Падарожжа
Падаро́жжа — перамяшчэньне па якой-небудзь тэрыторыі або акваторыі з мэтай іхняга вывучэньня, а таксама з агульнаадукацыйнымі, пазнавальнымі, спартовымі і іншымі мэтамі. Да XIX стагодзьдзя падарожжы былі адной з асноўных крыніцаў здабыцьця зьвестак аб тых ці іншых краінах, то бок аб іхняй прыродзе, насельніцтве, гісторыі, гаспадарцы, агульным характары і абрысе паверхні Зямлі. Падарожжа можа ажыцьцяўляцца пехатою, роварам, аўтамабілем, цягніком, чоўнам, аўтобусам, самалётам, караблём або на іншы спосаб, з багажом або безь яго, можа быць як у адзіны бок, гэтак і вяртаньнем у зыходны пункт.
Ад антычнага часу захаваліся апісаньні падарожжаў Герадота, навукоўцаў, якія суправаджалі Аляксандра Македонскага ў ягоных паходах. Клясычны прыклад падарожжа Сярэднявечча — вандраваньні Марка Полё. Падарожжа з рэлігійнымі мэтамі дзеля пакланеньня сьвятыням, наведваньня сьвятых месцаў у Сярэднявеччы атрымала назву паломніцтва альбо пілігрымка. Эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў характэрная многімі падарожжамі, якія ў корані зьмянілі ўяўленьне аб плянэце.
Пазьней вялікае значэньне дзеля пашырэньня ведаў аб Зямлі мелі падарожжы Дэйвіда Лівінгстана і Гэнры Стэнлі, Мікалая Пржавальскага. Апошні зь іх называў свае падарожжы навуковымі рэкагнасцыроўкамі, бо яны маглі задаволіць толькі запыты першаснага і агульнага знаёмства з асаблівасьцямі той ці іншай тэрыторыі. Таму ўжо ў XVIII—XIX стагодзьдзях з паглыбленьнямі дасьледаваньняў, канкрэтызацыі і спэцыялізацыі навуковых мэтаў і задачаў, падарожжы набылі характар навуковых экспэдыцыяў.
Зь сярэдзіны XX стагодзьдзя, у сувязі з буйным разьвіцьцём турызму, тэрмін падарожжа пачало азначаць любую паездку, зьдзейсьненую ў некаторай ступені самастойна, незалежна ад турыстычнай кампаніі. Падарожнікамі на сёньня называюць людзей, якія ладзяць самастойныя ды часта авантурныя вандроўкі. Такія падарожжы, у тым ліку з дасьледчай місіяй, рабілі Тур Хэердал і Юры Сянкевіч. Падарожжа з прынцыповым адмаўленьнем ад паслугаў турыстычнай кампаніі мае назоў бэкпэкінг (анг. backpacking).