Барыс Гюнтэр
Барыс Гюнтэр | |
дэпутат Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня Сакратар камісіі ВС у пытаньнях працы, цэнаў, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва | |
---|---|
1990 — 9 студзеня 1996 году | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
2 верасьня 1943 22 жніўня 2014 |
Памёр: |
22 жніўня 2014 (70 гадоў) |
Партыя: | Партыя БНФ |
Барыс Гюнтэр (2 верасьня 1943 — 22 жніўня 2014[1]) — беларускі палітык, і грамадзкі дзяяч, дэпутат Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Арышт у 8 гадоў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і актораў. Маці — расейка, бацька — з павалжанскіх немцаў. З 8 гадоў жылі ў Разані прама ў тэатры.
Пасьля таго, як Барыс сунуў алавяннага салдаціка ў разэтку і выключыў усё сьвятло ў тэатры, нехта напісаў данос, што хлопец сарваў патрыятычны спэктакль. Гэта расцанілі як дывэрсію і арыштавалі бацькоў Барыса, а праз тры дні і яго самога. З бацькамі Барыс сустрэўся толькі праз тры гады — калі іх вызвалілі. Хлопчыка месяц трымалі ў разанскім сьледчым ізалятары, у камэры разам зь ім было каля 30 чалавек — дзяцей рознага ўзросту. Падчас допытаў Барыса фізычна катавалі, выбіваючы прызнаньне, што нехта яго падштурхнуў да дывэрсіі. Суду не было. Перавезьлі ў Маскву і адправілі на двухмесячны этап да гораду Ангарску ў дзіцячы дом для дзяцей асуджаных. Бацькі вызваліліся ў 1954 годзе, уладкаваліся на працу ў Іркуцку і забралі сына з інтэрнату[2].
Пасьля няўдалай спробы паступіць у інстытут, куды яго не ўзялі з-за судзімасьці бацькоў, і службы ў арміі, яго накіравалі працаваць сьлесарам на паўвыспу Мангушлак (Казахстан), прымаў удзел у будаўніцтве знакамітага маяка ў горадзе Актаў. Праз 13 гадоў пераехаў жыць у Гомель, дзе працаваў на Гомсельмашы.
Дэпутацкая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Вярхоўны Савет быў абраны ад Гомельскай-Сельмашаўскай акругі. Зь першага дня ўтварэньня Апазыцыі БНФ быў яе актыўным сябрам. Уваходзіў у склад Ценевага Кабінэту Апазыцыі БНФ.
Быў сакратаром Камісіі ВС у пытаньнях працы, цэнаў, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва. Уваходзіў у склад Часовай камісіі ВС па ацэнцы дзейнасьці службовых асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
У студзені 1991 году ў складзе дэлегацыі Апазыцыі БНФ быў у Вільні, калі туды былі ўведзеныя савецкія войскі з мэтай падавіць імкненьне летувісаў да Незалежнасьці. Узнагароджаны мэдалём Літоўскай Рэспублікі «Памяці 13 студзеня».
Барыс Гюнтэр быў адным з аўтараў пакету дакумэнтаў, якія ляглі ў падмурак прынятых 25 жніўня 1991 году Пастановы аб абвяшчэньні незалежнасьці Беларусі.
Удзельнік галадоўкі дэпутатаў 11-12 красавіка 1995 году ў Авальнай залі, абвешчанай на знак пратэсту супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзіна дзяржаўнай, ліквідацыі статусу дзяржаўных сымбаляў «Пагоні» і Бел-Чырвона-белага сьцяга, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.
Пасьля заканчэньня дэпутацкіх паўнамоцтваў пэўны час працаваў у праваабарончым цэнтры «Вясна».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Памёр дэпутат Апазыцыі БНФ Барыс Гюнтэр, Радыё Свабода, 22-08-2014
- ^ Барыс Гюнтар. Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій у Беларусі