Архілёх
| Архілёх | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Нарадзіўся | 688 да н. э.[1] |
| Памёр | каля 645 да н. э. |
| Бацькі | Тэлесыкль[d] Enipo[d] |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | паэт, пісьменьнік, эпіграматыст, элегіст |
| Жанр | ямбічная паэзія[d][3] |
| Мова | старажытнагрэцкая мова[4] |
Архілёх (па-старажытнагрэцку: Ἀρχίλοχος) — старажытнагрэцкі паэт (VII ст. да н.э.). Першы эўрапейскі лірык[5].
Нарадзіўся на востраве Парас ад вольнага бацькі і рабыні-маці, балюча перажываў сваё двухсэнсоўнае становішча, і гэта наклала адбітак на яго характар, на жыцьцёвы лёс і, урэшце, на паэзію. Закахаўся ў Нэабулу, бацька якой спачатку абяцаў дачку Архілёху, а затым адмовіў. У далейшым паэт жорстка адпомсьціў сваёй былой каханай, высьмеяўшы яе ў сваіх вершах. А вершы сьведчаць пра яго як чалавека бурнага тэмпэрамэнту, што ня ведаў межаў ні ў каханьні, ні ў нянавісьці. Пасьля расчараваньня ў любімай дзяўчыне Архілёх пакідае родны востраў і адпраўляецца насустрач прыгодам — шукаць золата, служыць у войску. Усё жыцьцё ён праводзіць у войнах і блуканьнях. Загінуў прыкладна каля 640 г. да н.э.
Архілёх — першая індывідуальнасьць у грэцкай літаратуры, што ярка выявіла сябе. Браў за ўзор паэзію Гамэра, але супрацьпастаўляў эпічнаму ідэалу вобраз індывідуалізаванага чалавека. Творчасьць Архілёха адметная разнастайнасьцю жанраў і рытмаў. У яго сатырычных ямбах, элегіях, эпіграмах, гімнах (захаваліся ва ўрыўках) — роздум пра зьменлівасьць лёсу, гонар, доблесьць, пасьмяротную славу.
Яго творчасьць сьведчыла, што эпоха гамэраўскіх герояў скончылася. У новых абставінах — міжусобіц, войнаў, распаду родавых, сямейных сувязей — асоба імкнулася знайсьці сваё месца ў сьвеце, выявіць свой дух. 3 нябачнай да таго сілай Архілёх перадаў у вершах парывы няспраўджанай палкасьці, прыступы саркастычнай помсьлівасьці, гатоўнасьць пераносіць удары лёсу. Ён адмовіўся ад старых вершаваных памераў — гекзаметру, пэнтаметру — і зьвярнуўся да формаў народнай паэзіі, увёўшы ў прыгожае пісьменства нязвыклы для яго памер — ямб. 3 таго часу ямб — адна з самых распаўсюджаных формаў эўрапейскага вершаскладаньня.
На радзіме ў гонар Архілёха было пабудавана сьвяцілішча (уцалелі рэшткі з надпісамі — біяграфічныя зьвесткі і ўрыўкі зь яго вершаў).
На беларускую мову паэзію Архілёха пераклаў Лявон Баршчэўскі.
Пераклад на беларускую мову
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Вершы і фрагменты. Пераклад Л. Баршчэўскага. Мінск: Зміцер Колас, 2019. («Паэты планеты»).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 Архилох (рас.) // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. II. — С. 264.
- ↑ Αρχίλοχος, // Λεξικό Νεοελληνικής Λογοτεχνίας (грэц.): Πρόσωπα, Έργα, Ρεύµατα, Όροι — Αθήνα: 2007. — С. 197. — ISBN 978-960-16-2237-8
- ↑ Праект Пэрсэюс — 1987.
- ↑ Archilochus // CONOR.SI
- ↑ Т. Шамякіна (2008)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Шамякіна Т. Антычная літаратура // Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Тацьцяна Шамякіна. — Мінск: Маст. літ., 2008. — С. 213—242. ISBN 978-985-02-0925-2.