Перайсьці да зьместу

Віл Мірзаянаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віл Мірзаянаў
Татарскі грамадзкі і палітычны дзеяч, публіцыст
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся9 сакавіка 1935 (90 гадоў)
Сьцяг СССРв. Старакангышава, Дзюрцюлінскі раён, БАССР, СССР
Партыябеспартыйны
Сужэнец Нурыя Ізмайлава
Узнагароды

Віл Султанавіч Мірзаянаў (тат. Vil Soltan uğlı Mirzacanov, Вил Солтан Улы Мирзаҗанов; нарадзіўся 9 сакавіка 1935 г. у вёсцы Старакангышава Дзюрцюлінскага раёну Башкірскае АССР) — спэцыяліст у галіне хімічнае зброі, актыўны дзяяч экаляґічнага і татарскага нацыянальнага руху.

Нарадзіўся ў настаўніцкай сям’і. Скончыўшы ў 1953 г. Дзюрцюлінскую татарскую школу № 1 з срэбраным мэдалём, паступіў у Маскоўскі хімічны інстытут тонкае хімічнай тэхналёґіі імя М. В. Ламаносава. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю, і ў 1965 г. пачаў працаваць у Дзяржаўным навукова-дасьледчым інстытуце арґанічнае хіміі і тэхналёґіі (ДзяржНДІАХТ). Займаў пасаду начальніка аддзела па супрацьдзеяньні замежным тэхнічным разьведкам. Атрымаў ступень доктара хімічных навук, а ў 1985 г. — вучонае званьне прафэсара.

У 1992 г. апублікаваў у ґазэце «Московские новости» артыкул «Атручаная палітыка»[1], дзе рэзка крытыкаваў расейскі ваенна-прамысловы комплекс і абвінавачваў вышэйшую ўладу ў краіне ў парушэньні Парыскае канвэнцыі аб спыненьні вытворчасьці й выпрабаваньняў хімічнае зброі. Дадзеная крытыка была высланая ім непасрэдна ў Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША і ЦРУ, з гэтае нагоды Мірзаянава абвінавацілі ў разгалашэньні дзяржаўнае таямніцы (арт. 75, ч. 1 КК РСФСР) і арыштавалі 22 кастрычніка 1992. 3 лістапада таго ж году Мірзаянаў быў вызвалены з турмы Лефортава пад падпіску аб нявыезьдзе, аднак у студзені 1994 г. быў арыштаваны паўторна, а 22 лютага зноў вызвалены пасьля шматлікіх мітынґаў і патрабаваньняў эўрапейскіх і амэрыканскіх праваабаронцаў. 11 сакавіка 1994 г. выканаўца абавязкаў Ґенэральнага пракурора РФ А. Н. Ільлюшэнка вынес пастанову аб спыненьні крымінальнае справы «ў сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньнях Мірзаянава складу злачынства» пад калясальным ціскам як і татарскіх нацыяналістаў, так і эўрапейскіх і амэрыканскіх праваабаронцаў.

Пасьля пастановы аб спыненьні крымінальнае справы займаўся апазыцыйнай палітычнай дзейнасьцю. Быў старшынём арґкамітэта Татарскае народнае партыі, якая ўваходзіла ў Фэдэральна-Дэмакратычны Рух Расеі (ФДДР; «партыя Новікава»). У 1996 годзе Віл Мірзаянаў вымушаны быў эміґраваць у ЗША з нагоды рызыкі стварэньня супраць яго крымінальнае справы. У цяперашні час пражывае і працуе ў горадзе Прынстане, штат Нью-Джэрзі. На сайце www.mirzayanov.com публікуе свае публіцыстычныя працы і пераклады. 26 кастрычніка 2008 г. абраны ў прэзыдыюм Мілі Мэджліса. Неафіцыйны лідэр усіх татарскіх нацыяналістаў. У 2010 г. падпісаў зварот расейскае апазыцыі «Путин должен уйти» (бел. «Пуцін мае сысьці»).

  1. ^ Мирзаянов В. Отравленная политика // «Московские новости», 16.09.1992. (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]