Алена Васілевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Алена Васілевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 22 сьнежня 1922(1922-12-22)
Ліпнікі[d], Слуцкі павет, БССР
Памерла 8 жніўня 2021(2021-08-08) (98 гадоў)
Менск, Беларусь
Дзеці Уладзімер Васілевіч
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладніца і пісьменьніца
Узнагароды
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Васілевіч (неадназначнасьць).

Але́на Сямёнаўна Васіле́віч (22 сьнежня 1922, засьценак Даманшчына, Слуцкі павет, Менская губэрня — 8 жніўня 2021, Менск, Беларусь) — беларуская пісьменьніца.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася 22 сьнежня 1922 году ў засьценку Даманшчына Слуцкага павету Менскай губэрні (цяпер вёска Ліпнікі Слуцкага раёну Менскай вобласьці) ў сям’і ляснога аб’ездчыка. Засталася без бацькоў на восьмым годзе жыцьця. Выхоўвалася ў сваякоў.

У 1941 годзе скончыла літаратурны факультэт Рагачоўскага настаўніцкага інстытуту. Падчас нямецка-савецкай вайны працавала бібліятэкаркай у шпіталі, пісаркай страявой часткі, начальніцай бібліятэкі.

У 1946 годзе скончыла філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працавала літаратурнай кансультанткай у Курскім абласным выдавецтве (1946—1950). З 1950 году — загадчыца аддзелу культуры часопісу «Работніца і сялянка», а ў 1972—1980 гадох — загадчыца рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Мастацкая літаратура», у 1981—1983 гадох — загадчыца рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва «Юнацтва».

Памерла 8 жніўня 2021 году на 99-ым годзе жыцьця[1].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы мастацкі твор (аповесьць «У прасторах жыцьця» напісаная ў 1946) надрукаваны ў 1947 годзе ў часопісы «Беларусь».

Выйшлі аповесьць «Шляхі-дарогі» (1950), кніжкі апавяданьняў «Блізкія знаёмыя» (1954), «Заўтра ў школу» (1956), «Сябры» (1958), «Апавяданьні» (1959), «Падслухала сэрца» (1960), «Калінавая рукавічка» (1963), «Я з вамі» (1964), «Пісар страявой часьці» (1969), «Адно імгненьне» (1975), «Шурка Рэмзікаў» (1985), зборнік апавяданьняў і аповесьцяў «Мыс Добрай Надзеі» (1977).У цэнтры ўвагі пісьменьніцы жыцьцё і праца сучасьнікаў, праблемы асабістых узаемаадносінаў, маралі, выхаваньня дзяцей. На аўтабіяграфічным матэрыяле напісаная тэтралёгія «Пачакай, затрымайся…», якую склалі аповесьці «Расьці, Ганька» (1966), «Доля знойдзе цябе» (1968), «Новы свет» (1968), «Пачакай, затрымайся…» (1970), дзе паказаны нялёгкі шлях у жыцьцё сялянскай дзяўчыны, духоўнае сталеньне чалавека. Аўтар кніг «Люблю, хвалююся, жыву» (нататкі, эсэ, 1986), «Элегія» (апавяданьні, эцюды, эсэ, 1988).

Творы Алены Васілевіч дакладныя ў апісаньні побыту і раскрыцьці характараў чалавека, у іх паэтычнае бачаньне сьвету, стрыманая, даверлівая манера апавяданьня, жывая народная мова. Выдадзеныя выбраныя творы ў трох тамах (1982—1983).

Пераклала на беларускую мову аповесьць М. Стэльмаха «Гусі-лебедзі ляцяць» (1975), раман Д. Дэфо «Жыцьцё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза» (1976), аповесьць Г. Башырава «Зялёная мая калыска» (1981) і іншыя.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Зборнік апавяданьняў «Блізкія знаёмыя» (1954).
  • «Заўтра ў школу» (1956).
  • «Сябры» (1958).
  • «Апавяданні» (1959).
  • «Падслухала сэрца» (1960) .
  • Тэтралёгія ««Пачакай, затрымайся…» (1966-1970).
  • Зборнік апавяданьняўм«Мыс Добрай Надзеі» (1977).
  • Выбрацыя творы. У 3-х т. (1982-1983).
  • «Люблю, хвалююся, жыву» (нататкі, эсэ, 1986).
  • «Элегія» (апавяданьні, эцюды, эсэ, 1988).
  • «Першая жонка нябожчыка» (2002).
  • «Выбраныя творы» (“Беларускі кнігазбор”, 2010).
  • Зборнік апавяданьняў «Горкі ліпавы мёд» (2011).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У 98 гадоў сышла любімая пісьменніца многіх пакаленняў падлеткаў — Алена Васілевіч, Наша Ніва, 8.08.2021, https://nashaniva.com/?c=ar&i=276302
  2. ^ Пісьменніца Алена Васілевіч адзначае сваё 90-годдзе
  3. ^ Названы лаўрэаты прэмій імя Міхася Стральцова і часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф»

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]