Габрыель Агінскі
польск. Gabriel Józef Andrzej ks. Ogiński | |
Габрыель Юзэф Андрэй кн. Агінскі. Невядомы мастак, XIX ст. | |
польск. Oginiec | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 30 лістапада 1784 |
Памёр | 26 сьнежня 1842 (58 гадоў) Вільня |
Пахаваны | |
Род | Агінскія |
Бацькі | Ігнат Агінскі[d] Юзэфа Сафія Агінская[d] |
Жонка | Кунэгунда з гр. Броэль-Плятэраў |
Дзейнасьць | скрыпач |
Габрыель Юзэф Андрэй кн. Агінскі (польск. Gabriel Józef Andrzej ks. Ogiński; 30 лістапада 1784 — 26 сьнежня 1842, Вільня) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Кавалер Ганаровага Легіёну, кавалер Ордэну Wirtuti Militari, брыгадны генэрал, вайсковы дарадца і віцэ-прэзыдэнт Часовага Ўраду Літвы (паўстаньне 1830—1831 гадоў), пляменьнік дзяржаўнага дзеяча і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіў са старэйшай княскай лініі роду Агінскіх. Нарадзіўся ў 1784 годзе ў сям’і Ігнацыя Агінскага (польск. Ignacy Ogiński, 1755—1787) і ягонай жонкі Юзэфы Сафіі (польск. Józefa Zofia ks. Ogińska, 1762—1841), старэйшай сястры Міхала Клеафаса Агінскага.
З 22 сьнежня 1803 году быў жанаты з графіняй Кунэгундай з Броэль-Плятэраў (Kunegunda hr. Broel-Plater, 1783—1865). Шлюб быў бязьдзетны.
У 1806 годзе ўступіў на вайсковую службу да войска Вялікага герцагства Варшаўскага, а пасьля фармаваньня 1-га палка польскіх шэвалежэраў Імпэратарскай гвардыі (франц. 1er Regiment de Chevau-legers polonais de la Garde Imperiale) быў пераведзены ў гэты элітны аддзел у афіцэрскім чыне, прымаў удзел у Аўстрыйскай кампаніі 1809 году, Расейскай выправе 1812 году (у якасьці ачольцы Ганаровай варты Імпэратара, складзенай з прадстаўнікоў знаных сем’яў Літвы), Саксонскай кампаніі 1813 году і Францускай кампаніі 1814 году, узьведзены ў палкоўнікі.
Пасьля заканчэньня баёвых дзеяньняў адмовіўся перайсьці на службу ў Царства Польскае і зьехаў у свае літоўскія маёнткі, у 1816 году — Прэзыдэнт Літоўскага галоўнага суду.
Быў чальцом таемнага таварыства Вольных муляроў. У 1816—1822 гг. меў ранг наглядчыка Літоўскай правінцыйнай масонскай ложы «Дасканалая еднасьць» (польск. Doskonała Jedność).
У пачатку Паўстаньня 1830—1831 гг. ачоліў паўстанцаў рэгіёну Трoкаў, на чале якіх далучыўся ля Вільні да польскіх войскаў што ішлі ў Літву на дапамогу. Цягам паўстаньня ўзьведзены ў брыгадныя генэралы, прызначаны вайсковым дарадцам і абраны віцэ-прэзыдэнтам Часовага Ўраду Літвы. Пасьля паразы паўстаньня зьбег у Прусію, а затым у Парыж, дзе ў прадмесьці Сэнт-Анарэ (франц. Saint-Honore) адчыніў пераплётную майстэрню.
У 1840 годзе атрымаў дазвол на вяртаньне ў Літву, але ў пачатку 1842 году быў арыштаваны ў Вільні і зьмешчаны ў вязьніцу, дзе і памёр пасьля 11-месячнага зьняволеньня 26 сьнежня 1842 году ў веку 58 гадоў.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2