Францішкам Гатарам.

Тэкст напісаны ад трэцяе асобы ў апісальным стылі, з рэдкім выкарыстаньнем наўпроставых цытатаў са стужак. Зьмяшчае некаторыя тлумачальныя заўвагі, унесеныя ў тэкст Мраўцам дзеля тлумачэньня прапушчанага зьместу.

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Файл «Гарыла» быў выкладзены невядомым у інтэрнэце 21 сьнежня 2011. Прадстаўнік групы «Penta» Марцін Данка адразу ж назваў дакумэнт «выдумкай» і «фальшыўкай»[5][6].

Першы народны палітычны пратэст адбыўся на плошчы Славацкага нацыянальнага паўстаньня ў Браціславе 27 студзеня 2012. Некалькі тысячаў чалавек прайшлі перад рэзыдэнцыяй прэзыдэнта, кідаючы бананы[7].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Cienski, Jan (10 February 2012) Slovaks protest over corruption claims(анг.). The Financial Times. Праверана 24 May 2012 г.
  2. ^ Slovak politics rocked by 'Gorilla' corruption scandal(анг.) // EurActiv, 17 January 2012 г. Праверана 24 May 2012 г.
  3. ^ Fico enters the jungle(анг.) // The Economist, 17 March 2012 г. Праверана 26 May 2012 г.
  4. ^ HN: Súd potvrdil odpočúvanie z Gorily(славацк.) // Aktuality.sk, 12 January 2012 г. Праверана 24 May 2012 г.
  5. ^ Na verejnosť prenikol dokument s krycím názvom Gorila(славацк.) // TA3, 21 December 2011 г. Праверана 29 July 2012 г.
  6. ^ Údajný dokument SIS naznačuje korupciu(славацк.) // eTrend, 21 December 2011 г. Праверана 29 July 2012 г.
  7. ^ 'Gorilla Protest' takes place in Bratislava(анг.) // The Slovak Spectator, 28 January 2012 г. Праверана 26 May 2012 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]