Перайсьці да зьместу

Вайна ў Пэрсыдзкім заліве

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бура ў пустэльні»)
Вайна ў Пэрсыдзкім заліве
Зьверху па гадзіньнікавай стрэлцы: авіяцыя ВПС ЗША пралятае над падпаленымі нафтавымі сьвідравінамі ў Кувэйце; брытанскія салдаты падчас апэрацыі Granby; выгляд з камэры самалёта Lockheed AC-130; шаша сьмерці; танк M728.
Дата: 2 жніўня 1990 — 28 лютага 1991
Месца: Кувэйт
Вынік: Перамога Кааліцыі, вызваленьне Кувэйту
Супернікі
Сьцяг ААН Міжнародная вайсковая кааліцыя ААНСьцяг Іраку Ірак
Камандуючыя
Сьцяг ЗША Норман Шварцкопф
Сьцяг Саудаўскай Арабіі Халэд бін Султан
Сьцяг Іраку Садам Хусэйн

Сьцяг Іраку Алі аль-Маджыд
Сьцяг Іраку Азіз ан-Нуман

Сьцяг Іраку Султан Хашым

Вайна ў Пэрсыдзкім заліве (скарот: вайна ў заліве) — вайна паміж шматнацыянальнымі сіламі (на чале з ЗША, па мандаце ААН) і Іракам за вызваленьне і ўзнаўленьне незалежнасьці Кувэйту.

Канфлікт вядомы вялікім размахам ужываньня авіяцыі і «разумнай» высокадакладнай зброі, што па меркаваньні шматлікіх адмыслоўцаў, адзначыла пачатак новай эпохі ў вайсковай справе (таксама, дзякуючы самаму шырокаму асьвятленьню працэсу баявых дзеяньняў у СМІ, апэрацыя атрымала мянушку «тэлевізійная вайна»). У амэрыканскім ужытку вайсковая апэрацыя мела назву «Бу́ра ў пустэ́льні».

Кувэйт быў заснаваны ў XVIII стагодзьдзі групай бедуінскіх клянаў, якія перасяліліся да берага Пэрсідскага заліва з унутраных раёнаў Арабіі і Катарскага паўвострава. Статус Кувэйта быў досыць нявызначаным: Асманская імпэрыя лічыла яго часткай сваёй тэрыторыі, фактычна жа шэйхі Кувэйта праводзілі незалежную ад Стамбула палітыку. У канцы XIX стагодзьдзя Кувэйт патрапіў у залежнасьць ад Вялікабрытаніі, а ў 1920 годзе афіцыйна стаў пратэктаратам Брытанскай імпэрыі. Незалежнасьць краіна атрымала ў 1961 годзе.

Ірак уварваўся ў Кувэйт у жніўні 1990 году, зноў, як у 60-я гады, прад’явіўшы прэтэнзіі на права кіраваць эміратам, які ў ірацкай традыцыі лічыцца былой часткай Асманскай імпэрыі, абвінаваціўшы паўднёвага суседа ў крадзяжы нафты (сьвідраваньне па тэхналёгіі нахільных сьвідравін, якая была адмыслова прадстаўленая Кувэйту ЗША) з прымежных радовішчаў Ірака, а таксама (і гэтая вэрсія жывая сярод іракцаў дагэтуль) ва ўдзеле ў міжнароднай супрацьірацкай змове.

Уначы 2 жніўня 1990 году чатыры рэгулярныя дывізіі ірацкага войска ўварваліся ў Кувэйт. З прычыны поўнай вайсковай перавагі суперніка наземныя падпадзяленьні ўзброеных сіл Кувэйта вялі стрымліваючыя баі, у той жа час адыходзячы на тэрыторыю Саудаўскай Арабіі. Асноўная частка авіяцыі ВПС Кувэйта пасьпела перабазавацца на саудаўскія аэрадромы. Да зыходу дня Эль-Кувэйт знаходзіўся пад кантролем ірацкіх сілаў.

