Перайсьці да зьместу

Ян Ласовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ян Ласовіч
лац. Jan Łasovič
Ян Ласовіч, партрэт XIX ст.
Адукацыя
Дзейнасьцькаталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп
НарадзіўсяXV стагодзьдзе
Памёрне раней за 6 лютага 1481
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ян Ласовіч (? — па 6 лютага 1481, Вільня) — рэлігійны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Біскуп луцкі (з 1463) і віленскі (з 1468).

Нарадзіўся ў Вільні, паходзіў зь мяшчанскага (паводле Яна Длугаша) або шляхецкага роду гербу «Сыракомля» (паводле пазьнейшых дасьледчыкаў). Афіцыйныя лісты менавалі яго «Johannes Lossowicz civilis Vilnensis Lithuanus» (Ян Ласовіч, мяшчанін віленскі, літвін)[1].

З 1442 году навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце, з 1449 году быў канонікам віленскім[2]. Дакумэнты Кракаўскага ўнівэрсытэту падаюць імя па-бацьку біскупа Яна — Янавіч.

24 студзеня 1463 году высьвечаны на біскупа луцкага. Перанёс рэзыдэнцыю біскупаў Луцкай дыяцэзіі ў мястэчка Порхаў (пазьнейшы Янаў Падляскі). Уваходзіў у склад Рады Вялікага Княства Літоўскага. 4 траўня 1468 году высьвечаны на біскупа віленскага.

Апекаваўся пашырэньнем сеткі парафіяў, асьвяціў шматлікія новыя касьцёлы. Займаўся гаспадарчай дзейнасьцю. Браў удзел у замежнай палітыцы дзяржавы, асабліва ў дачыненьнях з Тэўтонскім ордэнам[3].

Захаваўся (у пазьнейшай лацінскай транскрыпцыі) дарчы ліст князя Аляксандра Гальшанскага 1473 году, якім ён перадаваў частку свайго майна ў Сьвіранах пад апеку біскупа Яна Ласовіча: «…Я Александр князя Юръя сын Семеновича Гольшански … полецаю и даю Богу и святому Станиславу костела виленского часть именья моего у Свиранах, дельницу отчызны моей… . А того именья пирвей выписаного князь Ян з Божей ласки бискуп Виленски нынейшы и его наместник потым будучы мають быть опекуны и державцы <…>. А пры тым были князь Ян с Божей милости бискуп Виленски…»[4].

У нямецкай даручнай грамаце Паноў-Рады ВКЛ паслу Якубу Неміровічу да майстра Тэўтонскага ордэну ў 1472 годзе трансьлітараваныя імёны біскупа Яна і іншых паноў-радных падаваліся ў славянскай форме: біскуп віленскі Ян Ласовіч (Johanne Lossowitcz), канцлер Радзівіл Остыкавіч (Rodiwil Ostikowitcz), староста жамойцкі Ян Кезгайлавіч (Johanne Kensgaylowitcz), маршалак і стараста гарадзенскі Сенька Судзівоевіч (Stenke Sudywogewitcz), стараста полацкі Алёхна Судымонтавіч (Olechno Sudymonthowitcz), маршалак дворны Івашка Ходзькавіч (Iwaschko Chodkowitcz), маршалак Ян Кучук (Johann Kuczuk)[5].

  1. ^ Fijałek J. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę // Polska i Litwa w dziejowym stosunku / Wł. Abracham, J. Fijałek, J. Rozwadowski et al. — Kraków, 1914. S. 152—161.
  2. ^ Ochmański J. Biskupstwo Wileńskie w średniowieczu. Ustroj i uposażenie. — Poznań, 1972. S. 33—34.
  3. ^ Prokop K. R. Sylwetki biskupów łuckich. — Biały Dunajec — Ostróg, 2001.
  4. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. N. 281.
  5. ^ Малиновский И. Рада Великого Княжества Литовского в связи с боярской думой Древней России. Ч. ІІ: Рада Великого Княжества Литовского. Вып. І. — Томск, 1904. С. 105.
  • Ochmański J. Biskupstwo Wileńskie w średniowieczu. Ustroj i uposażenie. Poznań, 1972.
  • Prokop K. R. Sylwetki biskupów łuckich. — Biały Dunajec — Ostróg, 2001.