Перайсьці да зьместу

Аляксандар Грыкоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Аляксандар Грыкоўскі (1893, в. Корніна, Бельскі павет, Гарадзенская губэрня13 сакавіка 1919, Горадня) — беларускі грамадзкі дзяяч, настаўнік першай беларускай школкі ў Горадні.

Скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю (1910-я), Сьвіслацкую беларускую настаўніцкую сэмінарыю ў 1916 годзе.

Да беларускага руху далучыўся ў час Першай сусьветнай вайны. У 1917 дырэктар першай беларускай школы ў Горадні. У 1918 годзе ўвайшоў у склад Беларускай Рады ў Вільні, сябра Беларускай сувязі нацыянальнага адраджэньня Беларусі, Гарадзенскай беларускай губэрнскай управы, Гарадзенскага гарадзкога часовага камітэту.

Першы старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Горадні. Адзін з ініцыятараў скліканьня Беларускага краёвага зьезду Гарадзеншчыны.

Памёр ад сухотаў 13 сакавіка.

« Калi я вярнуўся зь Вiльнi, дык хацеў зараз жа наведацца да яго, але быў гэтак змучаны дарогай, што назаўтра цэлы дзень праляжаў. А яшчэ празь дзень прынесьлі мне сумную вестку, што Грыкоўскi ўчора памёр. Увесь апошні дзень чакаў на мой прыход. Калі я прыйшоў да яго, ён ужо ляжаў у труне. I страшна сьціснула маё сэрдца ад болю… »

Антон Луцкевіч

15 сакавіка 1919 года на паседжаньні Рады міністраў БНР у Горадні было вырашына ўзяць усе выдаткі па пахаваньні Грыкоўскага на рахунак ураду БНР. Пахаваньне першага гарадзенскага беларускага настаўнiка вылiлася ў манiфэстацыю беларускага руху, падобную якой Горадня яшчэ ня бачыла. У першы раз праз горад прайшла працэсiя, зь беларускімі нацыянальнымі сьцягамі, якая складалася зь сяброў мясцовых беларускіх арганізацыяў ды вучняў беларускай школкi[1].

У красавіку 1919 году на сьмерць Аляксандра Грыкоўскага кампазытар Ян Тарасевіч напісаў «Восеньскую песьню» для голасу і фартэпіяна на верш Максіма Багдановіча «Плакала лета, зямлю пакідаючы…».


« Гэты малады ідэаліст працаваў, не пакладаючы рук; ён быў усюды, дзе таго вымагала дабро беларускай нацыянальнай справы; ён вынес на сваіх плячох увесь цяжар піянерска-арганізацыйнага пачыну »

—Ул. Крынскі

  1. ^ «Першыя беларускія настаўнікі: Тэкля Станішэўская і Аляксандр Грыкоўскі» Андрэй Чарнякевіч, Біржа Інфармацыі, № 293 ад 18.09.2003