Посьпех апэрацыі па акупацыі Кувэйта быў наканаваны значнай колькаснай і якаснай перавагай войскаў уварваньня над нацыянальным кувэйцкім войскам. Тым ня менш, Ірак пацярпеў сур’ёзную няўдачу, адгукнуўшуюся на наступным разьвіцьці кувэйцкага крызісу: ірацкім спэцпадраздзяленьням не атрымалася захапіць кувэйцкага эміра Джабэра III. Спроба шрубалётнага дэсанту ў Эль-Кувэйце з мэтай захопу эміра натыкнулася на процідзеяньне СПА краіны, пры гэтым сілы спэцпрызначэньня панесьлі значныя страты. Эмір пасьпеў эвакуявацца ў Саудаўскую Арабію, аднак яго брат загінуў пры штурме палацавага комплексу.

Рэакцыя сусьветнай грамадзкасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ужо 2 жніўня Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю № 660, у якой асудзіла ўварваньне і запатрабавала ад Іраку неадкладна вывесьці свае войскі з Кувэйту. Ірацкае кіраўніцтва праігнаравала гэтую рэзалюцыю. У Кувэйце быў ўсталяваны «часовы ўрад», які зьвярнуўся да Іраку з просьбай улучыць Кувэйт у свой склад. 8 жніўня было абвешчана аб фактычнай анэксіі Кувэйта. Частка тэрыторыі краіны была далучаная да ірацкай правінцыі Басра, а пакінутая тэрыторыя абвешчаная 19-й правінцыяй Ірака. Горад Эль-Кувэйт быў пераназваны ў Кадхіму. У Саудаўскую Арабію пачалі прыбываць кувэйцкія ўцекачы.

Рада Бясьпекі ААН працягвала рэгулярна вяртацца да кувэйцкага крызісу і прымаць рэзалюцыі (у агульнай складанасьці да канца году іх было вынесена 12). На Ірак быў накладзены шэраг санкцый, уведзеная марская блякада. У адказ на гэта ў Іраку былі затрыманыя грамадзяне тых краін, якія прынялі ўдзел у санкцыях. Гэтыя людзі апынуліся фактычна ў становішчы закладнікаў і выкарыстоўваліся Іракам для палітычнага маніпуляваньня. Толькі ў сьнежні праблема замежных грамадзян у Іраку была канчаткова вырашаная.

Тым часам сусьветнай грамадзкасьці сталі вядомыя шматлікія факты марадэрства з боку ірацкіх салдатаў у акупаваным Кувэйце. Карэспандэнт газэты «Весткі» Барыс Іваноў так апісваў убачанае ім у былой сталіцы краіны:

« Па горадзе ў тыя дні блукалі натоўпы салдатаў, нясучы ў адной руцэ аўтамат, а ў іншай — раздзьмуты да неверагодных памераў ад выкрадзеных рэчаў мех… З часам тэхналёгія рабаваньняў была даведзеная да дасканаласьці. Як правіла, афіцэр з групай падпарадкаваных пад'яжджаў на машыне да аблюбаванай загадзя крамы. Салдаты па камандзе выбівалі дзьверы або вакно, і арганізавана, бязь лішняй мітусьні, пачыналі загружаць аўтамабіль таварамі. »

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі адзначалі, што шматлікія кувэйцкія мужчыны падвяргаліся катаваньням, а жанчыны згвалтаваньням.

Апэрацыя «Шчыт пустэльні»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля акупацыі Кувэйта на кувэйцка-саудаўскай мяжы зьявілася буйная групоўка ўзброеных сіл Ірака. Амаль адразу ж сталі адбывацца памежныя інцыдэнты, зьвязаныя з парушэньнем ірацкімі падпадзяленьнямі міжнароднай мяжы паміж краінамі. Намеры прэзыдэнта Ірака Садама Хусэйна заставаліся смутнымі. Шэрагі заходніх аналітыкаў меркавалі, што зараз ён можа паспрабаваць уварвацца ў Саудаўскую Арабію, мелую відавочна недастаткова войскаў для адбіцьця падобнага ўварваньня. Кантроль над двума краінамі, якія валодаюць велізарнымі запасамі нафты, дазволіў бы Іраку істотна ўплываць на сусьветны нафтавы рынак. З прычыны гэтых меркаваньняў ЗША яшчэ дзесяцігодзьдзе таму абвясьціўшыя Пэрсідскі заліў зонай сваіх нацыянальных інтарэсаў, прапанавалі Саудаўскай Арабіі разьмясьціць на яе тэрыторыі свае войскі. Пасьля некаторых ваганьняў кароль краіны Фахд даў сваю згоду. Ужо 7 жніўня ў Саудаўскую Арабію пачалі прыбываць амэрыканскія войскі. Апэрацыя па забесьпячэньні бясьпекі краіны атрымала назву «Шчыт пустэльні» (Desert Shield).

