Перайсьці да зьместу

Фанэма

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Фанэ́магук мовы, які разглядаецца ў сваім функцыянальным аспэкце й зьяўляецца асноўным аб’ектам вывучэньня фаналёгіі. Фанэма зьяўляецца найменшай непадзельнай структурна-сэмантычнай гукавой адзінкай, якая здольная выконваць некаторыя функцыі ў гаворцы. У прыватнасьці фанэма стварае, падзяляе й распазнае марфэмы, словы, іхныя формы ў маўленчым струмені. Уся разнастайнасьць гукаў у кожнай мове зводзіцца да параўнальна невялікай колькасьці фанэмаў, якія, звычайна, утвараюць рацыянальную й эканомную сыстэму (звычайная колькасьць фанэмаў у мовах сьвету вагаецца ад 12 да 80). У розных фаналягічных школах праблема тоеснасьці фанэмы трактуецца неаднолькава.

Існуюць два асноўныя погляды, да якіх можна зьвесьці розныя погляды:

  • выдзяленьне фанэмаў шляхам устараненьня адрозьненьняў (кантрастная дыстрыбуцыя);
  • выдзяленьне фанэмаў шляхам узмацненьня адрозьненьняў (дадатковая дыстрыбуцыя).

Варыянты й варыяцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэма праяўляецца, то бок рэалізуецца ў мове, у пэўных адменах — аляфонах гэтай фанэмы. Сярод алафонаў звычайна вылучаецца асноўны або тыповы алафон, які характарызуецца найменшай пазыцыйнай абумоўленасьцю, г. зн., найменшай залежнасьцю алафона ад фанэтычных умоваў.

Пры пазыцыйных чаргаваньнях аляфоны могуць выступаць або як варыянты фанэмы або як ейныя варыяцыі. Варыянтам фанэмы зьяўляецца алафон фанэмы, якасьць якога настолькі зьмяняецца, што ён супадае ў гучаньні з алафонам іншай фанэмы. Напрыклад, у словах нага, рука першы гук [а] зьяўляецца варыянтам фанэмаў <o> (но́гі) і <э> (рэ́кі). Варыянты ўзьнікаюць пры чаргаваньнях з пэрасякальнымі радамі.

Варыяцыяй фанэмы ёсьць алафон, якасьць якога зьмяняецца ў нязначнай ступені, і які не супадае ў гучаньні з алафонам іншай фанэмы. Напрыклад, у словаформах мак, мячык, маці, мякіш, гукі [а], [˙а], [а*] і [˙а˙] зьяўляюцца варыяцыяй фанэмы <а>. Варыянты ўзьнікаюць пры чаргаваньнях з паралельнымі шэрагамі.

Лінгвістычная літаратура не выпрацавала трывалай адназначнай намэнклатуры ў гэтым пытаньні. Існуе такая плынь, у якой тэрміны «алафон фанэмы» й «варыянт фанэмы» ужываюцца ўзаемазаменна, як сынонімы, і ўсе гукі, у якіх рэалізуецца фанэма, называюцца тут «варыянтамі»; асноўны прадстаўнік фанэмы — моцны варыянт, усе іншыя прадстаўнікі — слабыя варыянты.

  • Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэмасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  • А. К. Гачко Фаналёгія(недаступная спасылка). Мэтадычныя рэкамэндацыі па разьдзелу «Фанэтыка. Фаналёгія»