Антыгабсбурскія паўстаньні ў Вугоршчыне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Антыга́бсбурскія грамадзя́нскія паўста́ньні — узброеныя выступы сяміградзкіх і вугорскіх колаў супраць Габсбургаў, у пэрыяд паміж 1604 (пачатак паўстаньня Бачкая) і 1711 (Сатмарскі мір). Ядро тагачаснага Вугорскага каралеўства пасьля заваёвы рэшты тэрыторыі туркамі складала сучасная Славаччына, на долю якой і давяліся асноўныя падзеі паўстаньняў. Канфлікты мелі цяжкія наступствы для гаспадарскага і грамадзкага жыцьця краіны.

Прычыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўстаньні былі выкліканыя абмежаваньнем грамадзкіх прывілеяў, гвалтоўнай контрарэфармацыяй і насаджэньнем габсбурскага абсалютызму. Некаторыя супалі зь іншымі ваеннымі канфліктамі — Пятнаццацігадовай (15931606) і Трыццацігадовай войнаў (16181648), у якіх сяміградзкія і вугорскія паўстанцы выступалі на баку супернікаў Габсбургаў — Асманскай імпэрыі ці антыгабсбурскай кааліцыі ў Цэнтральнай і Заходняй Эўропе.

Паўстаньне Бачкая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Паўстаньне Бачкая

На чале першага антыгабсбурскага паўстаньня стаў усходневугорскі магнат Штэфан Бачкай (Бачкаі). Паўстанцы разьбілі габсбурскія войскі ў Сяміградзьдзі, аблажылі Кошыцы і замацаваліся на большай частцы ўсходняй Славаччыны. Галоўнай мэтай паўстаньня было спыненьне імпэратарскіх намераў канфіскацыі маёнткаў шляхты і вольнае вызнаньне пратэстанцтва. На 1605 рок прыходзіцца пік посьпехаў Бачкая. Ягоныя войскі, узмоцненыя турэцкімі аддзеламі, захапілі амаль усю Славаччыну і ладзілі напады на Маравію, Сылезію і Аўстрыю. 23 чэрвеня 1606 ў Вене быў заключаны мір, які гарантаваў вугорскай шляхце большае прадстаўніцтва ў цэнтральным кіраваньні, на вайсковай службе і атрыманьне пасады палятына. Была гарантаваная свабода веравызнаньня.

Паўстаньне Бэтлена[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Паўстаньне Бэтлена

Другое паўстаньне, узначаленае сяміградзкім князем Габрыэлем Бэтленам, мела па сутнасьці тую ж мэту, што і папярэдняе, бо Габсбургі не прытрымліваліся ўмоваў Венскага замірэньня. У жніўні 1619 Бэтлен уварваўся ва ўсходнюю Славаччыну, аблажыў Кошыцы і са сваімі прыхільнікамі дабіўся абвяшчэньня кіраўніком Вугоршчыны і ахоўнікам пратэстантаў. Ягоныя войскі, дапоўненыя турэцкімі аддзеламі, прарваліся ажно ў заходнюю Славаччыну, дзе захапілі Новэ Замкі, Трнаву і на некаторы час нават Браціславу.

На сойме ў Браціславе (студзень 1620) была створаная «канфэдэрацыя» з чэскімі дзяржавамі, а на наступным сойме ў Баньскай Бістрыцы (жнівень 1620) фэўдалы прызналі Габрыеля Бэтлена вугорскім каралём. Па паразе чэскага паўстаньня на Белай гары (8 лістапада 1620) адбыўся пералом і ў Бэтленавым паўстаньні. Падчас наступу ў 1621 року імпэратарскія войскі захапілі Браціславу, Нітру й іншыя месты. Габрыель Бэтлен пагадзіўся на замірэньне, падпісанае 31 сьнежня 1621 ў Мікулаве. Ён адмовіўся ад заваяваных тэрыторыяў і тытулу вугорскага караля. Вугорскім краям імпэратар пацьвердзіў правы і прывілеі, абяцаныя Венскім мірам.

У далейшых антыгабсбурскіх дзеяньнях Бэтлен браў удзел як чалец некалькіх кааліцыяў — зь нямецкімі пратэстантамі, Галяндыяй і Францыяй. Ваенныя дзеяньні ў 1623 року трывалі даволі коратка, і зноўку не атрымалася супрацоўніцтва з пратэстанцкімі хаўрусьнікамі. Новая гэтак званая Гааская кааліцыя ў выніку дацкай паразы ў Нямеччыне таксама не магла выконваць сваё прызначэньне. Габрыель Бэтлен распачаў ваенныя дзеяньні параўнальна позна (верасень 1626). У сярэдзіне кастрычніка злучыўся ў Панітры зь Пятром Мансфэльдам і саска-ваймарскім ваяводам Янам Эрнстам. Яны не наважыліся браць удзелу ў ваенных плянах Бэтлена напрыканцы году. У канцы 1626 року Габрыель Бэтлен заключыў у Браціславе мір, які ўжо не парушаў да канца жыцьця.

Паўстаньне Юрая I Ракацы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Паўстаньне Юрая I Ракацы

Наступным паўстаньнем стаў выступ Юрая I Ракацы. Ён скарыстаўся неспрыяльным для Габсбургаў становішчам як хаўрусьнік Швэцыі і Францыі, абвясьціўшы сябе абаронцам незадаволеных вугорскіх пратэстантаў. Зь Сяміградзьдзя перайшоў ва ўсходнюю Славаччыну і далей на захад (1644).

