Іван Васільевіч «Красны»
Герб «Друцак» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1450 |
Памёр | пасьля 1516 |
Род | Друцкія |
Бацькі | Васіль Сямёнавіч «Красны» N. Львоўна Варатынская |
Жонка | Марыя Сямёнаўна Кобрынская Марыя Іванаўна Заслаўская |
Дзеці | Дзьмітры |
Іван Васільевіч «Красны» (каля 1450 — пасьля 1516) — князь, дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, у 1487—1489 гадах менскі намесьнік.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З роду Друцкіх герба ўласнага «Друцак», сын віцебскага намесьніка Васіля Сямёнавіча «Краснага» і N. сястры князя Фёдара Львовіча Варатынскага.
У 1486 годзе стаўся сьведкай на запісе княгінь Соф’і Зубравіцкай і Марыны Трабскай. Хутка пасьля таго ў 1487 годзе па волі караля Казімера атрымаў урад менскага намесьніка. У 1488 годзе атрымлівае чатыры бочкі солі з мыта ў Коўне і борць мёду з ключа Троцкага. У лютым 1489 году кародь паведамляе яму, што аддаў менскае мыта ў арэнду «жыду Троцкаму» Міхалу Даніловічу. У траўні 1489 году згадваецца ў дыпляматычнай карэспандэнцыі маскоўскага й літоўскага двароў. Імаверна пасьля сьмерці караля Казімера склаў урад менскага намесьніка. У 1505 годзе, выкіканы дзеля сьдчаньня аб паходжаньні княгіні Івана Васільевіча Яраславіча, зазнае, што «дачка Карыбута Альгердавіча Марыя знаходзілася ў вялікага князя Вітаўта на выхаваньні і ту ён выдаў за князя Фёдара Варатынскага майго вуя», дачка якога Яўдоксія зьяўляецца жонкай князя Івана Яраславіча. У 1516 годзе запісвае сваёй жонцы Марыі Іванаўне Заслаўскай сёла Бобр і Сакаловічы, даньнікаў на рацэ Бобр й двор Недаходаў.
Быў жанаты двойчы, першы раз з Марыяй Сямёнаўнай Кобрынскай (? — да 1512), дачкой князя Сямёна Раманавіча Кобрынскага і Юліяны Сямёнаўны Гальшанскай, і меў зь ёй сына Дзьмітрыя (? — да 1507), які рана памёр. У другі раз ажанўся з Марыяй Іванаўнай Заслаўскай, дачкой Івана Васільевіча Заслаўскага, і ўдавой па князі Багдану Фёдаравічу Глінскаму Пуціўльскаму які памёр у Маскве ў 1512 годзе.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Wolff J. Rod Gedymina. — Kraków, 1886.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
- Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego: 1385—1795. Kraków, 1885.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4