29 лістапада 1990 году, пасьля правалу шматлікіх спроб схіліць Ірак да мірнага ўрэгуляваньня крызісу, СБ ААН прыняў рэзалюцыю № 678. Рэзалюцыя давала Іраку паўтары месяцы для таго, каб спыніць акупацыю Кувэйта. Калі гэтага не адбудзецца, дзяржавы-чальцы ААН, што супрацоўнічалі з урадам Кувэйта, упаўнаважваюцца «выкарыстаць усе неабходныя сродкі з тым, каб падтрымаць і выканаць рэзалюцыю № 660 (1990) і ўсе наступныя адпаведныя рэзалюцыі і аднавіць міжнародны мір і бясьпеку ў гэтым рэгіёне». Гэта азначала, што ААН падала ўжо сфармаванай на той момант кааліцыі Шматнацыянальных Сілаў права на правядзеньне ваеннай апэрацыі па вызваленьні Кувэйта.

Апэрацыя «Бура ў пустэльні»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

17 студзеня 1991 войскі міжнароднай кааліцыі пачалі баявую апэрацыю па вызваленьні Кувэйта пад назвай «Бура ў пустэльні», якая пасьпяхова завяршылася 24 лютага 1991 году.

З 17 студзеня па 24 лютага 1991 году праводзілася так званая бескантактавая фаза: масіраваныя ўдары з паветра, у якіх было задзейнічана да 1000 самалётаў, якія базаваліся як на наземных ваенна-паветраных базах, так і на 6 авіяносцах. Ірак адказваў абстрэламі тэрыторыі Ізраілю (які не прымаў удзелу ў вайне) балістычнымі ракетамі «Скад» (18 сьнежня) і акцыямі «экалягічнага тэрарызму» (гэта значыць зьлівам нафты ў Пэрсыдзкі заліў, 25 сьнежня).

29 студзеня ірацкія войскі ўварваліся ў саудаўскі гарадок Рос-эль-Хафджы. Гэтае сталася нечаканасьцю для Кааліцыі, аднак амаль адразу пачаліся спробы адбіць горад. 1 лютага 1991 горад Рос-эль-Хафджы быў адбіты (гл. Бітва пры Хафджы).

Апэрацыя «Шабля пустэльні»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Схема наземнага наступу войскаў міжнароднай кааліцыі

24 лютага — 28 лютага 1991 — наземная апэрацыя, якая завяршылася вызваленьнем Кувэйта і ўзнаўленьнем status quo. Камандуючы міжнацыянальнымі сіламі генэрал Шварцкопф зрабіў асноўны ўдар не на кувэйцкім кірунку, дзе яго чакала ірацкае камандаваньне, якое падрыхтавала тамака статычную абарону, а заходней, у пустынным раёне ўздоўж саудаўска-ірацкай мяжы. Сталіца Кувэйту была вызваленая за двое сутак; надыходзячыя з захаду войскі кааліцыі падышлі да Басры, практычна акружыўшы адступаючыя з Кувэйту ірацкія сілы. Раніцай 28 лютага Садам Хусэйн абвясьціў аб спыненьні агню і прыняцьці Іракам усіх патрабаваньняў ААН. 3 сакавіка Норман Шварцкопф і Халэд бін Султан на захопленай ірацкай авіябазе Сафван падпісалі з прадстаўнікамі ірацкага боку дамову аб спыненьні вагню.

Зьвесткі па стратах міжнароднай кааліцыі носяць разрозьнены характар. Найболей поўныя зьвесткі існуюць па стратах ЗША. У прыведзены ніжэй сьпіс ня ўключаныя некаторыя страты іншых краін-удзельніц МК, панесеныя да пачатку баявых дзеяньняў і пасьля іх сканчэньня.

