Перайсьці да зьместу

Валянціна Талкунова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Валянціна Талкунова

Валянціна Талкунова (па-расейску: Валентина Васильевна Толкунова; 12 ліпеня 1946, Армавір, Краснадарскі край22 сакавіка 2010, Масква[1]) — савецкая і расейская сьпявачка. Заслужаная артыстка РСФСР (1979). Народная артыстка РСФСР (1987).

Сьпявачка нарадзілася 12 ліпеня 1946 году ў горадзе Армавір Краснадарскага краю. У 1964 годзе яна паступіла на дырыжэрска-харавое аддзяленьне Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту культуры. У 1966 годзе Валянціна Талкунова прайшла па конкурсе ў вакальна-інструмэнтальны аркэстар пад кіраўніцтвам Юрыя Саульскага (ВИО-66), у якім яна была салісткай і выконвала песьні пад джазавую музыку. У 1971 годзе сьпявачка скончыла Музыкальную вучэльню імя Гнесіных і агучыла песьні кампазытара І. Катаева на вершы Міхаіла Анчарава ў тэлефільме «День за днем».

У 1972 годзе паэт Леў Ашанін запрасіў Валянціну Талкунову выступіць на сцэне Калённай Залі на юбілейным канцэрце зь песьняй У. Шаінскага. Гэты сканцэрт стаўся пачаткам яе пасьпяховай кар’еры на тэлебачаньні і радыё. З 1973 году яна працавала ў аб’яднаньні «Москонцерт», а з 1989 году была кіраўніком тэатру музычнай драмы і песьні творчага аб’яднаньня «АРТ», у якім быў пастаўлены шэраг музычных спэктакляў.

Падчас канцэрту ў Магілёве 16 лютага 2010 году сьпявачке стала кепска. Яна была шпіталізаваная ў абласную бальніцу. Пасьля гэтага яна была пераведзеная ў Боткінскую бальніцу (Масква).[1] 22 сакавіка ў 6 гадзін раніцы (па маскоўскім часе) яна ўпала ў кому і празь дзьве гадзіны памерла.[2]