Азярное (археалягічныя помнікі)
Азярное — археалягічныя помнікі: паселішчы каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў каля в. Азярное (Любанскі раён, Менская вобласьць), на воз. Вячэра. Выявіў і дасьледаваў у 1985—1991 гг. Мікола Крывальцэвіч.
Паселішча—1
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Знаходзіцца за 0,7 км на захад ад вёскі, на пясчаным узвышшы (памеры 250х150 м, вышынёй да 4,5 м) каля воз. Вячэра, ва ўрочышчы Дубное. На выдме паўночна-заходняй часткі пагорку знойдзены крамянёвыя вырабы, фрагмэнты посуду эпохі бронзы і жалезнага веку. Тэрыторыя выдмы дасьледавалася паквадратнымі паверхневымі зборамі на плошчы 548 м².
Вылучаецца комплекс матэрыялаў кудлаеўскай культуры мэзалітычнага пэрыяду VIII — V-га тыс. да н. э. Раскопы і шурфы плошчай каля 800 м² закладаліся на паўднёва-заходняй і заходняй ускраіне ўзвышша. На пляцоўцы памерамі 145х95 м выяўлены рэшткі паселішчаў каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Культурны пласт 0,6 м. Знойдзены крамянёвыя прылады (нажы, скрабкі, скоблі, праколкі, разцы, адбойнікі, рэтушоры, наканечнікі стрэл і інш.), кераміка ўсходнепалескага варыянту днепра-данецкай культуры з элемэнтамі нэалітычнай нёманскай культуры.
Посуд вастрадонны з пукатым, часам рабрыстым тулавам, адагнутымі вонкі венчыкамі. Аздабленьне: грабеньчатыя штампы, наколы, насечкі, лініі, «вусеневыя», лапчастыя, вузельчатыя, шнуравыя адбіткі. Для пэрыяду 2-й паловы III — пачатку II-га тыс. да н. э. характэрны комплекс сярэднедняпроўскай культуры з элемэнтамі культуры шнуравой керамікі і культуры шарападобных амфар, позьняга этапу днепра-данецкай культуры.
Выяўлены сьляды наземнай пабудовы. Знойдзены каменныя (сякера-клін, абломкі шліфавальных плітак) і крамянёвыя вырабы (чатырохграннае шліфаванае долата, фрагмэнты шліфаваных сякер, трохвугольныя наканечнікі стрэл, нажы і інш.), абломкі посуду амфарнага тыпу, слоікавай формы, місак. Аздабленьне складалася з лінейных штампаў, зубчатых адбіткаў, наколаў, шнуравых і «вусеневых» арнамэнтаў, пракрэсьленых ліній. Выяўлены комплекс знаходак тшцінецкага культурнага кола, які мае лякальныя паўночна-палескія асаблівасьці. Вылучаюцца абломкі гаршкоў, слоікавага посуду, місак. Паверхня посуду загладжавалася і ангабавалася, часта пакрывалася арнамэнтам ад венчыка да дна. Кераміка ў асноўным упрыгожвалася г. зв. «ружанцовым» арнамэнтам, радзей пракрэсьленымі лініямі, наколамі. Тшцінецкая кераміка датуецца ад 1700/1600 да канца II-га тыс. да н. э..
Частка фрагмэнтаў посуду мае аналягі на помніках лебядоўскай культуры позьняга пэрыяду бронзавага веку. Знойдзена кераміка эпохі жалеза — мілаградзкай культуры (з пукатым тулавам, высокай шыйкай, аздобленая «жамчужным» арнамэнтам) і рабрысты штрыхаваны посуд з выгнутымі шыйкамі.
Паселішча—2
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Знаходзіцца за 0,8—1 км на паўднёвы захад ад вёскі, на пясчаным мысападобным выступе берагу воз. Вячэра (паселішча—2А) і ў падводнай зоне возера (паселішча—2Б). Большая частка паселішча—2А разбурана пры будаўніцтве копанак у 1970-я г. Пры паверхневых зборах знойдзены кераміка і крамянёвыя вырабы каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў.
Паселішча—2Б знаходзіцца насупраць паселішча—2А у донных адкладах возера Вячэра. Злакалізаваныя пад вадой артэфакты зьбіраліся ў 1985—1991 гг., калі на возеры вялася прамысловая здабыча сапрапэлю. Глыбіня вады ў зоне заляганьня культурных рэшткаў дасягала да 1,5 м, магутнасьць донных сапрапэлевых адкладаў — 3,9 м.
Артэфакты сустракаліся ў межах ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх сотняў мэтраў ад берагу. Комплексы выпадковых знаходак з Азярнога—2Б складаюцца з 1150 фрагмэнтаў керамікі, крамянёвага інвэнтару, рэшткаў костак і рагоў жывёл, больш чым 120 касьцяных і рагавых вырабаў.
Параўнальна-тыпалагічны аналіз знаходак дазваляе вылучыць мэзалітычны і нэалітычны комплексы. Пераважная большасьць мэзалітычных тыпаў касьцяных і рагавых вырабаў мае аналягі ў яніславіцкай культуры, культуры кунда. Сярод артэфактаў вялікае значэньне належыць касьцяным і рагавым вырабам. На некаторых зь іх захаваліся гравіраваныя малюнкі з выявамі людзей і арнамэнтальнае аздабленьне. У складзе керамічнай калекцыі налічваецца каля 1100 абломкаў нэалітычнага посуду (прыблізна ад 100 пасудзін) усходнепалескага варыянту днепра-данецкай культуры. Каля 50 фрагмэнтаў посуду маюць прыкметы культуры шнуравой керамікі. Кераміка паселішча—2Б датуецца IV — III-м тыс. да н. э.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кривальцевич, Н. Н. Исследования в центральной части Белорусского Полесья / Н. Н. Кривальцевич // Археологические открытия 1985 года / Отв. ред. В. П. Шилов. — М.: Наука, 1987. — С. 455—456: ил.
- Кривальцевич Н. Н. Новые данные к вопросу культурной принадлежности памятников бронзового века в Припятском Полесье Белоруссии // Актуальные проблемы историко-археологических исследований: Тезисы докладов VI Респ. конф. Молодых археологов, Киев, октябрь 1987 г. / [Редкол.: Е. В. Максимов (отв. ред.) и др.]. — Киев: Наукова думка, 1987. — 189, [1] с. — С.
- Крывальцэыіч, М. М. Азярное / М. М. Крывальцэвіч // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 24 — 25. — ISBN 978-985-11-0353-5.
- Крывальцэвіч, М. М. Азярное / М. М. Крывальцэвіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с — С. 29 — 30. — ISBN 5-85700-077-7.