Перайсьці да зьместу

Ўільям Ўілбэрфорс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ўільям Ўілбэрфорс
па-ангельску: William Wilberforce
Дэпутат парлямэнту ад Брамбэру
24 лістапада 1812 — люты 1825
Дэпутат парлямэнту ад Ёркшыру
29 лістапада 1784 — 29 верасьня 1812
Дэпутат парлямэнту ад Кінгстан-апон-Галу
31 кастрычніка 1780 — 25 сакавіка 1784
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 24 жніўня 1759
Сьцяг Вялікабрытаніі Кінгстан-апон-Гал, Ёркшыр, Ангельшчына
Памёр: 29 ліпеня 1833
Сьцяг Вялікабрытаніі Лёндан, Ангельшчына
Сужэнец: Барбара Спунэр
Дзеці:
Бацька: Robert Wilberforce[d][1][2]
Маці: Elizabeth Bird[d][1][2]
Адукацыя:
Выява аўтографу

Ўі́льям Ўілбэрфорс (па-ангельску: William Wilberforce; 24 жніўня 1759, Кінгстан-апон-Гал, Ёркшыр, Ангельшчына — 29 ліпеня 1833, Лёндан, Ангельшчына) — брытанскі палітык, філянтроп, прадстаўнік абаліцыйнага руху. Узначаліў у парлямэнце Брытаніі кампанію супраць рабаўладаньня і за сацыяльныя рэформы. Ягоная кампанія завяршылася посьпехам у 1807 року, калі быў ухвалены закон пра скасаваньне гандлю рабамі.

Ўільям Ўілбэрфорс нарадзіўся ў 1759 року, быў адзіным сынам заможнага купца Робэрта Ўілбэрфорса і Элізабэт Бэрд. Рос слабы і хваравіты, да таго ж меў благі зрок.

У 1767 пайшоў у гімназію, кіраўніком якой тады быў малады, дынамічны дырэктар Джозэф Мілнэр, які пазьней стаўся сябрам Ўільяма на ўсё жыцьцё. Аднак у 1768, па сьмерці бацькі, быў вымушаны пераехаць у Лёндан да заможных сваякоў. Пад уплывам цёткі Ганны малады Ўільям зацікавіўся эвангельскім хрысьціянствам[3].

У 1776 Ўілбэрфорс паступіў у коледж сьвятога Яна ў Кембрыдзкім унівэрсытэце[4]. Па сьмерці дзеда і дзядзькі (у 1776 і 1777 адпаведна) ён стаў багаты і незалежны[5] ды цалкам рынуўся ў студэнцкае жыцьцё з картамі, азартнымі гульнямі, начнымі п’янкамі й іншымі складнікамі. Стаў вельмі папулярнай фігурай у аднакурсьнікаў дзякуючы сваёй дасьціпнасьці, сяброўскасьці і шчодрасьці. Сярод ягоных прыяцеляў былі некалькі ўплывовых у будучым фігураў кшталту будучага прэм’ер-міністра Ўільяма Піта[6][7]. Тым ня меней, нягледзячы на свой стыль жыцьця, Ўілбэрфорс здолеў у 1781 скончыць навучаньне са ступеньню бакаляўра, а ў 1788 атрымаў ступень магістра гуманітарных навук.

У верасьні 1780, яшчэ падчас навучаньня, Ўілбэрфорс быў абраны дэпутатам парлямэнту ад Кінгстан-апон-Галу. Падтрымліваў як торы, так і вігаў, за што часта быў вінавачаны ў непасьлядоўнасьці. Калі парлямэнт у 1784 року быў распушчаны, Ўілбэрфорс вырашыў балятавацца ад графства Ёркшыр. 6 красавіка ён атрымаў месца ў парлямэнце, і на той момант яму было 24 гады.

У кастрычніку 1784 Ўільям Ўілбэрфорс выправіўся ў турнэ па Эўропе, якое зьмяніла ўсё ягонае жыцьцё. Пасьля вяртаньня ў Ангельшчыну ён прайшоў эвангельскія пераўтварэньні, пачаў у парлямэнце выступаць за зьмякчэньне пакараньня для злачынцаў, а ў 1787 далучыўся да групы праціўнікаў гандлю рабамі, неўзабаве зрабіўшыся выбітным прадстаўніком брытанскага абаліцыйнага руху.

12 траўня 1789 року ён выступіў у парлямэнце са сваёй знакамітай прамовай, у якой заклікаў да забароны гандлю рабамі. Был скліканы Камітэт за скасаваньне гандлю рабамі, у які ўвайшлі і гэтак званыя «эвангельскія англіканцы». Ўілбэрфорс ачольваў гэтую кампанію цягам 26 гадоў, пакуль 25 сакавіка 1807 року ня быў прыняты закон, што скасаваў гандаль рабамі.

Аднак сам інстытут рабства ў Брытаніі застаўся. Цягам усіх наступных гадоў Ўільям Ўілбэрфорс пасьлядоўна падтрымліваў кампанію за поўнае скасаваньне рабства, і гэта цягнулася ўсутыч да 1826 року, калі ён быў вымушаны пакінуць парлямэнт з прычыны пагаршэньня здароўя. У 1833 быў прыняты закон пра забарону рабства, і яно было афіцыйна скасаванае ў большасьці дзяржаваў Брытанскае імпэрыі.

Ўільям Ўілбэрфорс памёр праз тры дні пасьля слуханьняў, перакананы ў прыняцьці закону. Пахаваны ў Ўэстмінстэрскім абацтве побач са сваім сябрам Ўільямам Пітам.

  1. ^ а б Lundy D. R. The Peerage (анг.)
  2. ^ а б Kindred Britain
  3. ^ John Wolffe, B. Harrison. Wilberforce, William (1759–1833) (анг.). — Oxford University Press, 2004. — (Oxford Dictionary of National Biography). — ISBN 978-0198614111
  4. ^ Pollock 1977. С. 7.
  5. ^ Hague 2007. С. 20.
  6. ^ Hague 2007. С. 23.
  7. ^ William Hague. William Pitt the Younger (анг.). — London: HarperPerennial, 2004. — С. 29. — ISBN 978-1581348750
  • William Hague. William Wilberforce: The Life of the Great Anti-Slave Trade Campaigner (анг.). — London: HarperPress, 2007. — ISBN 978-0007228850
  • John Pollock. Wilberforce (анг.). — New York: St. Martin’s Press, 1977. — ISBN 978-0094607804

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ўільям Ўілбэрфорссховішча мультымэдыйных матэрыялаў