Перайсьці да зьместу

Вадзім Пратасаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вадзім Мікалаевіч Пратасаў (31 сакавіка 1889, м. Сызрань, Сімбірская губэрня, Расейская імпэрыя — 5 чэрвеня 1979) – мэдык, Заслужаны ўрач РСФСР.

Нарадзіўся ў сям’і служачага. У 1907 г. скончыў рэальнае вучылішча, у 1917 г. прыродазнаўчы і мэдычны факультэты Казанскага ўнівэрсытэту. 2 траўня 1917 г. накіраваны на Заходні фронт. У Менску Пратасаў быў прызначаны ў перавязачны санітарны атрад, які разьмяшчаўся каля м. Крэва, потым у м. Смаргонь. Са жніўня 1917 г. старшы ваенны лекар 11-га эксплютацыённага батальёна ў Койданаве. У лістападзе 1917 г. абраны старшынём Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту, камандзір і камісар чырвонагвардзейскага атрада (60 чал.), які ўсталёўваў у Койданаве ды воласьці рэвалюцыйны парадак. Па заданьні галоўнакамандуючага Заходнім фронтам А. Ф. Мясьнікяна аддзел забясьпечваў ахову чыгункі на ўчастку Койданава— НегарэлаеСтоўбцы ў час праезду савецкай дэлегацыі ў Брэст-Літоўск на перамовы зь немцамі аб заключэньні міра. Аддзел дзейнічаў аж да акупацыі Койданава кайзэраўскімі войскамі (1918), дзе Пратасаў застаўся на паўлегальным становішчы, а потым празь Менск выехаў у Сыбір. У 1919 г. у Чырвонай арміі, змагаўся з калчакаўцамі, удзельнічаў у задушэньні кулацкага мяцяжу ў Омску. У 1922—1928 гадах старшы лекар стралковай брыгады ў Сьвярдлоўску. У гады ІІ-й Усясьветнай вайны кансультант вайсковых лекараў у шпіталях Сьвярдлоўску ды вобласьці. Актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці, заарганізаваў самадзейны сымфанічны аркестар, напісаў больш за 80 карцін, якія дэманстраваліся на шмат якіх ягоных пэрсанальных выставах. 10 сваіх карцін падараваў працоўным Койданава, якія захоўваюцца ў Койданаўскім гістарычна-краязнаўчым музэі. Яго імем названа вуліца і завулак ў Койданаве Менскай вобласьці Беларусі.

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1.