Баграт III

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Баграт III
ბაგრატ III
Bagrat III Unifier (crop).png
Род дзейнасьці цар Грузіі
Дата нараджэньня 960(0960)
Месца нараджэньня Кутаісі
Дата сьмерці 7 траўня 1014
Месца сьмерці Палац Панаскерці, Тао-Кларджэці
Бацька Гурген II
Маці Гурандухт Абхазская
Дзеці Георгі I (цар Грузіі) і Васіль Кахульскі

Баграт III (каля 960 — 7 траўня 1014) — цар аб’яднанай Грузіі (1008 — 7 траўня 1014), цар Абхазіі (975—1014). Сын Гургена II, прадстаўнік дынастыі Баграціёнаў.

У 1008 памёр бацька Баграта, цар Гурген. Землі — Шаўшэт-Кларджэці, Самцхэ й Джавахеці, якія знаходзіліся пад яго кіраваньнем, былі далучаны да ўладаньняў Баграта III. Толькі Кахеція і Эрэці заставаліся самастойнымі княствамі. У 1010 Баграт уварваўся ў Кахецію, захапіў у палон яе кіраўніка і далучыў да свайго царства Кахеція-Эрэці.

Пасьля Баграт III падпарадкаваў сабе Паўднёвую Грузію, дзе яго родзічы ўсё яшчэ спрабавалі захаваць незалежнасьць. У 1011—1012 гг. цар Баграт III захапіў у палон некаторых зь іх і адправіў у крэпасьць, іншыя схаваліся ў Бізантыі, спрабуючы пры падтрымцы бізантыйскага імпэратара аднавіць «справядлівасьць» і вярнуць сабе страчаныя ўладаньні.

Аб’яднаньне і ўзмацненьне Грузіі выклікала занепакоенасьць у суседніх зь ёй арабскіх ўладароў. Узьнікненьне моцных дзяржаваў на тэрыторыі Грузіі і Армэніі прадвяшчала канчатковае вызваленьне Закаўказьзя ад улады арабаў. Адным з самых непрымірымых ворагаў Армэніі і Грузіі зьяўляўся гандзійскі эмір Фадлон. Калі цар Баграт III далучыў да грузінскага царства Эрэт і Кахеці, гандзійскі эмір, угледзеўшы ў гэтым пагрозу сваёй магутнасьці, распачаў шэраг спусташальных набегаў на памежныя раёны гэтых абласьцей. Цар Баграт III прапанаваў армянскаму шахіншаху Гагіку I сумесны паход супраць Фадлона. У 1011—1012 гг. аб’яднанае грузіна-армянскае войска ўвайшло ў гандзійскі эмірат і абклала горад Шамхор. Зразумеўшы, што супраціў бессэнсоўны, Фадлон папрасіў міру на васальных умовах. Грузінскі цар прыняў гэтыя ўмовы, усклаўшы на Фадлона выплату штогадовай даніны і абавязаўшы яго, у выпадку патрэбы, выступаць у паход сумесна з грузінамі.

У траўні 1014 цар Баграт III памёр, так і не пасьпеўшы цалкам завяршыць палітычнае аб’яднаньне краіны. Тбілісі з прылеглымі да гораду землямі заставаўся ў руках арабскага эміра. Буйныя азнауры таксама не жадалі скарыцца царскай улады. Яны толькі на час склалі зброю і марылі насуперак намаганьням цара аднавіць свае былыя правы і прывілеі.