  • ЗША
    • Людзкія страты: 298 загінулых, у тым ліку 147 — баявыя страты. Найбольшыя страты (17 чалавек забітымі) панесла 1-я мэханізаваная дывізія; незвычайна высокім быў узровень страт ад так званага «дружалюбнага агню» (23%).
    • Страты ў тэхніцы: 6 танкаў, 1 гаўбіца, 9 адзінак іншай бранятэхнікі.
    • Страты ў авіяцыі: 40 самалётаў (у тым ліку 28 ад дзеяньняў суперніка), 23 шрубалёты (у тым ліку 5 ад дзеяньняў суперніка).
    • Страты на флёце: два вайсковыя караблі, «Прынстан» і «Трыпалі», атрымалі пашкоджаньні, падарваўшыся на мінах.
  • Вялікабрытанія
    • Людзкія страты: 24 загінулыя, у тым ліку 11 ад «дружалюбнага агню».
    • Страты ў авіяцыі: 7 самалётаў (Tornado).
  • Саудаўская Арабія: 44 загінулыя.
  • Эгіпет: 14 загінулых
  • Францыя: 2 загінулыя
  • Кувэйт: страчаны 1 самалёт.
  • Італія: страчаны 1 самалёт.

Агульны лік загінулых у складзе сіл кааліцыі, акрамя страт амэрыканскага кантынгенту, 87 чалавек.

Існуюць розныя ацэнкі страт Ірака ў вайне 1991 году. Адразу пасьля завяршэньня баявых дзеяньняў у заходніх СМІ паведамлялася, што лік загінулых іракцаў можа дасягаць 100 тыс. чалавек. Некаторыя аўтары прытрымваюцца яшчэ больш высокіх лічбаў — да 200 тыс. загінулых.

Паводле афіцыйных зьвестак ірацкага ўрада, апублікаваных пасьля вайны, ахвярамі паветраных налётаў у 1991 годзе сталі 2278 мірных жыхароў. Страты ірацкага войска афіцыйна не паведамляліся. Па ацэнцы дасьледніка Карла Канэты, у выніку паветраных бамбаваньняў і наземных баявых дзеяньняў ірацкія ўзброеныя сілы страцілі каля 20 тыс. чалавек забітымі. У Кувэйце ў пэрыяд з пачатку акупацыі да пачатку ваеннай актыўнасьці МК загінула каля 200 ірацкіх салдатаў, зь іх 126 у выніку згубы вайскова-транспартнага самалёта, зьбітага чальцамі кувэйцкага падпольля.

Ніжэй прыведзеная ацэнка матэрыяльных страт узброеных сіл Іраку, апублікаваная Цэнтральным камандаваньнем ЗША 7 сакавіка 1991 году. Паколькі яна зробленая «па гарачых слядах», некаторыя лічбы ў ёй могуць не супадаць з ацэнкамі, зробленымі пазьней:

  • Авіяцыя. Зьнішчана 104 самалёты (зь іх 36 у паветраных баях) і 19 шрубалётаў (зь іх 5 у паветраных баях). Акрамя таго, 137 самалётаў пераляцелі ў Іран.
  • Бранятэхніка. Зьнішчана, выведзена са строю, захоплена 3700 танкаў, 2400 іншых адзінак бранятэхнікі.
  • Артылерыя. Зьнішчана, выведзена са строю, захоплена 2600 ствалоў артылерыі.
  • Флёт. Зьнішчана 19 караблёў ВМС Ірака.

У агульнай колькасьці зьнішчана або страціла баяздольнасьць 42 дывізіі ўзброеных сіл Ірака. Сілы ЗША захапілі ў палон 71 204 ірацкіх вайскоўцаў (інфармацыя аб колькасці палонных у войскаў іншых краін кааліцыі адсутнічае).

Ізраіль, які ня ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях, папакутаваў ад ваеннай актыўнасьці ірацкага войска (абстрэлах тэрыторыі Ізраілю балістычнымі ракетамі тыпу «Скад»), яго страты склалі 4 забітыя і 300 параненых.