Перайсьці да зьместу

Апалён Кажанёўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Апалён Каржанёўскі»)
Апалён Каржанёўскі

Апалён Каржанёўскі (21 лютага 1820, с. Ганаратка, цяпер у Аратоўскім раёне Віньніцкай вобласьці, Украіна — 23 траўня 1869, Кракаў) — польскі паэт, перакладчык, драматург, удзельнік падрыхтоўкі паўстаньня 1863—1864 гадоў. Бацька ангельскага пісьменьніка-навэліста Джозэфа Конрада (Юзафа Каржанёўскага).

Паходзіў з польскага шляхецкага роду (гербу «Наленч»). Вучыўся ў гімназіях Камянца-Падольскага, Нямірава, Віньніцы, Жытоміра. З 1841 па 1846 вывучаў права і арыенталістыку ў Санкт-Пецярбурскім унівэрсытэце. Падчас Крымскай вайны рыхтаваў выбух паўстаньня ў тылах расейскага войска. У 1859 атабарыўся з сваёй радзінай у Жытоміры.

Удзел ў падрыхтоўцы паўстаньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гроб Апалёна Каржанёўскага (фрагмэнт), Кракаў, Ракавіцкія могілкі.
Мэмарыяльная шыльда, што прыгадвае літаратара Апалёна Каржанёўскага ды яго сына Джозэфа Конрада-Каржанёўскага на доме №47 па вуліцы Новы Сьвет у Варшаве, дзе абодва жылі ў 1861.
Гроб Апалёна Каржанёўскага, Кракаў, Ракавіцкія могілкі

З 1861 прымае ўдзел у падрыхтоўцы паўстаньня 1863—1864 гадоў у Варшаве, належыў да лягеру «чырвоных». Кантактаваў з Ігнацыем Хміеленскім. Быў галоўным арганізатарам патрыятычных маніфэстацыяў у Варшаве. Падрыхтаваў сьвяткаваньне юбілея падпісаньня Люблінскай уніі, маніфэстацыі пасьля сьмерці прымаса Антонія (Фіялкоўскага). 23 верасьня 1861 узначальваў акцыю па байкоце выбараў у мясцовую адміністрацыю. Быў аўтарам адозвы «Да братоў палякаў, русінаў і літвінаў». Кіраваў маніфэстацыяй 10 кастрычніка 1861 ў Гародлі. Пасьля ўвядзеньня ў Варшаве 17 кастрычніка ваеннага становішча, быў ініцыятарам стварэньня гарадзкога камітэту. У ноч з 20 на 21 кастрычніка быў арыштаваны расейцамі і заключаны ў X павільёне Варшаўскай цытадэлі. У траўні 1862 асуджаны на высылку ў Волагду, праз год пераведзены ў Чарнігаў. У сувязі з дрэнным станам здароўя ў 1868 годзе быў выпушчаны і пераехаў з сынам у Львоў, а праз год у Кракаў. Пахаваны на Ракавіцкіх могілках у Кракаве.

Першым творчым здабыткам быў цыкль рэлігійна-патрыятычных вершаў, Czyśćcowe Pieśni (1849—1854). У 1854 годзе апублікаваў скандальную драму «Камэдыя» (па-польску: Komedia), у якой рэзка разкрытыкаваў асяродзьдзе польскай шляхты ва Ўкраіне.

Акрамя паасобных вершаў, выдаў асобна: «Komedyja» (пераклад пераробленай камэдыі Грыбаедава), «Strofy oderwane» (Вільня, 1856), камэдыі ды драмы: «Dla miłego grosza» (Санкт-Пецярбург, 1859), «Batożek» (Львоў, 1861), «Akt pierwszy» (Львоў, 1864).

Быў аўтарам перакладаў на польскую мову твораў Шэксьпіра, Альфрэда дэ Віньі, Чарлза Дыкенза і Віктора Гюго. У 1864 выдаў кнігу Польшча і Масква (польск. Polska i Moskwa) ды дысэртацыю па драматургіі Шэксьпіра (польск. Studia nad dramatycznością w utworach Szekspira).

  • Пилипчук Р. Я. Коженьовський Аполло // Українська Радянська Енциклопедія. — 2-е видання. — Київ: 1980 Т. 5. — С. 259.
  • Пилипчук Р. Я. Коженьовський Аполло // Українська літературна енциклопедія. — К.: 1990 Т. 2. — С. 517.
  • Шепелюк В. М. Культура Подільля: історія і сучасьність. — Хмельницький: С. 265.