У 1645 року аддзелы Ракацы зноў праніклі на заходнюю Славаччыну і прыйшлі на дапамогу швэдзкаму генэралу Ленарту Торстэнсану, які абкладаў Брно. Аднак на загад Высокай порты спыніў ваенныя дзеяньні і вярнуўся ў Сяміградзьдзе.

Паводле Лінцкага замірэньня (16 сьнежня 1645) Юрай I атрымаў у пажыцьцёвае валоданьне сем акругаў на паўночным усходзе Вугоршчыны, зь якіх Сатмарскую і Сабальцкую навечна. Лінцкі мір пашырыў свабоду веравызнаньня і на падданых, але астатнія яго пастановы абаранялі толькі прывілеі шляхты, павялічвалі паўнамоцтвы і пашыралі ўладаньні сям’і Ракацы.

Паўстаньне Юрая II Ракацы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Паўстаньне Юрая II Ракацы

Гэтае паўстаньне — адзінае, якое абмінула Славаччыну. Юрай II Ракацы, сын Юрая I, безаглядна ўмяшаўся ў барацьбу за польскі сталец (у 1656 разам са швэдамі абклаў Варшаву), чым выклікаў канфлікт Сяміградзьдзя з туркамі. Гэты спрычыніла заняпал Сяміградзьдзя і яго поўную залежнасьць ад Порты.

Паўстаньне Тэкэлі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Паўстаньне Тэкэлі

Усеагульная незадаволенасьць у 1678 року вылілася ў адкрытае паўстаньне, на чале якога стаў Эмэрык Тэкэлі, заможны кежмарскі магнат. З усходняе Славаччыны ягоныя войскі перайшлі ў шахтарскі рэгіён і ў Верхнюю Нітру. Рух куруцаў (як называлі сябе антыгабсбурскія паўстанцы — пераважна славакі і русіны) абвясьціў незалежную ад Сяміградзьдзя дзяржаву, створаную з акругаў на паўночным усходзе Вугорскага каралеўства. Пад ціскам куруцкіх посьпехаў імпэратар Леапольд I склікаў у Шопране сойм (1681), на якім зьмяніў вугорскую канстытуцыю, атрымаўшы яшчэ большую ўладу.

Пастановы сойму датычна веравызнаньня не задаволілі Эмэрыка Тэкэлі, які зноў распачаў узброенае змаганьне. У 1682 князь абвясьціў сябе каралём «Верхняй Вугоршчыны» і прызнаў вяршэнства Турэччыны, зь якой склаў хаўрус супраць імпэрыі.

У часе выправы асманаў на Вену Тэкэлі пашырыў свае ўладаньні на ўсходзе амаль на ўсю тэрыторыю сучаснай Славаччыны, аднак параза туркаў пад Венай у 1683 азначала хуткі канец ягонай улады. У 1685 року ў выніку здрады туркі арыштавалі Імрэ Тэкэлі, з-за чаго на бок імпэратара перайшлі 17 000 куруцаў. Пасьля вызваленьня князь Тэкэлі ня быў здольны пачаць новае змаганьне, і ўвесь край занялі Габсбургі.

Паўстаньне Фэрэнца Ракацы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Паўстаньне Ракацы

Умацаваньне становішча Габсбургаў па выгнаньні туркаў і насаджэньне Венаю цэнтралізацыйных захадаў зноўку выклікала вялікую незадаволенасьць у каралеўскай Вугоршчыне. Паўстаньне Францішка II Ракацы пачалося зь сялянскіх хваляваньняў у паўночна-ўсходняй Вугоршчыне і сьпярша насіла чыста сацыяльны характар. З далучэньнем шляхты вайна атрымала грамадзянскі характар, хоць праз увесь ейны працяг асноўнаю ўдарнаю сілаю заставаліся сяляне. У 1703 паўстанцы занялі шахтарскія месты, а ў наступных роках падпарадкавалі ўсю Славаччыну. У 1704 Ракацы быў абвешчаны сяміградзкім князем. У 1707 року Сойм у Анодзе пазбавіў Габсбургаў вугорскага стальца, і паўстаньне дасягнула сваёй кульмінацыі.

Доўгатрываючыя бітвы, спустошаная краіна, мор і разлады ў паўстанцкім лягеры прывялі да паступовага ўпадку паўстаньня. Нягледзячы на дальнабачную зьнешнюю палітыку, дзякуючы якой паўстаньне атрымала грунтоўную падтрымку ад хаўрусьнікаў, па сканчэньні вайны за гішпанскую спадчыну паўстанцы ня здолелі супрацьстаяць сканцэнтраваным сілам Аўстрыйскай манархіі. У 1708 Ракацы атрымаў сакрушальную паразу пад Трэнчынам, і пасьля далейшых паразаў паўстаньне пачало страчваць сваіх прыхільнікаў і згасала. У жніўні 1711 рэшткі куруцкага войска капітулявалі пад Сатмарам, дзе была падпісаная мірная дамова, якая забясьпечыла Габсбургам уладу над Вугоршчынай.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]