Перайсьці да зьместу

Амок (Янка Маўр)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Амок
Амок
Жанр: прыгодніцкі раман[d]
Аўтар: Янка Маўр
Мова арыгіналу: беларуская
Публікацыя: 1930
Электронная вэрсія

«Амо́к»раман беларускага пісьменьніка Янкі Маўра, выдадзены ў 1930 року. Першы прыгодніцкі раман у беларускай літаратуры[1].

Раман заснаваны на рэальных падзеях — камуністычным(en) паўстаньні на інданэзійскім востраве Ява ў 1926 року. Да напісаньня рамана аўтара падштурхнулі прачытаныя ім мэмуары расейскага консула на Яве Мадэста Бакуніна(ru), а матэрыял для свайго твору Янка Маўр зьбіраў у тым ліку непасрэдна зь Явы і Нідэрляндаў дзякуючы сувязі з тамтэйшымі эспэрантыстамі. Каб паказаць драматызм народна-вызваленчай барацьбы яванцаў, аўтар мае ў сваім арсэнале такія клясычныя атрыбуты прыгодніцтва, як таямнічасьць, парушэньне храналёгіі дзеяньня, пераваўвасабленьне і памылковая ідэнтыфікацыя, паляваньне і пагоня, здрадніцтва і цуды[1]. Заўважнае месца ў рамане займае пазнавальны матэрыял пра прыродныя асаблівасьці вострава, падрабязнасьці побыту, традыцыі народу.

Назва паходзіць з аднайменнага апавяданьня(d) Штэфана Цвайга, што ў сваю чаргу ўзята ад псыхічнага разладу(en), уласьцівага жыхарам Паўднёва-Ўсходняй Азіі[1].

Энцыкляпэдычныя веды і грунтоўнае знаёмства з дакумэнтамі, памножаныя на творчае ўяўленьне і пісьменьніцкі талент, дазволілі Янку Маўру стварыць надзвычай цікавае і адметнае мастацкае палатно. Значнасьць твору заключаецца ў тым, што ён стаў першым прыгодніцкім раманам у беларускай літаратуры[1].

У тым ліку за раман «Амок» Янка Маўр узнагароджаны ў 1972 року (пасьмяротна) Дзяржаўнай прэміяй БССР.

  1. ^ а б в г Алесь Мінскі. (13 красавіка 2020) Янка Маўр: Бацька беларускай дзіцячай літаратуры 100 выдатных дзеячоў беларускай культуры. Інстытут беларускай гісторыі і культурыПраверана 7 студзеня 2022 г.