Бабруйскі мастацкі музэй
Бабруйскі мастацкі музэй імя Георгія Паплаўскага | |
Філія | Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь |
---|---|
Месцазнаходжаньне | Бабруйск, Беларусь |
Адрас | вул. М. Горкага, 28 |
Велічыня калекцыі | 682 (2014) |
Створаны | 8 ліпеня 2009 г. |
Дырэктар | Сьвятлана Прывалава |
artbobruisk.museum.by/be |
Бабруйскі мастацкі музэй імя Георгія Паплаўскага — музэй выяўленчага мастацтва ў Бабруйску (Беларусь).
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Музэй заснаваны 8 ліпеня 2009 году на базе «Выставачнай залі Бабруйску», якая вядзе сваю гісторыю з 1976 году, калі яе арганізаваў старшыня Бабруйскай мескай арганізацыі Саюзу мастакоў БССР Сямён Абрамаў, які з 1976 па 1989 год быў ейным дырэктарам. Памяшканьне выставачнай залі было самым буйным у Беларусі пасьля менскага Палацу мастацтва.
30 ліпеня 2012 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё музэю для наведвальнікаў пасьля рэканструкцыі памяшканьня[1]. Музэю было прысвоена імя знакамітага земляка, Народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага.
Сёньня музэй мае 2 памяшканьні ў Бабруйску: мастацкую галерэю па вул. М. Горкага, 28 і выставачную залю па вул. Сацыялістычнай, 100.
Місія музэю — захаваньне для будучага пакаленьня твораў прафэсійных мастакоў, чыё жыцьцё і творчасьць былі зьвязаны з Бабруйскім краем.
Мастацкі фонд музэю пачаў фармавацца з 2004 году. Асноўнай экспазыцыяй на сёньняшні дзень зьяўляецца экспазыцыя твораў бабруйскіх мастакоў з 1960-х гадоў па 2016. Паводле стану на 1 студзеня 2016 колькасьць адзінак захоўваньня асноўнага фонду — 803[2]. Найбольш адметныя калекцыі: сучасная мастацкая кераміка, графіка Георгія Паплаўскага, Людвіга Асецкага, Юрыя Нікіфарава, творы Валерыя Назарава (мастака-пастаноўшчыка кінафільму «Анастасія Слуцкая»), расейскага жывапісца Мікалая Давыдава, беларускіх жывапісцаў Паўла Масьленікава, Эдуарда Белагурава, Леаніда Марчанкі, Максіма Калтыгіна, Уладзімера Рубцова, Уладзімера Дамарада й іншых.
Сярод маладых мастакоў, творы якіх папоўнілі экспазыцыю музэю — Жанна Будэйка, Натальля Марчанка, Уладзімер Канцадайлаў, Алег Захарэвіч, Ірына Кустава, Марына Арасланава.
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў экспазыцыі музэю прадстаўлена габэленам, батыкам і пано з скуры.
Музэй зьяўляецца арт-пляцоўкай да штогадовых міжнародных пленэраў па кераміцы ў Бабруйску «Арт-Жыжаль», якімі з 2003 году творча кіруе мастак-кераміст Валеры Калтыгін, старшыня Бабруйскай гарадзкой арганізацыі Беларускага саюзу мастакоў.
У 2006 годзе жыхар Бабруйска Віталь Сакалоў перадаў у дар гораду калекцыю ўзораў мінэралаў і горных парод, якая зьяўляецца другой паводле велічыні ў Беларусі пасьля той, што сабраная ў Музэі землязнаўства геаграфічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Экспанаты калекцыі папоўнілі дапаможны фонд музэю на 988 прадметаў. Значная іх частка прадстаўлена ў пастаяннай экспазыцыі «Жывапіс зямлі», якая адкрылася ў музэі ў чэрвені 2014 году[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ museum.by Бабруйскі мастацкі музей
- ^ Государственное учреждение культуры «Бобруйский художественный музей» (рас.). Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт. Праверана 23 кастрычніка 2018 г.
- ^ Город художников, «столица керамики» и коллекция камней. Репортаж из Бобруйского художественного музея
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рэпартаж з Бабруйскага мастацкага музэю (рас.) // TUT.BY