Аляксей Кучынскі
Аляксей Кучынскі | |
Дата нараджэньня | 4 (16) лютага 1892 або 12 (24) лютага 1892 |
---|---|
Месца нараджэньня | Выдранка, Магілёўская губэрня, Расейская Імпэрыя |
Дата сьмерці | 29 кастрычніка 1937 (45 гадоў) |
Месца сьмерці | НКУС БССР, Менск |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | Віцебскі пэдагагічны інстытут (1916) |
Занятак | навуковец |
Навуковая сфэра | Журналістыка, літаратура |
Месца працы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Вядомы як | Журналіст, рэдактар, пэдагог |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Кучынскі (неадназначнасьць).
Аляксей Сьцяпанавіч Кучынскі (4 (16) лютага 1892 году, в. Выдранка Чэрыкаўскага павету Магілёўскай губэрні — 29 кастрычніка 1937 году, Менск, НКУС БССР) — беларускі грамадзкі дзеяч, пэдагог, рэктар БДУ. Расстраляны карнымі савецкімі органамі.
З 1909 году працаваў у школах Рагачоўскага павету. У 1916 году Аляксей Кучынскі скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут. Быў мабілізаваны ў армію. Удзельнічаў у лютаўскай рэвалюцыі і кастрычніцкім перавароце. Са сьнежня 1917 году ў Амсьціслаўскім павеце. Быў рэдактарам газэты «Думы бедняка». З 1922 году ў Смаленску; працаваў губкаме РКП(б), у рэдакцыі газэты «Рабочий путь». Быў рэдактарам газэты «Смоленская деревня». У траўні 1929 году пераехаў у БССР, выконваў абавязкі рэдактара газэты «Рабочий». У 1930—1931 гадах — намесьнік рэдактара газэты «Савецкая Беларусь».[1] З красавіка 1936 году па люты 1937 году займаў пасаду рэктара Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту.
10 красавіка 1937 году ЦК ВКП(б) былі пагашаныя партыйныя дакумэнты Аляксея Кучынскага як выключанага з чальцоў партыі з фармулёўкай: «Исключён как активный участник контрреволюционной нацдемовской организации, активный участник Московского эсэровского съезда, что скрыл от партии, за связь с контрреволюционными нацдемовскими элементами».
28 кастрычніка 1937 году выязной сэсіяй вярхоўнага суду СССР прыгавораны да расстрэлу. У «Чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 году НКУС было расстраляна больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлегенцыі, сярод якіх Аляксей Кучынскі разам з двума сваімі калегамі — папярэднімі рэктарамі БДУ Язэпам Каранеўскім і Анані Дзякавым. Гэтае злачынства было ўчыненае напярэдадні шаснаццатай гадавіны ад пачатку працы Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту.[2]
18 сьнежня 1956 году рэабілітаваны.
Сям'я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Жонка — Алена Фёдараўна Кучынская (Старасьценка). У 1930-я гады выкладала нямецкую мову ў Беларускім політэхнічным інстытуце. 28 лістапада 1937 году асуджаная асобай нарадай пры НКУС як "жонка ворага народа" да васьмі гадоў папраўчых работ. Была этапаваная ў Карагандзінскі канцлягер НКУС Казаскай ССР. Другі раз асуджаная 14 лютага 1940 году да ссылкі ў Краснаярскі край РСФСР. Рэабілітаваная 11 сьнежня 1956 году.
5 лістапада 1937 году разам з маці быў арыштаваны сын Кучынскіх Дзьмітры (нарадзіўся 9 лістапада 1919 году ў Амсьціслаўлі), вучань дзясятай клясы Сярэдняй школы № 2 гораду Менску. Ён быў асуджаны да пяці гадоў папраўчых работ і этапаваны ў Ягрынскі канцлягер НКУС Архангельскай вобласьці РСФСР. З 1940 году ў Краснаярскім краі. Рэабілітаваны 25 сьнежня 1956 году. Далейшы лёс невядомы.[3]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Леанід Маракоў. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Энцыклапедычны даведнік у трох тамах. Том першы. Мінск, 2003. с. 478
- ^ Алег Яноўскі Імя, узнятае з небыцця: Аляксей Сцяпанавіч Кучынскі – рэктар БДУ 1936–1937 гадоў «Універсітэт» № 20-21 (2167-2168) Архіўная копія ад 2017-01-09 г.
- ^ Леанід Маракоў. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991. Энцыклапедычны даведнік у трох тамах. Том трэці. Кніга першая. Мінск, 2004. с. 532
Папярэднік Анані Дзякаў |
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту 1936—1937 |
Наступнік Нічыпар Бладыка |