Перайсьці да зьместу

Аргуля фон Грумбах

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Argula von Grumbach.

Аргуля фон Грумбах (па-нямецку: Argula von Grumbach), у дзявоцтве фон Штаўф (ням. von Stauff; 1492 — к. 1554) — баварская шляхцянка, дзяячка Пратэстанцкай Рэфармацыі ў Нямеччыне. Першая пратэстанцкая жанчына-пісьменьніца. Вядомая ў першую чаргу за выклік на дэбаты кіраўніцтва Інгальштацкага ўнівэрсытэту, якое забараняла распаўсюд рэфармацыйных ідэяў сярод студэнтаў.

Аргуля фон Штаўф нарадзілася пад Рэгенсбургам (Баварыя). Сям’я жыла ў Эрэнфэльскім замку, дзе знаходзілася іхняя баронская сядзіба. Фон Штаўфы былі фрайгэрамі, падсправаздачнымі толькі імпэратару.

Аргуля гадавалася ў глыбока рэлігійным і палітычным атачэньні. У 10-гадовым узросьце бацька падараваў ёй нямецкамоўную Біблію Кобэргера, і яна вывучыла яе ці не на памяць. У 16-гадовым узросьце Аргуля трапіла на Мюнхэнскі двор, дзе служыла фрэйлінай каралевы Кунігунды, дачкі імпэратара Фрыдрыха III.

У 1509 року абодва ейныя бацькі загінулі ад эпідэміі чумы, і апекавацца ёй узяўся стрый Геранімус, значная фігура пры каралеўскім двары. Аднак ён апынуўся замяшаным у палітычным скандале і ў 1516 року быў пакараны сьмерцю.

У гэтым жа годзе Аргуля выйшла за Фрыдрыха фон Грумбаха, які займаў чынавенскую пасаду ў Дытфурце і валодаў землямі ў Баварыі. Зь ім мелі чатырох дзяцей, а ў 1530 року ён сканаў меркавана ад слабога здароўя. У 1533 Аргуля зноў выйшла замуж за графа фон Шліка, аднак і ён сканаў праз два гады.

Пасьля выхаду першых твораў Марціна Лютэра і Філіпа Мэлянхтона Аргуля фон Грумбах стала іхняй пасьлядоўніцай ды пачала ліставаньнем зь Лютэрам і ягонымі аднадумцамі.

У 1523 року колішні студэнт Інгальштацкага ўнівэрсытэту, а цяпер настаўнік Арзацыюс Зэегофэр быў арыштаваны за пратэстанцкія погляды, паколькі ў Баварыі была ўведзеная забарона на прыняцьце лютэравых ідэяў. У адказ на гэта Аргуля фон Грумбах склала сваё найбольш вядомае пасланьне — ліст выкладчыкам унівэрсытэту супраць арышту і высылкі Зэегофэра. У ім яна заклікала ўнівэрсытэт трымацца Пісаньня, а ня рыма-каталіцкіх традыцыяў.

Ейны ліст быў распаўсюджаны ўлёткамі і выклікаў вялізны рэзананс. За два месяцы ліст перавыдаваўся 14 разоў і стаў бэстсэлерам. Копіі гэтага ліста, а таксама іншыя пасланьні Аргуля адаслала й іншым значным фігурам, у тым ліку герцагу Вільгельму.

Аднак ейныя выклікі да ўнівэрсытэту былі збольшага праігнараваныя. Аргуля працягнула складаць памфлеты, а таксама выправілася ў самастойнае падарожжа ў Нюрнбэрг — нечуванае для жанчыны ў той час — каб заахвоціць нямецкіх князёў прымаць прынцыпы Рэфармацыі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]