Алесь Алехнік
Алесь Алехнік | |
Род дзейнасьці | дзеяч беларускай эміграцыі ў Аўстраліі |
---|---|
Дата нараджэньня | 31 ліпеня 1929 |
Месца нараджэньня | Перунова, Лунінецкі раён |
Дата сьмерці | 3 сьнежня 2006 |
Месца сьмерці | Аўстралія |
Занятак | грамадзкі дзяяч |
Месца працы | |
Сябра ў | Беларускае аб’яднаньне ў Аўстраліі і Беларускі вызвольны фронт |
Алесь Алехнік (31 ліпеня 1929, хутар Перунова, сёньня Лунінецкі раён — 3 сьнежня 2006) — дзеяч беларускай эміграцыі ў Аўстраліі.
Напрыканцы Другой сусьветнай вайны апынуўся ў Нямеччыне. У 1948 годзе яго, дзевятнаццацігадовага хлопца зь лягеру Міхэльсдорф, улучылі ў Беларускую рэпрэзэнтатыўную службу на эміграцыі. У ягоныя абавязкі ўваходзіла пашырэньне праўды пра Беларусь сярод людзей рознае нацыянальнасьці, што воляю лёсу апынуліся паміж межаў і дзяржаваў, у лягэрох для «перамешчаных асобаў»[1].
У Аўстраліі з 1950 году. Чалец і шматгадовы сакратар Беларускага аб'яднаньня ў Аўстраліі, ад імя якога прадстаўляў беларусаў на разнастайных міжнацыянальных форумах у Аўстраліі (удзельнічаў у дзьвюх Аўстралійскіх грамадзянскіх канвэнцыях, быў назіральнікам у парлямэнце[2]) і па-за яе межамі на канфэрэнцыях Антыкамуністычнай лігі народаў Азіі і Сусьветнай антыкамуністычнай лігі. Менавіта дзякуючы яму ў рэзалюцыях гэтых арганізацыяў абавязкова гучала патрабаваньне незалежнасьці Беларусі.
«З таго вопыту, які я ўжо здабыў, удзельнічаючы ў розных міжнацыянальных мітынгах-нарадах, я знаў, што слабога, нерашучага, заўсёды наракаючага ніхто не любіў і любіць ня будзе», — пісаў ён пазьней у кнізе ўспамінаў.
За гады грамадзкай дыпляматычнай працы ён меў сталыя дачыненьні з прэзыдэнтамі і прэм’ер-міністрамі Аўстраліі, Паўднёвага Віетнаму, Карэі, Філіпінаў, Вялікай Брытаніі, Летувы (К.Прунскене), Харватыі, старшынём Сэйму Летувы Ландсбэргісам, ангельскай каралевай Элізабэтай ІІ
Напрыканцы 1950-х гадоў займаўся выданьнем інфармацыйнага бюлетэню Беларускага аб’яднаньня ў Аўстраліі «Новае Жыцьцё». У 1969—1982 гадах — кіраўнік Краёвага штабу Беларускага Вызвольнага Фронту ў Аўстраліі.
У 1980-х адышоў ад актыўнай грамадзкай дзейнасьці.
У 1990 годзе накіроўваў лісты Кебічу і Шушкевічу. Адказ прыйшоў праз два гады, ад кіраўніка МЗС П.Краўчанкі: «Бацькаўшчына будзе заўсёды ўдзячная за тое, што Вы зрабілі для яе».
Пахаваны 5 сьнежня 2006 году на беларускай частцы сыднэйскіх могілак Руквуд[3].
Аўтар кнігі ўспамін «Пад бел-чырвона-белым» (Вільня, 1999). Яго архіў, у які ўвайшлі дакумэнты Беларускага аб’яднаньня і шматлікае ліставаньне, перахоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Да гісторыі дыпляматыі, Сяргей Харэўскі
- ^ Прысутнасьць Дэлегацыі Беларускага Аб’еднаньня на сэсіі Парлямэнту ў Сыднэй // Новае Жыцьцё. Інфармацыйны Бюлетэнь Беларускага Аб’еднаньня ў Аўстраліі. 1954. №2 (28). С. 14—15
- ^ Сьв. пам. Алесь АЛЕХНІК, Беларус, №528
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Пад бел-чырвона-белым» на kamunikat.org