Перайсьці да зьместу

Аляксандар Шымкавяк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Шымкавяк
Пазыцыя: трэнер
Грамадзянства: Беларусь
Нарадзіўся: 1955(1955)
Памёр: 21 лютага 2018(2018-02-21) (62 гады)
Клюбная кар’ера
Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні
Заслужаны трэнэр Рэспублікі Беларусь
Заслужаны трэнэр Рэспублікі Беларусь

Аляксандар Станіслававіч Шымкавяк (1955, Бабруйск21 лютага 2018, Гародня) — беларускі баскетбольны трэнэр. Заслужаны трэнэр Рэспублікі Беларусь.

Бацька яго, удзельнік Вялікай Айчыннай, пасьля вайны працаваў старшым інспэктарам суднаходзтва. Школьнікам стаў чэмпіёнам Бабруйска па скачках у вышыню. У школе захапляўся ня толькі скачкамі і баскетболам, але і грэка-рымскай барацьбой.

Пасьля заканчэньня бабруйскай школы паступіў у Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. У інстытуце ажаніўся са студэнткай Любоўю. Быў накіраваны па разьмеркаваньні ў Калінінград, але з-за сьмерці бацькі вярнуўся з жонкай у Бабруйск, дзе стаў выкладаць у аўтатранспартным тэхнікуме. Быў сакратаром камсамольскай арганізацыі навучальнай установы, вёў у тэхнікуме сэкцыю па жаночым баскетболе.

Неўзабаве перайшоў працаваць трэнэрам па баскетболе ў дзіцяча-юнацкую спартовую школу №2 Бабруйска, дзе стварыў першы ў Беларусі прафэсійны жаночы баскетбольны клюб «Гермэс». Гэта каманда заваявала срэбраныя мэдалі беларускага чэмпіянату.

У 1998 годзе пераехаў у Гародню. Праз два гады пад яго кіраўніцтвам баскетбольны клюб «Алімпія» заваяваў золата рэспубліканскага чэмпіянату. У наступныя гады «Алімпія» агулам 8 разоў заваёўвала залатыя ўзнагароды на першынстве краіны[1]. У 2013 годзе „Алімпія” выйграла розыгрыш Балтыйскай лігі[2]. Стварыў у Гародні добрую сыстэму падрыхтоўкі баскетбалістак, ад юнацкай школы да прафэсійнай каманды, якая зьяўлялася кузьняй для нацыянальнай зборнай[3].

З 1998 па 2017 гады ўзначальваў моладзевыя зборныя Беларусі. У 2013 годзе пад яго кіраўніцтвам жаночая моладзевая зборная заняла чацьвёртае месца ў Чэмпіянаце Эўропы[4].

У 2015 годзе перанёс апэрацыю на сэрцы, але вярнуўся да трэнэрскай дзейнасьці.

Раніцай 21 лютага 2018 году правёў трэніроўку, а ўвечары яго не стала.

Першая жонка Любоў захварэла пасьля Чарнобыля і памерла ад анкалёгіі, пакінуўшы сына Вячаслава. Баскетбалістка Вікторыя Дацун, капітан каманды «Гермэс», дапамагала трэнэру даглядаць за паралізаванай жонкай, глядзець за маленькім сынам. Доўгі час Шымкавяк і Дацун жылі ў грамадзянскім шлюбе. Калі яго ў 1998 годзе запрасілі працаваць трэнэрам у Гародню, пара расьпісаліся. Ад гэтага шлюбу нарадзілася дачка Аляксандра.

Сямейная пара Шымкавяк і Дацун — трэнеры-выкладчыкі па баскетболе вышэйшай катэгорыі Гарадзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзэрву.