Статуя Свабоды
Статуя Свабоды | |
---|---|
Statue of Liberty* | |
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО | |
Статуя на востраве Свабоды | |
Краіна | ЗША |
Тып | Культурны |
Крытэры | i, vi |
Спасылка | 307 |
Рэгіён** | Эўропа і Паўночная Амэрыка |
Каардынаты | 40°41′21″ пн. ш. 74°2′40″ з. д. / 40.68917° пн. ш. 74.04444° з. д.Каардынаты: 40°41′21″ пн. ш. 74°2′40″ з. д. / 40.68917° пн. ш. 74.04444° з. д. |
Гісторыя ўключэньня | |
Уключэньне | 1984 (8-я сэсія) |
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску ** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО |
Ста́туя Свабо́ды (анг. Statue of Liberty, першапачатковая назва — Свабода, што асьвятляе сьвет: анг. Liberty Enlightening the World, франц. la Liberté éclairant le monde) — адна з самых знакамітых скульптур у ЗША і сьвеце, якую часта называюць «сымбалем Нью-Ёрку і ЗША»[1], «сымбалем свабоды і дэмакратыі»[2], «Лэдзі Свабода»[3]. Медная нэаклясычная статуя — падарунак францускага народу амэрыканцам у гонар стагодзьдзя Амэрыканскай рэвалюцыі 28 кастрычніка 1886 году[1]. Аўтарам статуі быў скульптар Фрэдэрык Агюст Бартольдзі, а канструяваньнем кіраваў Аляксандар Эйфэль.
Статуя Свабоды — фігура жанчыны ва ўбраньні, якая ўвасабляе рымскую багіню волі Лібэртас. Правай рукой яна ўздымае над галавой факел, а ў левай руцэ трымае tabula ansata з надпісам «JULY IV MDCCLXXVI» (4 ліпеня 1776 году), то бок датай ухваленьня Дэклярацыі незалежнасьці ЗША. Яна крочыць наперад, пераступаючы зламаны ланцуг, які сымбалізуе скасаваньне рабства па Грамадзянскай вайне[4]. Статуя стала сымбалем свабоды і Злучаных Штатаў, а пазьней стала і сыгналам вітаньня імігрантаў, якія прыбываюць з-за мора.
Ідэя паўстала ў 1865 годзе, калі францускі прафэсар права і палітык Эдуар Рэнэ дэ Лябуляе выказаў прапанову стварыць помнік да стагодзьдзя здабыцьця незалежнасьці ЗША (1876), непарушнасці амэрыканскай дэмакратыі і вызваленьня рабоў[5]. Праз пасьляваенную нестабільнасьць у Францыі праца над статуяй не распачыналася да пачатку 1870-х гадоў. У 1875 годзе Лябуляе прапанаваў прафінансаваць праект францускай талакой, а ЗША падрыхтаваць месца і пабудаваць п’едэстал. Сьпярша Бартольдзі стварыў галаву і руку, якая нясе факел, і да сканчэньня цэлай статуі гэтыя часткі выстаўляліся на сусьветных выставах.
Рука з факелам зьявілася на Сусьветнай выставе ў Філадэлфіі ў 1876 годзе, а потым да 1882 году прабыла ў Мэдысан-сквэр на Мангэтане. Збор сродкаў праходзіў зь цяжкасьцямі, асабліва між амэрыканцаў, і да 1885 году існавала пагроза ня скончыць працы над п’едэсталам празь недахоп фінансаваньня. Тады амэрыканскі выдавец Джозэф Пуліцэр распачаў кампанію па зборы ахвяраваньняў на сканчэньне праекту і прыцягнуў больш за 120 тысяч укладальнікаў, большасьць зь якіх ахвяравалі менш за даляр. Статуя была пабудавана ў Францыі, адпраўленая за мяжу ў скрынях і сабраная на п’едэстале на тагачасным востраве Бэдла (цяпер востраў Свабоды). Адкрыцьцё статуі было адзначана першым нью-ёрскім парадам з канфэці і ўрачыстай цырымоніяй пад старшынствам прэзыдэнта ЗША Гровэра Кліўлэнда.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б History of Statue of Liberty (анг.)
- ^ Statue of Liberty National Monument (анг.)
- ^ Presidential $1 Coin — Lady Liberty Reverse Statue of Liberty, 1886 (анг.)
- ^ Abolition (анг.) Statue of Liberty National Monument. National Park Service (26 лютага 2015). Праверана 18 лістапада 2019 г. Архіўная копія ад 8 лістапада 2019 г.
- ^ The French Connection National Park Service Праверана 10 чэрвеня 2023 г.